Чаму чыноўнікі адмовіліся ад флагштока (хроніка падзей)

| Будаўніцтва флагштока

60-метровы флагшток, які ўлады хацелі пабудаваць на галоўнай плошчы Гомеля, стаў сімвалам горадабудаўнічага абсурду і марнатраўства. Каля яго будаўніцтва адбываліся дзёрзкія акцыі і надзвычайныя здарэнні. Нейкім містычным чынам каля ідэі праекту з’явілася столькі шмат праблем, што і для саміх чыноўнікаў флагшток стаў кашмарам.


Спроба нападу на карэспандэнтаў "Флагштока" падчас фатаграфавання будаўнічай пляцоўкі


“Флагшток” сабраў усе цікавыя падзеі, якія за апошнія паўгода адбыліся каля правальнага будаўнічага праекту.

Часовая перамога

Пра планы чыноўнікаў пабудаваць у Гомелі на плошчы Леніна флагшток першымі паведамілі аўтары суполкі Ўкантакце «Пошукі старога Гомеля». 25 красавіка 2019 года яны распавялі пра тэндар Упраўлення капітальнага будаўніцтва горада Гомеля на правядзенне праектна-даследчых работ на аб’екце добраўпарадкавання плошчы Леніна з усталёўкай флагштока. 


Аўтары “Пошукаў старога Гомеля” ўжо тады ўгадалі прыблізнае месца будаўніцтва і прапорцыі флагштока


Чыноўнікі не агучвалі падрабязнасці праекту. Прадстаўніца Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомеля Святлана Чарнышова на пытанні пра флагшток адказвала: 

Я не работаю с частными лицами! Я работаю только с подрядными организациями! Почему я должна вам что-то рассказывать? Позвоните в отдел строительства горисполкома!

Пасля шэрагу званкоў да чыноўнікаў сябры суполкі “Пошукі старога Гомеля” зрабілі пісьмовы запыт ва УКБ горада Гомеля і атрымалі адказ, што тэндар адмянілі. Падавалася б – гэта перамога! Але актывісты тады памыліліся. Наперадзе яшчэ будзе шмат чаго цікавага. 

Будаўнічая тэхніка на пляцоўцы

Напачатку 2020 года на пляцоўцы каля Белтэлекаму нечакана з’явілася будаўнічая тэхніка. А 21 лютага ў газеце «Гомельская Праўда» абвяшчалася, што праект добраўпарадкавання з флагштокам ужо створаны Інстытутам Гомельграмадзянпраект. У артыкуле дзяржаўнай газеты паведамлялася, што «Устройством свайного основания занимается Буровая компания “Дельта”».

Анонс будоўлі і візуалізацыя праекту добраўпарадкавання з флагштокам “Гомельграмадзянпраект” (ГП, 21.02.2020)

У той жа дзень актывіст і будаўнік Станіслаў Сляпухін вырашыў азнаёміцца з пашпартам аб’екту на анансаванай будаўнічай пляцоўцы. Але на агароджы будоўлі нічога не знайшоў. Прыйшлося выклікаць міліцыю, бо па ўсіх прыкметах будаўніцтва выглядала несанкцыянаваным.


За будаўнічай агароджай працавала буравая тэхніка


Станіслаў выклікаў міліцыю

Міліцыя прыняла заяву Станіслава. Хутка актывіст атрымаў тлумачэнні, што на пляцоўцы каля Белтэлекаму адбываецца не будаўніцтва флагштока, а рамонт трубаправода.


Атрымаць праўду ў самім УКБ актывісты таксама не змаглі.


Народнае абурэнне і новы тэндар

Ужо пасля таго, як на пляцоўцы каля Белтэлекаму з’явілася будаўнічая тэхніка, УКБ горада Гомеля абвесціла тэндар на добраўпарадкаванне і будаўніцтва флагштока. Максімальны кошт будаўнічых працаў — 1 459 797 беларускі рублёў (на той час 655 000 $). У гэтую суму ўваходзіў толькі першы пускавы комплекс.


Будоўля натхніла гараджанаў на стварэнне фотажаб (аўтар: Ya Sha)

Навіна пра «залаты» флагшток разышлася не толькі па гораду, але і па ўсёй краіне. Грамадскаму абурэнню не было мяжы. Увогуле неабыякавых гараджанаў, якія праявілі сваё стаўленне да флагштоку, аказалася вельмі шмат.

Кіраўнік ініцыятывы Smart Homel Яўген Меркіс запусціў петыцыю супраць будаўніцтва флагштока. Яна сабрала рэкордную для Гомеля колькасць подпісаў — больш за 4 500. Гісторык Марыя Булавінская знайшла заканадаўства, якое забараняе будаўніцтва флагштока на плошчы Леніна (ахоўныя зоны Палацава-паркавага ансамбля). Архітэктар Сяргей Ляпін накіраваў звароты ў дзяржкантроль, пракуратуру і Міністэрства культуры, пад якімі падпісаліся больш за трох дзясяткаў гараджанаў. Архітэктар Вадзім Кіслякоў тлумачыў, у чым абсурднасць праекту. Сябра МГА "Гісторыка" Аляксей Дужы кантактаваў з Міністэрствам культуры. І шмат іншых гомельцаў, якія актыўнічалі і выказваліся супраць флагштоку.


Каля будаўніцтва флагштока адбываліся пратэсты гараджанаў

На працягу сакавіка-красавіка каля флагштока адбывалася шмат розных падзей. Невядомы гараджанін не стрымаў абурэння і зрабіў надпіс на агароджы будаўнічай пляцоўкі.


Да сёння невядома, якое пакаранне панёс аўтар гэтага надпісу


Пра будаўніцтва “залатога” флагштока пачалі здымаць відэаролікі палітыкі і відэаблогеры. 


Павесяліў гомельцаў і вядомы мексіканец. 


Аднатыпныя адказы на звароты

У сакавіку актывістам пачалі прыходзіць аднолькавыя адказы на іх звароты ў дзяржорганы. Мінкульт зняў з сябе адказнасць за парушэнне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Чыноўнікі ад культуры паведамлялі, што будаваць на плошчы Леніна сапраўды забараняецца. Але з праблемнай сітуацыі міністэрства выйшла арыгінальна, заявіўшы, што "устройство" флагштока прадугледжана на "существующем сооружении стилобата доски почета Гомельской области без строительства нового сооружения". Але архітэктары і будаўнікі добра ведаюць, што ў дошкі гонару каля драмтэатру стылабату няма.



На самую масавую петыцыю з аблвыканкаму прыйшоў адказ, што будаўніцтва флагштока «общественному обсуждению не подлежит». Наконт гэтага нават пажартавалі на дзяржаўным тэлебачанні.


Фрагмент шоў "Макаёнка 9"


Чарговы тэндар не адбыўся 

Здавалася б, перапіска з дзяржаўнымі органамі ніякага плёну не дала. Але 23 сакавіка стала вядома, што тэндар на выбар падраднай арганізацыі на добраўпарадкаванне і будаўніцтва флагштока не адбыўся, бо на конкурс падала заяўку толькі адна будаўнічая арганізацыя «Гомельрамбуд»


Тым часам на будаўнічай пляцоўцы каля Белтэлекаму ўжо можна было заўважыць элементы аснавання будучага флагштока

Цікава, што ў сярэдзіне сакавіка адбыўся непрыемны інцыдэнт: на Вікторыю Тарасенку ўпала частка агароджы з будаўнічай пляцоўкі. Зараз гамяльчанка дамагаецца кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў судзе менавіта ад «Гомельрамбуд». 


Перамога грамадскасці! 

 
Відэаблогер Андрэй Павук прысвяціў будоўлі флагштока песню 

У сакавіку архітэктар Сяргей Ляпін атрымаў адказ з аблвыканкаму, што абласная дзяржэкспертыза адправіла праект на дапрацоўку з неабходнасцю «уточнить соответствие инвестиционного замысла действующим нормативно-правовым актам». А 21 мая гомельцы заўважылі, што сваі фундамента будучага флагштока зніклі. “Камсамолка” паведаміла, што па афіцыйных звестках на месцы флагштока з’явіцца звычайная клумба. 

Чаму чыноўнікі перадумалі? Сяргей Ляпін мяркуе: 

Відаць па ўсім, абласная дзяржэкспертыза забіла апошні цвік у крышку гэтага праекту. У адрозненні ад Мінкульта, гомельскія эксперты праявілі сваю годнасць і прынцыповасць. Але ў мяне склалася ўражанне, што пачынаючы буравыя працы ў лютым, улады не разлічвалі на такую грамадскую ўвагу. Будоўля збавіла абароты і ініцыятары пайшлі па марудным шляху афармлення згодна з законам: тэндар абвесціць, скасаваць, правесці праект праз экспертызу. Далей сілаў прадавіць экспертызу ў уладаў ужо і не хапіла.

Нягледзячы на перамогу, гомельцы ўсё роўна застаюцца пільнымі па пытанню будаўніцтва флагштока. Усё яшчэ засталіся пытанні: хто ініцыяваў праект, колькі сродкаў было змарнавана і куды пойдуць грошы, якія не паспелі засвоіць. Таксама "Флагшток" працягвае сачыць за сітуацыяй — раптам будаўнічая тэхніка вернецца на скандальную будоўлю.

МГ, Флагшток


Грамадскасць перамагла, флагштока не будзе

Як паведамляе суполка Укантакце «Пошукі старога Гомеля», на будаўнічай пляцоўцы флагштока раптоўна знік свайны фундамент, які быў узведзены сёлета яшчэ ў лютым-сакавіку. А яшчэ дзень таму ўвечары на пляцоўцы працавала буравая тэхніка.