Гомельскі палітык і праваабаронца Васіль Палякоў прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэннях звольненага «за палітыку» Яўгена Малікава супраць адміністрацыі БелДУТ. Суд скончыўся прадказальна: кандыдата навук з 16-гадовым стажам выкладчыцкай работы ва ўніверсітэце не аднавілі. Аднак падчас судовай цяжбы ўсплыло шмат цікавага, што характарызуе сітуацыю ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі. Васіль Палякоў падзяліўся сваімі назіраннямі пра суд Малікава vs Белдут.

Васіль Палякоў:
Судовы працэс па справе Яўгена Малікава супраць БелДУТа я адсочваў ад самага пачатку і да завяршэння. Хадзіў на пасяджэнні не таму, што не ведаў выніку ці меў нейкія абавязацельствы. Проста лічыў гэта важным для сябе і для падтрымкі Яўгена, якога ведаю шмат гадоў.
Калі ацэнваць знешнюю абалонку, то ўсё выглядала амаль прыстойна: суддзя паводзіла сябе вельмі карэктна, ніяк не падкрэслівала сваё стаўленне да бакоў у справе, а пракурорка нападала і на адзін, і на другі бок.
Самае цікавае пачалося пасля таго, калі вырашылі, што ня толькі суддзе і пракуроркі трэба купацца ў гэтым брудзе, а запэцкаць ў ім і ўсіх супрацоўнікаў універсітэту, якія мелі дачыненне да звальнення Яўгена і нарабілі пры гэтым касякоў.
Па ўражаннях было нешта сярэдняе паміж “Атлант расправіў плечы” Айн Рэнд і “Працэсам” Франца Кафкі. З Айн Рэнд узгадваліся разважанні пра тое, што мараль як зброя можа быць выкарыстана толькі супраць людзей, якія яе маюць, тымі, у каго яе бракуе, З Кафкі — увесь астатні сюр. І сапраўды, людзі, якія напісалі даносы па загадзе свайго начальства гэтаму ж начальству, даводзілі ў судзе, што хадзіць на мітынгі супраць гвалту — гэта амаральна і гэта дрэнны прыклад для моладзі. Выказваць сваё меркаванне аб тым, які трэш робіцца ў дзяржаве ці ў асобным калектыве — гэта таксама амаральна.
Я не ведаю, якіх поглядаў прытрымліваюцца гэтыя людзі і можа яны насамрэч лічаць, што маральна толькі сляпое служэнне ўладам, але ж і яны павінны разумець, што пагаджацца са звальненнем чалавека без дасканалага вывучэння ўсіх абставін і падстаў — гэта дно, што даносы па замове — гэта ўжо прабітае дно. Падчас працэсу я для сябе нават не вызначыўся, шкадаваць мне тых людзей ці адносіцца з агідай за іх цемрашальства і адсутнасць самага простага набору прынцыпаў.
Пакуль жа маем тое, што маем. Людзей прыстойных з пачуццём годнасці, якія могуць быць прыкладам для моладзі, звальняюць, а людзі з размытым парогам маральнасці працягваць працаваць і калечыць студэнтаў дзяржаўнай ідэалогіяй, у якую самі не вераць.
Флагшток