Украінскім бежанцам прапанавалі ў Беларусі не злоўжываць гасціннасцю і працаваць

| Новости

Беларускія ўлады прынялі ўкраінскіх бежанцаў, але зараз настойліва прапаноўваюць ім папрацаваць. Пра гэта прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка расказаў ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», заўважыла выданне Еўрарадыё.




Чыноўнік распавёў, што ў першы месяц вайны з Украіны было шмат бежанцаў. У Беларусі прымалі нават тых, у каго не было ніякіх дакументаў. Сярод бежанцаў, па словах Галоўчанкі, былі людзі з дрэнным станам здароўя, якім патрабавалася дарагое лячэнне і медыцынская дапамога, і ім нібыта гэтую дапамогу аказвалі, не патрабуючы ніякай кампенсацыі.


Галоўчанка запэўнівае, што ўсіх размясцілі ў добрых умовах — у санаторыях, на базах адпачынку, кармілі 3-4 разы на дзень.

«Гэта ўсё вымяраецца ў грошах, гэта ж усё дзяржаўныя выдаткі. І мы выпрацавалі пазіцыю, што трэба нашым украінскім сябрам прапанаваць працу. Таму што чалавек без працы як можа жыць?» — тлумачыць кіраўнік урада.

Беларускія чыноўнікі прапанавалі бежанцам працу ў тых рэгіёнах, куды яны прыбылі — пераважна на Гомельшчыне і Брэстчыне. Тым, хто збіраўся праз нейкі час вяртацца на радзіму, прапанавалі часовую працу.

«Хтосьці хацеў проста перачакаць, пакуль усё ўляжацца, потым вярнуцца на радзіму. Мы кажам: калі ласка, але на гэты час трэба працаваць. Калі няма кваліфікацыі асаблівай, ёсць праца, якая не патрабуе вялікай кваліфікацыі, гэта ў нас у сельскай гаспадарцы — можна навучыцца за кароткі час, галоўнае каб было жаданне. Ну, і так акуратна гаворым пра тое, што, ну, злоўжываць гасціннасцю таксама не варта, мы вас прынялі, але трэба ўжо і карміць сябе, калі вы людзі здаровыя, умоўна кажучы. І гэта падзейнічала. Нікога не прымушалі, але самі людзі разумеюць, нельга ж сядзець», — расказаў Галоўчанка.

Па яго словах, за апошні месяц на працу ўладкаваліся каля 700 чалавек.

Нагадаем, раней Флагшток пісаў, што знаходжанне ўкраінскіх уцекачоў у беларускіх санаторыях аплочвала абласная арганізацыя «Чырвоны Крыж», якая існуе за кошт ахвяраванняў. Пры гэтым ёсць сведчанні ўкраінцаў, што ў санаторыі ў Чонках уцекачоў стараліся дэзынфармаваць па пытаннях вяртання ва Украіну ці выезду ў Польшчу, у тым ліку і працаўнікі «Чырвонага Крыжа». А ўлады спрабавалі выкарыстоўваць уцекачоў у прапагандысцкіх мэтах.