Вiдавочнае-неверагоднае: прызыў у армiю ў 40 год — гэта рэальнасць

| Навіны

Пасля вымовы i звальнення прыгоды гомельскага выкладчыка Яўгена Малiкава не скончылiся — зараз за яго ўзяўся ваенкамат. Падрабязнасцi Яўген распавёў на сваёй старонцы ў сацсетках: 


Фота: акаўнт Яўгена Малікава ў ФБ

З пачатку кастрычніка я праходзіў медкамісію па накіраванні ваенкамата — “для уточнения военно-учётной специальности”. Пасля універсітэту я ў войску не служыў — не прайшоў па зроку. І вось, калі ўсе камісіі былі нарэшце пройдзены (ой, як мяне там толькі не аглядалі, што я толькі не паказваў, і куды мне толькі не зазірнулі...) я з радасцю прыбёг атрымаць чарговы запіс у свой ваеннік. А не тут-та было…

“Вас попросили зайти к заместителю начальника военкомата”. 

“Ну ладна, — падумаў я, — відаць, трэба нешта ўдакладніць”. 

“Здраствуйте, Евгений Романович! — сказаў намеснік начальніка Арцём Аляксандравіч. – Поздравляю вас с получением новой военно-учётной специальности! Она у вас повысилась и теперь вы признаны годным к несению военной службы”. 

“А мне та што?” — спакойна падумаў я і ўзгадаў свой 40-гадовы ўзрост. 

“… И 30 ноября в 8 часов утра вы призываетесь на военные сборы в Вооружённые силы Республики Беларусь!” — з радасцю ў голасе паведаміў Арцём Аляксандравіч. 

“Во блін… — падумалася мне, — ён жа не жартуе… Вось і накрыліся планы на новы працоўны занятак на бліжэйшы месяц”. 

У гэты час Арцём Аляксандравіч з разуменнем справы бадзёрым голасам, відаць ужо соты раз, падрабязна распавядаў пра тое, як правільна падрыхтавацца да збораў, што з сабой узяць і г. д. Можна нават мабільны тэлефон, але не смартфон, а версію ўзора пачатку 2000-х гг. (“девушка! соедините меня с абонентом…”). ХХІ стагоддзе, ёлы-палы! 

Ведаеце, якое гэта такое неперадаваемае адчуванне – пачуццё абсурду! Слухайце, ну я ж нават у БелДУТе прапрацаваў 16 год, дык я яўна ўжо выйшаў за межы прызыўнога ўзросту! Якая армія? Якія зборы? 


Варта адзначыць, што на медкамiсii да немаладога прызыўнiка аднеслiся дасканальна:

Куды яны мяне толькі не адпраўлялі на абследванні! Якія я аналізы толькі не здаваў! І зонд глытаў, і біяпсію яны бралі, і на веліке я ездзіў, і рэнтгенамі мяне прасвечвалі! Усё паглядзелі! Нават новыя хваробы пазнаходзілі! Аб’ектыўна па здароўю я стаў горш, чым быў у 18 гадоў, але аб’ектыўна па законе — цяпер годны для службы!

Ну я яшчэ б зразумеў прызванне мяне на зборы два гады таму, пяць ці дзесяць. Але я жыву ў Беларусі, я разумею логіку дзеянняў, прынятую ў гэтай краіне, і я разумею, што калі нечакана супадае шэраг выпадковасцяў, дык за імі становіцца добра бачна прадуманая заканамернасць… І зараз мяне прызываць на ваенныя зборы, з улікам усіх маіх прыгод і абставін у краіне, — ну гэта такая зусім дзіўная выпадковасць (ці заканамернасць?). 19 лістапада звольнілі з працы — 30 лістапада забралі на зборы ў армію. Сюр... 

25 дзён — з 30 лiстапада па 24 снежня — выкладчык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малiкаў правядзе на сборах:

Буду прымаць прысягу, хадзіць строем, насіць форму, пець песні, бегаць-прыгаць, і рабіць усё астатняе, што робяць прызыўнікі на ваенных зборах (а што рэальна яны там робяць я покуль не ведаю). Можа, навучаць збіраць-разбіраць калаша, а можа, нават пастраляць па мішэнях дадуць. Спадзяюся, фарбаваць траву не прыйдзецца (хаця бы таму, што травы ўжо няма!).

Спадзяюся, пасля гэтых збораў, на пытанне “А ты ў арміі служыў?” я з гонарам змагу адказаць “Служыў!”, а на 23 лютага дзеўчыны, віншуючы “з Днём абаронцы Айчыны” не будуць мімаходам удакладняць “…і вас таксама, хоць вы і не служылі…”. Усё, дзяўчынкі, пад Новы 2021 год буду 100% мужыком… 

Флагшток