У Гомелі праходзяць суды над затрыманымі падчас акцыі салідарнасці з альтэрнатыўнымі кандыдатамі (аднаўляецца)

| Навіны

У Гомелі судзяць затрыманых падчас акцыі салідарнасці з альтэрнатыўным кандыдатамі, што прайшла 14 ліпеня на вуліцы Савецкай у Гомелі. Ля будынку суда Цэнтральнага раёну сваякі і журналісты сабраліся яшчэ а 10 раніцы. Але больш за 7 гадзін не маглі атрымаць інфармацыю пра затрыманых. 


Працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту, якая адбылася вечарам 14 ліпеня ў цэнтры Гомеля, менш за ўсё нагадвалі незалежныя судовыя разбіральніцтвы. Канваіры і суддзі арганізавалі судовыя пасяджэнні такім чынам, каб затрыманыя (пераважна студэнцкая моладзь) не ўбачылі, што іх прыйшлі падтрымаць блізкія і сябры. 

Судзілі грамадзянаў адначасова ў некалькіх судовых залях Чыгуначнага, Цэнтральнага і Савецкага раёнаў. На дадзены момант вядома, што ўдзельнікам акцыі прысудзілі арышты ад 5 да 10 сутак.

Сябар Аляксея Мятліцкага (5 сутак):

Спачатку мы збіраліся каля цырку, а калі з’явіліся “бандыты ў балаклавах”, большасць людзей перайшла на іншы бок Савецкай і рушыла ў напрамку плошчы Леніна. Мы ішлі таксама ў натоўпе, калі ззаду нас пачалі даганяць “бандыты”. На скрыжаванні Савецкай і Жаркоўскага выйшаў шэраг міліцыянтаў, якія пачалі затрымліваць людзей. Нам пашанцавала, а Аляксея прынялі.

Бацька актывіста Валерыя Сляпухіна (10 сутак):

Брат Валеры званіў у ізалятар часовага ўтрымання. Яму там сказалі, што, аказваецца, сына ўжо асудзілі на суткі! Мне ў канцылярыі ніякай інфармацыі не далі, сказалі, што не было яшчэ суда. У мяне няма цэнзурных словаў, каб даць ацэнку сітуацыі ў Беларусі. Трэба ўсю сістэму мяняць. Мой сын – вельмі ўраўнаважаны, спакойны і сяброўскі. У яго многа прыяцеляў.

З Валерыем Сляпухіным сапраўды атрымалася цікавая гісторыя. Як распавядаюць сябры затрыманага актывіста, ён фактычна не ўдзельнічаў у акцыі, у далоні не пляскаў і лозунгаў не выкрыкваў. Падчас мірнага сходу грамадзянаў у нейкі момант ён вырашыў перайсці дарогу на “зялёнае святло”, як раптам каля яго спыніўся белы мікрааўтобус, з якога выбеглі амапаўцы. Адзін з іх, старэйшы па званні, рукой указаў на Сляпухіна, пасля чаго міліцыянты яго схапілі. Судзілі Валерыя цішком, без сведак. Ён быў пакараны 10 суткамі арышту.

Сведка затрымання Сляпухіна:

– Мы былі шакаваныя. Пачалі крычаць: “Што вы робіце!”. Мне стала страшна, бо яны нічога не тлумачылі, а выхоплівалі людзей. Я не ведаю, як гэта назваць.

Мама 18-гадовага Данілы Максіменкі (10 сутак):

Нам нават не было вядома, на якой падставе яго затрымалі і ў чым яго вінавацяць. Будзем звяртацца да адваката. Я лічу, што за прагулку па цэнтру горада нельга караць. Нам гавораць, што мы жывем у свабоднай краіне, але выходзіць на справе, што мы не можам проста выйсці на вуліцу, не баючыся, што не пасадзяць у машыну і адвязуць у невядомым напрамку.

У судзе Цэнтральнага раёна ад самой раніцы дзяжурылі сваякі маладзёнаў, а таксама неабыякавыя людзі, якія вырашылі падтрымаць затрыманых гомельцаў. Для некаторых з іх, якія ўпершыню сутыкнуліся з метадамі працы праваахоўнікаў і судовай сістэмы, абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі стала сапраўдным шокам.

Мы заклікаем усіх журналістаў і людзей распавядаць пра тое беззаконне, у якім апынулася нашая краіна. Гэта вельмі страшна!


Жанчыны прыйшлі падтрымаць у судзе моладзь. Вынікі прымусілі іх заплакаць.


Флагшток