«Мітынгаў у падтрымку СССР не было». Як Гомель сустракаў Незалежнасць

| Гісторыя

30 гадоў таму, 8 снежня 1991 года, у Белавежскай пушчы былі падпісаныя пагадненні пра спыненне існавання Савецкага Саюзу. Узгадваем, што гэта прынесла Гомелю і гомельцам. Сваімі ўспамінамі дзеляцца дзеячы 1990-х. На жаль, іх імёны мы пакуль не можам назваць, бо гэтыя людзі жывуць у горадзе ў занадта ліхія часы. Даваць каментары незалежнаму рэсурсу сёння не надта бяспечна. У сваю чаргу, дзелімся гістарычнымі фотаздымкамі з нашага архіву.


Мітынгаў у падтрымку СССР не было

Дзень Незалежнасці, 1993 год, фота: Сямён Хейфец


«Распад Савецкага Саюзу для нас быў святам. Як жа добра, што нарэшце сканала гэтая савецкая імперыя, думалі мы. Гэтая імперыя не дазваляла нам развівацца. Што тычыцца грамадзянаў, то яны ўспрымалі падзею па-рознаму. Апытанняў мы не праводзілі. Але мітынгаў у падтрымку СССР не было. Мы адчувалі, што шмат савецкага заставалася ў галовах людзей. І гэта потым адбілася ў 94-м годзе, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Да гэтага сапраўды прывяла савецкая ментальнасць людзей». 


Свабода слова


Першы нумар газеты «Гомельскія ведамасці» з подпісам Станіслава Шушкевіча


«Раней усе газеты былі камуністычныя. У 1990-м годзе Гомельскі гарсавет заснаваў дэмакратычную тады газету "Гомельскія ведамасці". Гэта была прагрэсіўная, дэмакратычная газета. Калектыў быў самастойны. Але былі выпадкі, калі дэпутаты пыталіся ўплываць на рэдакцыю. Былі і дэмакраты, якія не ведалі, што такое дэмакратыя, маглі заявіць: "Чаму вы не надрукавалі мой артыкул!?" А ён, напрыклад, быў нечытабельны. Пыталіся ціснуць. Але рэдактар лёгка мог адмовіць і сказаць, што вось так на мяне калісьці ціснула партыя.

Быў створаны незалежны тэлеканал Нірэя. З'явілася Гомельскае гарадское радыё. Там таксама быў цікавы калектыў».


Дэмакратычны гарсавет



Гарсавет і аблсавет


У 90-х толькі ў адзіным абласным цэнтры Беларусі, у Гомелі, існаваў дэмакратычны гарсавет. Дэмакратычныя гарсаветы сфармаваліся таксама ў Пінску і Наваполацку.  Гомель узначальвала Святлана Гальдадэ — яна сумяшчала пасаду старшыні гарвыканкама і старшыні гарсавета. Пасада старшыні гарсавета была выбарнай.

А што тычыцца кіраўніцтва вобласці, то яно ўсё ж складалася з былой камуністычнай наменклатуры. Гомельскі абласны Савет народных дэпутатаў узначальваў Валер Сяліцкі, а абласны выканаўчы камітэт — Мікалай Вайцянкоў.

«Гомельскі гарсавет паставіўся вельмі станоўча да распаду СССР. А вось былая камуністычная наменклатура была насцярожанай. Яны былі ўпэўненыя, што СССР вернецца, імперыя будзе жыць. Але яны пагаджаліся са зменамі, пагаджаліся з абставінамі. Былі і тыя, хто варожа ставіўся».

Ліхія 90-я? 

«Так, быў бандытызм, не рабілася прыватызацыя, былі праблемы на дзяржаўных прадпрыемствах. Але было адчуванне, што трэба рабіць хуткія рэформы. Тормазам іх з’яўлялася наменклатура, якая сядзела паўсюль. Зараз быццам бы гавораць, што ва ўладзе сядзелі дэмакраты. У Беларусі сядзелі камуністы. Яны як сядзелі, так і сядзяць сёння. Тое, што ў Гомелі быў дэмакратычны гарсавет, гэта было проста выключэннем. Толькі 12% дэпутатаў-дэмакратаў было ў Вярхоўным Савеце — гэта была апазіцыя.



 Фота: Сямён Хейфец


І ўсё ж, нягледзячы на пэўныя праблемы, ліхія 90-ыя — гэта проста штамп, які з’явіўся ў нулявых. На маю думку, яго прыдумалі журналісты ў Расеі, каб апраўдаць знаходжанне ва ўладзе Пуціна. Што вось былі ліхія 90-ыя, што вельмі дрэнна. А вось зараз будзе вельмі добра. Стабільныя добрыя нулявыя.

Хачу нагадаць, што ў 90-х у Беларусі не было ніякіх тэрактаў, не ўзрывалася метро, не было нейкіх выбухаў на плошчах, у нас не штурхалі мігрантаў на дрот, ніколі нікога не збівалі дубінкамі, як пры Лукашэнку. Міліцыя ставілася прыстойна да людзей». 

Свабода мірных сходаў

«Гомельскі піянрскі скверык шмат хто называў Гайд-паркам. Там любы чалавек мог правесці любыя масавыя мерапрыемствы, выказвацца, пратэставаць. Увогуле, у Гомелі ў любым месцы можна было ладзіць пікет ці мітынг. Было толькі адно абмежаванне. Трэба было паведаміць уладам пра гэты мітынг. Бо калі раптам перакрываўся рух транспарту, трэба было ведаць, як яго адвесці, каб не ствараць нязручнасці для гараджанаў».


 Фота: Сямён Хейфец

Беларусізацыя

«У Гомелі пераводзілі на беларускую мову першыя класы. Усе астатнія заставаліся расейскамоўнымі. Спачатку маглі быць нейкія пытанні. Але прайшоў год, і амаль усіх усё задавальняла. Я бачыў цэннікі на беларускай мове ў крамах. Грамадскі транспарт быў беларускамоўны. Тралейбуснікам, якія абвяшчалі прыпынкі на беларускай мове, даплочвалі. Тым, хто не валодаў мовай, дапамагалі. І нават, памятаю, калі з’яўляліся людзі, якія казалі: “Да вы націоналісты!”. Тады я даставаў пашпарт і паказваў: “Я рускі”. І людзі замаўкалі, і больш ніякіх пытанняў не было.



1993 год, фота: Сямён Хейфец


Памятаю, што калі ў Гомель прыехаў Пазняк, то ён сказаў, што ў вас беларускамоўны горад.

Ні на каго не ціснулі. Людзі самі змянялі назвы крамаў. Беларуская мова з’яўлялася ў гарадскім асяроддзі без ціску. Хіба што, пэўны адміністратыўны ціск аказваўся на чыноўнікаў. Для іх праводзілася вучоба, каб яны маглі адказваць грамадзянам на беларускай мове».


Марыя Булавінская
Флагшток