Краязнаўчая сенсацыя ў Гомелі. Гісторыкі выявілі месца невядомых вайсковых могілак ХІХ стагоддзя

| Гісторыя

26 жніўня 2020 года ў канцы вуліцы Шпітальнай ў Гомелі, у правулку каля дома № 60, былі выяўленыя косткі, якія, відавочна, належалі чалавеку. Сярод знойдзеных парэшткаў добра ідэнтыфікаваліся ніжняя сківіца, часткі чэрапа, фрагмент сцягновай косткі. Мяркуючы па зубах, пры жыцці гэта быў дарослы і не стары чалавек. Пра страшную знаходку адразу было паведамлена ў міліцыю, прыехала следчая група.


Фрагмент чалавечай ніжняй сківіцы. 


Фрагмент сцягновай косткі (верагодна)


Фрагмент чэрапа


Фрагменты костак і траншэя

Паводле слоў мясцовых жыхароў, гэтыя косткі былі выкапаны падчас падключэння да сеткі газаправода, яма вырыта яшчэ некалькі месяцаў таму. Мяцовыя жыхары не звярнулі ўвагу на гэтыя косткі, а калі даведаліся, абсалютна не здзівіліся: «Ну і што? Тут жа былі могілкі...»  

Але, паводле вядомага гомельскім гісторыкам, на сёння звестак пра існаванне на гэтым месцы нейкіх могілак няма. На даступных гістарычных планах канца XVIII, ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя ніякіх могілак тут не паказана. Вядома пра існаванне яўрэйскіх могілкак на суседніх, больш паўднёвых мысах карэннага берага, па абодва бакі вуліцы Валатаўской, што добра бачна на планах Гомеля 1838 і 1913 гадах. Аднак мыс карэннага берага на паўночным вуглу перасячэння вуліц Шпітальнай і Падгорнай могілкамі не пазначаны. Да таго ж гэты мыс на Шпітальнай і мысы з яўрэйскімі могілкамі на Валатаўской аддзелены паміж сабой глыбокім ровам — «Каўказcкім» ярам альбо «аўрагам Дзядно» (па ім у ХІХ ст. нават цёк ручай). Таму верагоднасць, што парэшткі з яўрэйскіх могілак былі перанесены на гэты мыс цалкам адпадае. Але мясцовыя жыхары настойвалі: «Тут калі па вуліцы газаправод праводзілі, столькі чарапоў накапалі!»


Агульны выгляд тупіка ў канцы вуліцы Шпітальнай і выкапанай кучы зямлі, дзе былі знойдзены парэшткі

Сітуацыю праясніў старажыл Анатоль Фаміч Гробараў, які ў 1927 годзе нарадзіўся на гэтай вуліцы, чатыры пакаленні сям’і якога працягваюць жыць у сваёй хаце і цяпер.  

Анатоль Фаміч распавёў наступную гісторыю. Яго дзед, Кузьма Брухавецкі, які работаў на чыгунцы, купіў хату на гэтым месцы прыблізна ў 1886 годзе. У сям’і нават захоўвалася купчая на гэты дом, дзе былі запісаны межы ўчастка. Акрамя пераліку суседзяў, у дакуменце было ўказана, што дом «граничит с упразднённым военным кладбищем».

І сапраўды, паводле слоў старажыла, на іх участку ніколі не знаходзілі, а вось на суседніх участках (на поўнач ад яго дома і асабліва на ўсход, на няцотным баку правулка) падчас земляных работ вельмі часта выкопвалі чалавечыя парэшткі: 

«Там дзе заканчваецца вуліца Шпітальная, з левага боку (бугор над вуліцай Падгорнай), мы ў дзяцінстве неяк скакалі з яго на пясок. Глядзім — нейкія гнілыя дошкі ляжаць. Адкуль яны там? Мы іх падкапалі — а там чалавечы чэрап! А яшчэ неяк даўно сусед наш капаў пад вадаправод яму, дык нават афіцэра знайшоў — у яго фуражка захавалася, дакладней, брылёк ад яе, і яшчэ боты былі на высокім такім абцасе! Відаць, моднікам той быў, калі боты з такім абцасам насіў!»


Фрагмент плана мястэчка Гомеля 1838 г. з пазначанымі на ім яўрэйскімі могілкамі на абодвух мысах абапал Валатаўскога спуска, а таксама бальніцы на сучаснай вуліцы Савецкай і «Каўказскага яра». 

Іншы жыхар вуліцы пацвердзіў, што калі ён капаў выграбную яму, дык знайшоў восем чарапоў, «а адзін так увесь са складзенымі на грудзях рукамі і ляжаў, і рэбры ўсе ў радок цэлыя ляжалі!».

Улічваючы, што фраза «упразднённое кладбище» цалкам супадае з вядомымі фармуліроўкамі з дакументаў канца ХІХ ст., а таксама з подпісамі да пазначэнняў на вядомых планах Гомеля 1910 і 1913 гадоў, відавочна, што старажыл на памяць працытаваў шырокаўжываную ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. канцылярскую фармуліроўку. У спалучэнні з вялізнай колькасцю сведчанняў пра неаднаразовыя знаходкі на гэтым месцы чалавечых парэшткаў гэта пацьвярджвае, што тут сапраўды існавалі нейкія вайсковыя могілкі. Але што за яны?


Фрагмент плана г. Гомеля 1913 года з пазначэннямі вайсковых казарм і «упразднённого еврейского кладбища»

У прынцыпе, нягледзячы на поўную адсутнасць выяўленых на сёння прамых звестак, адказ на гэтае пытанне відавочны для кожнага, хто цікавіцца гісторыяй Гомеля.

Амаль побач з самым пачаткам сённяшняй вуліцы Шпітальнай, каля яе перасячэння з вуліцай Савецкай, ужо дзвесце год стаіць будынак былой ланкастарскай школы, узведзенай у пачатку ХІХ ст. па замове Мікалая Румянцава архітэктарам Джонам Кларкам. Зараз гэта будынак абутковай фабрыкі «Праца», а з ХІХ ст. і да Другой сусветнай вайны ў абіходзе гамяльчан гэты будынак меў назву «Белыя казармы», альбо “военные казармы инженерного ведомства” на плане Гомеля 1913 года. З 1830-х гадоў, з часу продажу Сяргеям Румянцавым горада і маёнтка ў дзяржаўную казну, у гэтым будынку змяшчаліся вайсковыя казармы, расквартараванага ў Гомелі палка, з 1892 года — 160-га Абхазкага пяхотнага палка, у 1918 годзе тут жылі салдаты кайзераўскай Германіі, у 1920—1941 гадах знаходзілася кавалерыйская дывізія Чырвонай арміі.

Паводле плана Гомеля 1913 і 1918 гадоў, Шпітальная вуліца у той час называлася «Каўказская» — яна была асноўнай вуліцай лакальнага гістарычнага раёна Гомеля «Каўказ». Аднак на плане Гомеля 1934 года яна ўжо пазначана як «Шпітальная», бо у яе пачатку, у раёне сённяшняга будынка цырка, знаходзіўся шпіталь, як мяркуецца, змешчаны ў двухпавярховым каменным будынку былога хрысціянскага дзіцячага прытулка пачатку ХХ ст.


Фрагмент забудовы вуліцы Шпітальнай на нямецкім фотаздымку Люфтваффэ 25.04.1944

Цікава тое, што з часу свайго ўзнікнення ў першай палове ХІХ ст. і да сярэдзіны ХХ ст. вуліца Каўказская/Шпітальная брала свой пачатак ад вуліцы Румянцаўскай/Савецкай, непасрэдна насупраць будынка гарадской бальніцы, узведзенай па заказу Мікалая Румянцава таксама ў пачатку ХІХ ст. Аднак на плане Гомеля 1830-х гадоў гэтая гарадская бальніца адзначана ужо як «Одноэтажный домъ съ мезониномъ для 50 человек больныхъ нижнихъ чиновъ», а будынак у двары побач — «Одноэтажный домъ для разныхъ Гошпитальныхъ потребностей». Такім чынам, вуліца Каўказская/Шпітальная, ідучы па краю Каўказскага яра (аўраг Дзядно), непасрэдна прамой лініяй злучала бальніцу (вайсковы шпіталь) 1830-х гадоў і тыя самыя вайсковыя могілкі ў канцы вуліцы (да апошняга часу абсалютна забытыя і невядомыя ў Гомелі).


Меркаваныя межы вайсковых могілак

Звяртае ўвагу тая акалічнасць, што, паводле слоў Гробарава, ягоны дзед набыў дом «рядом с упразднённым военный кладбищем» прыблізна ў 1886 годзе. Гэтая дэталь цікава тым, што, як вядома з дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі, менавіта ў пачатку 1885 годзе рашэннем мясцовых улад былі канчаткова закрытыя ўсе гарадскія могілкі ў цэнтры горада. Менавіта ў гэтым годзе перасталі хаваць памерлых на абодвух частках яўрэйскіх могілак па вуліцы Валатаўской, на праваслаўных і каталіцкіх могілках па вуліцы Замкавай (пр-кт Леніна), а таксама, як высвятляецца, і на абсалютна забытых вайсковых могілках у канцы вуліцы Каўказскай (Шпітальнай). Замест «упразднённых» былі запачаткаваныя новыя могілкі: для хрысціян — Засожскія (Фёдараўскія) могілкі пры ўездзе ў Навабеліцу і Сялянскія (Новікаўскія) могілкі на месцы сённяшняга Студэнцкага скверу па вуліцы Савецкай, для яўрэяў — могілкі на месцы сучаснага стадыёну ўніверсітэта імя Ф. Скарыны на вуліцы Савецкай.

Аналіз дат узвядзення будынкаў, змешчаных на тэрыторыі былых вайсковых могілак ХІХ ст., паказвае, што жылыя сядзібныя дамы на месцы старых магіл пачалі размяшчаць яшчэ з пачатку 1900-х гадоў. Пабудаваныя ў гэтым месцы дамы былі ўзведзены ў 1904, 1909, 1910, 1922 і 1926 гадах. Такім чынам, ужо праз два дзясяткі гадоў пасля закрыцця вайсковых могілак, на месцы пахаванняў салдат, якія верна служылі Расейскай імперыі ў Гомелі, «удзячныя» нашчадкі пачалі будаваць жыллё… 

У прынцыпе, нічога новага і незвычайнага ў гэтай гісторыі няма — абсалютна так жа мясцовыя ўлады будавалі «хрушчоўкі» на касцях ахвяр фашысцкага тэрору ў Гомелі ў 1950—1970-х гадах (на месцы пахаванняў з таго ж Дулага-121, ахвяр у Ляшчынскім лесе і іншых месцаў страшнага мінулага нашага гораду).

Рыхтуючы гэты артыкул, аўтар не імкнуўся даць адказ на заканамернае ў дадзенай сітуацыі пытанне «І што нашаму гораду цяпер рабіць з гэтымі былымі могілкамі?» Улічваючы, з якім цынізмам гомельскія мясцовыя ўлады некалькі гадоў таму забудоўвалі былыя яўрэйскія могілкі на суседніх пагорках па абодва бакі Валатаўскога спуска, любы адказ будзе проста недарэчным. Але ў кантэксце сённяшніх беларускіх грамадска-палітычных падзей гэтая гісторыя з’яўляецца паказальным прыкладам таго, як шчырыя выхаванцы аўтарытарных і таталітарных ідэалогій чарговы раз спакойна забывалі і знішчалі памяць пра сваіх самых верных абаронцаў.


Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

Флагшток


У старым доме ў цэнтры Гомеля знойдзены «скарб» старых прадметаў

| Гісторыя

У пабліку «Пошукі старога Гомеля» апублікаваныя фотаздымкі нечаканых знаходак, якія былі знойдзеныя ў драўлянай сядзібе Гомеля. Краязнаўцы распавялі пра былых гаспадароў дома і знойдзеныя ў будынку рэчы.

Сослали на Колыму из-за письма родственникам в Западную Беларусь. В Гомеле снимают документальное кино о сталинских репрессиях

| Гісторыя

В Гомеле начались съемки документальных фильмов о сталинских репрессиях. В рамках кампании «Забітыя і забытыя» готовится цикл из четырех фильмов с историями жителей города и области.

«80 год не было да гэтай тэмы ніякай справы, а тут успомнілі». Гiсторык расказаў, што стаiць за спробамi знайсцi новыя месцы пахаванняў

| Гісторыя

Генеральная пракуратура абвесцiла пошук iнфармацыi аб месцах пахавання ахвяр вайны. Гомельскi гiсторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малiкаў займаецца вывучэннем месцаў былых гістарычных могілак і пахаванняў на тэрыторыі Гомеля на працягу ўжо амаль двух дзясяткаў гадоў. Ён выказаў сваё меркаванне Флагштоку, што стаiць за новымi спробамi адшукаць вінаватых і знайсцi новыя месцы пахаванняў.

«Кіраўнік калгаса прыскакаў ды разагнаў удзельніц шэсця бізуном». Як на Гомельшчыне адраджаецца старажытны абрад

| Гісторыя

На другі дзень пасля Вялікадня ў вёсках Гадзічава ды Маркавічы Гомельскага раёна праводзяць абрад «Ваджэнне Сулы». Адроджаны ў 2007 годзе абрад традыцыйна збірае вялікую колькасць моладдзі, якая не дае традыцыям продкаў згаснуць назаўжды.

Краязнаўцы знайшлі ўнікальныя фота пабудовы маста праз Сож

| Гісторыя

Краязнаўцы з гомельскага гістарычнага пабліка «Пошукі старога Гомеля» знайшлі фотаздымкі будоўлі маста праз Сож. Здымкі з электроннага архіву Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбургу. У апісанні файла паметка з пытальнікам: «1880-я гады?»