Віктар Бабарыка ў Гомелі: «Беларусь — гэта не толькі Мінск»

| Выбары 2020

Сустрэча з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам у Гомелі прайшла на трэцім паверсе паркінга гандлёвага цэнтра «Сакрэт».

Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі паклапацілася пра бяспеку наведнікаў мерапрыемства: пры ўваходзе ўсім раздавалі маскі і можна было апрацаваць сабе рукі антысептыкам. Тут жа можна было і пакінуць свае подпісы ў падтрымку патэнцыйнага кандыдата.


Аляксандр, сябар ініцыятыўнай групы:


Мне зараз 38 і за ўсе апошнія 20 год я на выбары так і не хадзіў, бо рэальнага сэнсу ў гэтым не было. Але ў гэтым годзе я ўбачыў кандыдата, якога я хацеў бы бачыць на чале дзяржавы. Гэта моцны кіраўнік і вельмі пісьменны фінансіст, а гэта ў сучасным свеце вельмі важна.

А яшчэ ў Бабарыкі ёсць адна вельмі важная якасць, пра якую мне вядома ад жонкі, якая працуе ў Белгазпрамбанку. За ўвесь час яго працы ў гэтым банку яго сапраўды шчыра любяць усе супрацоўнікі, незалежна ад іх ранга ці пасады, а гэтага дамагчыся не так проста і тое пра штосьці сведчыць.

Нягледзячы на тое, што абвестка пра меркаваную сустрэчу з’явілася за суткі да падзеі яна сабрала каля 120 ўдзельнікаў. Людзі актыўна пакідалі подпісы і слухалі кандыдата. Правядзенне сустрэчы на тэрыторыі паркінга надавала атмасферу таемных сустрэч у катакомбах з вельмі важным чалавекам, які ведае выйсце з усіх складаных сітуацый і надавала надзеі прысутным.




Гамяльчанка:

— Я прыйшла сюды свядома, бо мне балюча глядзець на тое, што адбываецца побач са мной. Працуючы галоўным эканамістам, я бачу, як руйнуюцца гаспадаркі і прадпрыемствы ад глупейшых дзеянняў людзей, якім ужо па семдзесят год, якія не валодаюць сучаснымі падыходамі і метадамі, але дзякуючы выбудаванай Лукашэнкам сістэме яны не выходзяць на пенсію і трымаюцца ва ўладзе. І я цяпер хацела б змяніць усю гэтую сістэму і, вобразна кажучы, «наняць новых мэнеджэраў». Бо ўжо вельмі кепска стала і невыносна, а ў гэтым годзе я, нарэшце, убачыла праменьчык надзеі і гатовая дзеля гэтага нешта зрабіць.



Мерапрыемства істотна вылучалася добрай мадэрацыяй, наяўнасцю гукавога і светлавога абсталявання ды распрацаванай структурай правядзення сустрэчы. Дзякуючы вядоўцу, ўдавалася прытрымлівацца паслядоўнага асвятлення большасці пытанняў.



Невялікае непаразуменне ўзнікла праз неадназначны анонс фармата падзеі – яе анансавалі як адначасовую сустрэчу з сябрамі ініцыятыўнай групы і ўсімі ахвотнымі. У выніку гомельцам даводзілася чакаць магчымасці задаць пытанне пасля журналістаў і сябраў ініцыятыўнай групы, што не ва ўсіх знаходзіла паразуменне. 



«Флагшток» занатаваў некаторыя найбольш яскравыя выказванні з сустрэчы з Віктарам Бабарыкам:

  • Я ведаю, што ў Гомелі чамусьці вельмі востра стаіць пытанне карупцыі і кумаўства. Мне здаецца, пад прыватызацыяй у нас часта разумеюць продаж за грошы дзеля атрымання грошай. Пад прыватызацыяй варта разумець, у першую чаргу, атрыманне эфектыўнага ўласніка. Таму прадпрыемствы часам можна, хай сабе нават і за капейчыну, прадаваць, калі ёсць перспектыва новага і кампетэнтнага кіраўніцтва.
  • У Гомелі вы амаль гатовыя да мясцовага самакіравання. Ва ўсялякім разе вы больш гатовыя да таго, каб узяць на сябе адказнасць і ўладу. У вас ёсць і відныя асобы: Андрэй Стрыжак – адзін з ініцыятараў і найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі па дапамозе медыкам у сувязі з каронавірусам, а Сяргей Ціханоўскі таксама тутэйшы. Таму гэта пэўны знак, калі гомельская зямля дае людзей грамадска і палітычна актыўных.
  • Мы можам разыходзіцца з Ціханоўскім у пэўным разуменні мэтаў, але я ведаю, што тыя метады, што ўжываюцца зараз у дачыненні да яго, ні разу не законныя і носяць дакладна правакатыўны характар.
  • Я цудоўна разумею, што такое нізкі старт і правільна выбудаваная праграма развіцця. Гэта не аповед пра тое, што мы калі-небудзь кудысьці прыйдзем. Гэта – штогадовая гісторыя справаздач і разуменне таго, ці па правільнай сцежцы мы йдзем. Нам, беларусам, 26 год усё абяцаюць і абяцаюць нешта, а мы гэтага ніяк не можам атрымаць.
  • Наш аналіз паказаў, што ўся эканоміка Беларусі – гэта 50 на 50. Палову фармуюць сталічны рэгіён і вобласць, а другую – іншыя вобласці.
  • У Беларусі няправільная цэнтралізацыя як эканомікі, так і ў першую чаргу кіравання. Спачатку ўсё цягнуць у цэнтр, а потым ужо там нехта пачынае размяркоўваць усё па прынцыпе «нам наверсе лепш бачна». Гэта трэба мяняць. Я перакананы, што ніхто іншы за людзей на месцы не ведае, як і што трэба рабіць. У нас нават у банку ўсе кіраўнікі рэгіёнаў былі мясцовымі выхадцамі.
  • Сыходзячы з гэтага, мы глядзелі на Гомельскі рэгіён і, мне здаецца, што чаго дакладна не хапае – правільна выбудаванай палітыкі працы з найбуйнейшымі флагманамі эканомікі. Ёсць два выдатных прадпрыемствы – БМЗ і «Гомсельмаш». Мы ў банку бачылі як БМЗ йшоў уніз. І нават не таму, што там кепскае кіраўніцтва а таму, што іх прымушалі рабіць тое, што яны не хочуць рабіць. Таму аўтаномнасць тут – найважнейшы прынцып. Трэба браць таленавітых і разумных людзей і даваць ім прастору для дзейнасці.
  • Прынцып «трэба, каб людзі працавалі» ў карані няправільны. Важна, каб людзі працавалі эфектыўна.
  • Прасоўваць трэба не на словах, а на справе праз стымулы і наяўнасць магчымасцяў.
  • Спачатку трэба рабіць рэфармаванне, а потым – прыватызацыю.
  • Калі ё законы, у якіх напісана, што нейкі чыноўнік дае табе дазвол ды яшчэ за гэта і не адказвае, то адразу з’яўляецца і карупцыя, бо ў яго з’яўляецца ўлада, якую ён можа прадаць.
  • Калі ў нас КДБ спачатку саджае людзей, а потым за грошы вызваляе, то гэта нагадвае сярэднявечную практыку продажу індульгенцый.
  • Калі мы кажам, што людзі – самае цэннае, што ў нас ёсць, то чаму мы ў іх не ўкладваемся? Вартасць людзей ствараюць тыя ж настаўнікі, якія гадуюць у іх грамадзян. У свой час у педінстытуты было няпроста паступіць, а цяпер і з 15-цю баламі гэта можна зрабіць.
  • Ёсць просты прынцып, які выкарыстоўваюць шматлікія краіны. Бярэцца любая краіна, яе сярэдні заробак і глядзіце, дзе знаходзіцца на гэтай планцы настаўнік. У нармалёвых краінах ён знаходзіцца вышэй за сярэдняе значэнне. Давайце і мы так зробім. Чаму міліцыянт можа столькі атрымліваць, а настаўнік – не?
  • Нармалёвая медыцына мае ўключаць у сябе, па-першае, добрую базавую сацыяльную медыцыну. Усё ж мы маем тут пэўныя напрацоўкі і магчымасць мець базавыя ўмовы медыцынскага абслугоўвання варта забяспечыць. А па-другое – страхавую медыцыну. Я бачыў, як гэта развівалася і на прыкладзе нашага банка, бо людзі атрымлівалі магчымасць рэгулярна і якасна абслугоўвацца, атрымліваць гарантаваныя кансультацыі лепшых лекараў, медыкаменты. Мае быць выбар.
  • Мы ж заўжды ў Беларусі былі ў ролі лідэраў. А зараз мы разгубілі ўсё гэта. Таму нам і крыўдна.
  • Ніхто не жадае нам зла, але праз 26 год у нас так і няма ніводнага нармалёвага сябра сярод іншых краін.
  • Тое, чым мы зараз ганарымся ў эканоміцы першую чаргу адносіцца да прыватных прадпрыемстваў.
  • Нас набываюць таму, што мы – танныя, а не якасныя. І гэта трэба мяняць.
  • У мяне няма разумення, чаму мы ў перыяд эпідэміі каронавірусу так не цэнім чалавечыя жыцці. Гэтыя фразы – «народзец». Мы не «народзец», мы – народ! Я – не «народзец», я – прадстаўнік слаўнай кагорты беларусаў. Я лічу, што тыя кампетэнцыі, якія ў мяне ёсць, дазволяць паспрабаваць змяніць эканоміку ў першую чаргу. І, канешне ж, правесці базавыя змены – змяняльнасць вярхоўнай улады кожныя 5 год і не больш за 2 разы, падзел улады, разумных людзей і запыт на ініцыятыву, а не выканальнасць. І галоўнае – не замінаць нікому працаваць.
  • У плане забруджаных радыяцыяй земляў я лічу, што варта запрасіць экспертаў, каб яны ацанілі прыдатнасць тэрыторый для вядзення сельскай гаспадаркі. Бо мы часта страхі ствараем сабе самі, але развеяць іх можна толькі дзякуючы праўдзе. Сыходзячы з гэтага, выбудуем сістэму засваення гэтых земляў.
  • Мы зараз працуем над стварэннем грамадскага руха «Голас», хоць гэтая назва пакуль яшчэ абмяркоўваецца. Ёсць вялікая колькасць бізнэсоўцаў і адмыслоўцаў, якія гатовыя дапамагчы з абаронай як сябраў ініцыятыўных груп, так і простых грамадзян. Мы гатовыя дапамагаць кансультацыямі аб тым, як сябе паводзіць і што рабіць і з дапамогай гэтага фонда мы плануем таксама і выдаваць у асобных выпадках пэўную кампенсацыю пацярпелым у памеры заробка на 3 месяцы, каб яны маглі сябе неяк забяспечыць. З прапановай далучыцца да ініцыятывы мы звярнуліся і да іншых кандыдатаў у кандыдаты.

Яўген Меркіс

Флагшток

Гомельские музыканты присоединились к культпротесту

Белорусские работники сферы культуры отказываются от участия в государственных мероприятиях. Минские актеры, режиссеры, музыканты записали видеобращение, в котором высказали свое отношение к событиям, которые сейчас происходят в Беларуси.