«Два тыдні нас трымалі ў падвале ў Беларусі». Сяржант ЗСУ распавёў пра палон, расійскіх салдат і стаўленне да беларусаў

| Особы

19-гадовы сяржант ЗСУ распавёў пра тое, што расійскія вайскоўцы трымалі яго і яшчэ больш за 60 чалавек у палоне на тэрыторыі Беларусі. Пасля вызвалення хлопцу ампутавалі ногі і пальцы на руках. Даніла Мельнік гаворыць, што адну кісць рукі яму адарвала пры выбуху, на другой застаўся толькі адзін цэлы палец, а праз абмаражэнні яму ампутавалі абедзве ступні. Украінскага сяржанта знайшлі расійскія вайскоўцы і некалькі тыдняў утрымлівалі ў палоне на тэрыторыі Беларусі, піша «Наша Ніва».


Даніла Мельнік. Фота: сацсеткі

Даніла Мельнік родам з-пад Кіева, і вучыўся ў вайсковым каледжы ў Львове. 26 лютага 2022 года чакаўся выпуск, але пачалася вайна. Ужо 27-га лютага хлопцу давялося ўдзельнічаць у баявых дзеяннях:

«Хацелася абараняць краіну — гэта ж яны прыйшлі на нашу зямлю, а не мы на іх напалі. У наш дом прыйшоў вораг. Згадваў гісторыю, казакоў, што ўкраінскай дзяржавы яшчэ не было, а тут людзі заўсёды баранілі сваю зямлю. Ды і я ведаў, які я чалавек, ведаў, якія хлопцы побач са мною. Таму страху не было ніякага».

Даніла абараняў тэрыторыі пад Кіевам — каля прыгарадаў Ірпень, Буча. Там трапіў у засаду і атрымаў раненне:

«Я вылез, на адрэналіне запоўз у каморку ў нейкім двары. Там правёў некалькі дзён, пасля мяне знайшлі рускія салдаты. Калі б не знайшлі — напэўна б, там і памёр. Бо мне параніла і правую руку, яна перастала нармальна функцыянаваць. Я не мог нават сябе перавязаць. Так я праляжаў дні два, перыядычна губляў прытомнасць. Падчас гэтага атрымаў і абмаражэнні».


Даніла Мельнік. Фота: сацсеткі

Калі яго знайшлі расійскія салдаты, адцягнулі ў двор, пагражалі зброяй, стралялі побач:

«Расказвалі, якія мы нацысты, забіваем дзяцей — уся гэтая руская балалайка. Нейкі час дапытвалі: дзе артылерыя, дзе што. Бессэнсоўныя пытанні, бо я асабліва і не ведаў нічога такога. Палохалі забойствам, расправай. Пасля іншыя салдаты, маладзейшыя пацаны, аказалі мне медыцынскую дапамогу, падкармілі, трохі расчухалі мяне — бо я ж два дні нічога не еў, не піў».


«Не бачыў ніводнага беларуса, былі толькі людзі у расійскай вайсковай форме»

Пасля Данілу загрузілі ў грузавік і павезлі, яшчэ на тэрыторыі Украіны далучылі да параненых расійскіх салдат, а затым верталетам даставілі ў Беларусь:

«Спачатку быў мабільны шпіталь: гэта такі як вялікі намёт, жоўты надзіманы будынак у полі. Дзе ён канкрэтна знаходзіўся — я не ведаю [у Гомельскай вобласці — Рэд.]. Там убачылі, што я ўкраінец: форма была ў крыві, яе даўно знялі, але я заставаўся ў тэрмабялізне. На ёй заўважылі ўкраінскі герб і пачалі паміж сабою раіцца. Я чуў урыўкі, нешта казалі пра Жэнеўскую канвенцыю, што не трэба мучыць. Зрабілі наркоз мне, трохі падшылі рану каля ягадзіцы, перавязалі і апрацавалі раны на руцэ. І пакуль я яшчэ «плаваў» ад анестэзіі, мяне адвезлі ў нейкі падвал. Дзе ён быў, сказаць не магу, але склалася ўражанне, што гэта была нейкая вайсковая частка».

Пра тое, што Даніла знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, ён даведаўся ад расійскіх вайскоўцаў. Хлопец кажа, што за ўвесь час у падвале не бачыў ніводнага беларуса, былі толькі людзі у расійскай вайсковай форме.

У падвале быў маленькі пакойчык з раскладушкамі: без бялізны ці матрацаў, проста спружыны. Паступова туды давозілі палонных, і калі іх стала шмат, перавялі ў вялікі пакой. Там замест ложкаў стаялі вялікія доўгія драўляныя сталы.



«Вельмі шмат было цывільных. Некаторых забіралі проста з хат пад Кіевам»


Сяржант працягвае: палонных кармілі, але не вайсковымі пайкамі — давалі кашу і «суп як вада: адна бульбіна плавае і капустачка». Замест прыбіральні — адно вядро на ўсіх. Яго перыядычна выносіў нехта з палонных пад наглядам расійскага вайскоўца.


«Паціху людзей у падвале станавілася больш, месцаў на «сталах» на ўсіх не хапала. Былі не толькі вайскоўцы, вельмі шмат было цывільных. Некаторых забіралі проста з хат пад Кіевам, прывозілі адтуль у той падвал. Параненых разам са мною было толькі трое. Усе мужчыны — была адна жанчына, але яе ўтрымлівалі асобна. Раз на некалькі дзён прыходзілі медыкі, правяралі параненых. Перавязвалі мне рукі. Пра тое, што ў мяне абмаражэнні я тады нават не думаў, бо ніколі з такім не сутыкаўся раней.

З падвала нікуды не выпускалі. Усіх перыядычна забіралі на допыты. Пыталіся лухту нейкую: дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, якая сям’я, ці служыў, ці быў у АТА. Некаторых палонных здымалі на фота ці відэа. Некаторых білі, пагражалі. Паведаміць сям’і, што жывы, магчымасці не было ніякай. Але некаторых палонных здымалі для расійскіх навінаў, тым давалі звязацца з сям’ёй.  Большасць рускіх салдатаў, якіх я бачыў, былі славянскай знешнасці, але былі і бураты.

У палоне я сустрэў двух украінцаў, якія траплялі да чачэнцаў. Адзін расказваў: «Мне чачэнцы сказалі, каб я не перажываў, маўляў, мы робім сваю працу, ты сваю. Абыходзіліся цалкам нармальна». А другі згадваў, што чачэнцы не сталі яго звязваць, замест гэтага проста прастралілі абедзве нагі — каб не збег.


Даніла Мельнік. Фота: Фота: Philippe de Poulpiquet для Le Parisien

Да нас у падвал таксама заходзіў нейкі кадыравец, дапытваў некаторых. Панты калаціў: уключыў камеру на тэлефоне, нешта жаваў і паказваў суразмоўцы, маўляў, які ён ваяка.

Нам казаў: зараз мае кадыраўцы прыедуць, тут вам будзе! Пасля ён яшчэ раз зайшоў у падвал і пачаў крычаць: чаго яны сядзяць з адкрытымі вачыма?! Пасля гэтага нам завязалі вочы, каму анучамі, каму нават туалетнай паперай і скотчам. Навошта, я не зразумеў — усё роўна ж у падвале сядзім.  Але калі той кадыравец сышоў, нам дазволілі зняць павязкі.


«Аднойчы заляцеў нейкі расійскі вайсковец, паўгадзіны крычаў пра тое, якія мы нацысты»


Некаторыя расійскія вайскоўцы былі нармальныя, некаторыя — замбаваныя, якія расказвалі нам: вы нацысты, Данбас 8 гадоў бамбілі! За любыя татуіроўкі абвяшчалі чалавека нацыстам. Дрэва накалоў сабе? Нацыст!

Аднойчы заляцеў нейкі расійскі вайсковец, паўгадзіны крычаў пра тое, якія мы нацысты. Крычаў: вы жанчын гвалцілі, дзяцей забівалі!

Пакрычаў, пасля сказаў: «Б***, з кем я разговаріваю!?» І сышоў. А я ж не меў ніякага доступу да інфармацыі, да навінаў: спачатку баявыя дзеянні, пасля палон. Пра тое, што Расія нас, аказваецца, «вызваляе ад нацызму», я проста не паспеў пачуць. А тут пастаянна: «Нацызм! Нацызм!» Я быў у шоку: які нацызм? У чым прыкол? У чым праблема?»

У гэтым падвале Даніла правёў два тыдні. Калі набралося 65 чалавек, палонных пачалі вывозіць у Расію.

«Казалі, што з гэтага падвала палонных людзей партыямі везлі ў нейкае СІЗА на тэрыторыі Расіі. У які горад канкрэтна, не ведаю. Казалі, што палонных адвозяць альбо ў СІЗА, альбо нібыта ў нейкія намётавыя лагеры, таксама на тэрыторыі Расіі. Але мне пашанцавала, бо медыкі сказалі: гэты паранены, ён там памрэ праз пару дзён. І мяне павезлі не ў СІЗА, а ў Рыльск (горад у Курскай вобласці РФ недалёка ад мяжы з Украінай. — «НН»).

Хлопцы з вайсковай паліцыі былі нармальныя, яны нават маскі паздымалі па дарозе. Частавалі цыгарэтамі. Пасля паведамілі нам: усё, заехалі ў Расію!»


У Рыльску Данілу паклалі ў звычайную бальніцу. Кажа, дактары ставіліся да яго па-людску. У бальніцы медыкі заняліся яго абмаражэннямі: ампутавалі абмарожаныя пальцы на правай руцэ хлопца (незваротныя змены ў тканках праз абмаражэнне пачынаюцца праз некалькі гадзін, а Даніла правёў на холадзе ў паўпрытомным стане два дні). Заўважылі абмарожаныя пальцы на нагах — іх таксама давялося ампутаваць. Ступні пакуль не чапалі».



«Я тлумачыў: які нацызм? Мне 19 гадоў, я рабіў, што хацеў, мяне ніхто не ўшчамляў, ні да чаго не прымушаў!»


З Рыльска хлопца перавялі ў вайсковы шпіталь у Курску.

«Там быў адэкватны доктар: ужо хадзілі чуткі, што палонных украінцаў будуць мяняць. А было ўжо зразумела,  што мне прыйдзецца ампутаваць і ступні. І доктар не стаў, сказаў, каб я нармальна даехаў, ён аперацыю не будзе рабіць, — расказвае Мельнік. — Ляжаў я ў палаце з іншымі ўкраінскімі.


Даніла Мельнік. Фота: сацсеткі

параненымі. У калідоры каля палаты дзяжурылі рускія з ваеннай паліцыі. Яны нам расказвалі: «Мы тут вас не ахоўваем, бо куды можаце пайсці? Мы тут вас абараняем, каб вас мясцовыя не забілі!»Мы з імі часам размаўлялі. Я тлумачыў: які нацызм? Мне 19 гадоў, я рабіў, што хацеў, мяне ніхто не ўшчамляў, ні да чаго не прымушаў! Адкуль нацызм?

Таксама тыя, з ваеннай паліцыі, расказвалі нам «навіны»: што нібыта з Кіевам ужо рускія дамовіліся і цяпер засталіся ад Украіны толькі заходняя частка і сам Кіеў, бо ў ім «нацысты адстрэльваюцца і дзецьмі прыкрываюцца». А ў астатніх гарадах ужо нібыта расійскі рубель круціцца і рускія туды прадукты возяць. Я пазней, пасля вызвалення, бачыў на свае вочы разбітыя рускія калоны пад Кіевам. Вось так і дамовіліся! А тыя рускія хлопцы з ваеннай паліцыі і самі верылі ў свае словы, бо наглядзеліся тэлебачання.

Бальнічныя санітаркі старэйшага ўзросту нам таксама казалі: «Вось быў СССР, усім было добра, усе сябравалі! А тут Украіна рэзка пачала шчаміць рускамоўных! Таксама ў Курску мяне прыходзілі дапытваць з ФСБ. Адкуль, што, як, нейкія пратаколы складалі…»

У сярэдзіне красавіка пайшлі чуткі, што магчымы абмен палоннымі.

«Я нічога не чакаў, бо ведаў, што пасля 2014 года некаторыя хлопцы і па два гады праводзілі ў палоне. Рыхтаваўся да горшага, — згадвае хлопец. — І плюс палонныя ўкраінцы расказвалі, што рускія іх ужо вазілі нібыта на абмен. А пасля казалі палонным: вось, бачыце, вашы не прыехалі, хрэн паклалі на вас! Я ў гэта не верыў, так і казаў хлопцам: гэта рускія вас так зламаць хочуць, бензіну ў іх шмат, могуць і пакатаць туды-сюды. І пасля я цікавіўся ў нашых вайскоўцаў, а ці былі абмены, якія пасля адмяняліся. Мяне нашы запэўнілі — не было».

Але як не звар’яцець, калі ты ў 19 гадоў сядзіш у палоне, паранены, са скалечанымі рукамі і рыхтуешся да ампутацый яшчэ і на нагах?

«Для мяне галоўнае было, што выжыў. І ўжо добра. Не памёр падчас бою, не памёр пакуль у каморцы той ляжаў, а астатняе — дробязь. Хацеў вярнуцца дадому. Часам маліўся, каб ва ўсіх дома было ўсё добра. Стараўся зберагчы псіхіку», — адказвае Даніла.


Даніла Мельнік. Фота: сацсеткі


«У вас не тое, што ў Расіі, у Беларусі большасць нармальных, вельмі малы працэнт замбакоў»

21 красавіка Мельніка ўсё ж абмянялі. «З Курска мяне перавезлі ў Севастопаль, адтуль машынай ва Украіну. Там памянялі. Але з курскага шпіталя мянялі не ўсіх, некаторыя палонныя засталіся. Не ведаю, як і па якой сістэме адбіралі людзей, — кажа Даніла. — Ну і ад сваіх першым чынам я пазваніў маме: яна ж увогуле не ведала, дзе я, толькі спадзявалася, што жывы. Пасля душ, чыстая вопратка… Глянуў навіны — усё добра, зусім не так, як рускія расказвалі».

Пасля хлопца паклалі ў кіеўскую бальніцу. Там усё ж ампутавалі ступні. Цяпер ён раздумвае над будучым, збіраецца атрымаць вышэйшую адукацыю — хоча стаць ваенным псіхолагам.

«Я ні пра што не шкадую. Каб мяне не адправілі на фронт, я б сам туды паехаў, — кажа Даніла. — Так, інваліднасць, так, застаўся толькі адзін цэлы палец на правай руцэ, і тры пальцы па палове… Але з тэлефонам неяк ужо спраўляюся, а на левую руку хутка будзе пратэз. Маю пратэзы на ногі, троху магу хадзіць. Нічога страшнага няма. Галоўнае, што жывы, што маральна я ў парадку».

Пасля двух тыдняў у палоне на тэрыторыі Беларусі — што ён адчувае да беларусаў?

«Я ведаю, што ёсць беларусы, якія за свабоду сваёй краіны. Яны разбіваюць чыгуначныя шляхі, там ёсць адэкватныя людзі. У вас не тое, што ў Расіі, у Беларусі большасць нармальных, вельмі малы працэнт замбакоў. Ёсць шанцы стаць нармальнай краінай, — адказвае Даніла. — Канечне, прынізліва, што там самаабвешчаны прэзідэнт, ды яшчэ і дыктатар. Гэта трохі хранова, прыйдзецца вам пазмагацца таксама. Але, мяркую, Беларусь мае ўсе шанцы на росквіт».