Лідар гурта "Дети хрущёвок", песні якога прызналі "экстрэмісцкімі", распавёў пра пераслед за сваю творчасць

| Палітыка | 0

У красавіку гэтага года тры песні і сацсеткі гомельскага гурта "Дети хрущёвок" былі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Праз месяц за "распаўсюд" уласных песен былі арыштаваныя пяць музыкаў. Лідар і вакаліст гурта "Дети хрущёвок" Ян Дворак распавёў "Вясне" пра тое, як іх творчасць прыраўнялі к "экстрэмізму", затрыманне, "суткі" ў гомельскім ізалятары і сувязь з TOR BAND, удзельнікі якога асуджаныя на вялікія тэрміны.



"Дети Хрущёвок"


"Праз год, калі мы знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года"


Гурт "Дети Хрущёвок" узнік у 2019 годзе на Гомельшчыне, распавядае Ян:

"Першапачаткова гэта было хутчэй нават не хоббі, а нестандартнае захапленне ў вольны час. Асабіста я музыкай даўно займаўся, а хлопцы вырашылі для сябе пагуляць. То бок у планах не было выбівацца на вялікую сцэну. Праз год, калі мы ўжо больш-менш сыграліся, знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года... Відавочна, мы пачалі на іх звяртаць сваю ўвагу. А пазней мы сталі на Гомельшчыне крыху вядомымі".


Сам Ян нарадзіўся ў Светлагорску, з юнацтва граў у розных музычных гуртах. Любоў да музыкі ў хлопца перадалася ад бацькі. Калі Ян паступіў ва ўніверсітэт у Гомелі, то пазнаёміўся з мясцовымі музыкамі. Хлопец дзеліцца, што яму вельмі падабалася тое, чым ён займаўся, але планы ў занятак музыкай у Беларусі змяніла рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля вясной 2023 года.



Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем


11 красавіка тры песні гурта "Дети Хрущёвок" — "2020"; "Таракан (Демо)"; "Папицот" — былі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Акрамя песен, "экстрэмісцкімі" прызналі суполку "ВКонтакте", Youtube-канал, старонка ў Instagram "Дети Хрущевок". Таксама ў спіс патрапіла і асабістая старонка Яна "ВКонтакте" —  "Юзеф Пілсудський".

Аўтарам гэтых "экстрэмісцкіх" песен з'яўляецца Ян. Ён распавёў гісторыю іх напісання:

"Таракана" я напісаў, калі яшчэ з хлопцамі не гуляў. Тады я запісаў акустычную дэма-версію, якую па выніку цяпер і прызналі "экстрэмісцкай". Самае цікавае, што асноўную версію гэткай не прызналі [смяецца]. Першапачаткова песня "2020" была нават ні пра ніякія палітычныя справы — гэта было такое неардынарнае віншаванне з Новым годам нашых слухачоў. Там і пра каронавірус, і пра пратэсты і пра ўсё на свеце, што было ў 2020 годзе. На мінулы Новы год мы таксама запісвалі віншавальную песенку. Проста 2020 год быў вельмі насычаным. Што тычыцца песні "Папицот", то яна таксама не была першапачаткова палітычнай. Там з палітычнага толькі прыпеў і назва".


"Я не шарю в политике и в неё не лезу,
Не ношу косухи, не люблю ирокезы
Я обычный мужик, работяга с завода,
я пашу на зарплату — дайте же хлеба и водки.
И будет папиццот!"
— спяваюць "Дети Хрущёвок".

"Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў узбудзяць справу"


Пра тое, што тры песні і сацсеткі гурта прызнаныя "экстрэмісцкімі" хлопцы дазналіся выпадкова — знаёмы скінуў Яну пост у Instagram гомельскага актывіста Іллі Міронова, дзе ён напісаў пра гэта. На суд удзельнікаў гурта не выклікалі, і аб выніках не апавяшчалі.

"Я адразу не паверыў у гэта — чаму гэта раптоўна нас прызналі "экстрэмістамі"?! Мы не настолькі папулярныя, каб нам надаваць столькі ўвагі. Я зайшоў на гэты сайт — сапраўды! І нават маю асабістую старонку "ВК" прызналі. Мы з хлопцамі сабраліся ў той жа вечар, каб абмеркаваць усе гэтыя справы. Было шмат думак нават да таго, каб усім адразу садзіцца на нейкі мікрааўтобус і з'язджаць з краіны. Але хлопцы сказалі крыху пачакаць, каб паглядзець, як сітуацыя будзе разгортвацца. На мне неяк не спрацоўвалі гэтыя супакаенні, таму мы паехалі да адваката. Першы адвакат нам адмовіў, бо "экстрэмізм" і палітычная справа. Мы распавялі яму нашу сітуацыю і папрасілі распавесці, што нам пагражае. Але другі адвакат нам дапамог нават бясплатна. Гэта было нават ананімна. Ён расклаў усё па палічках, якія працэсы могуць пачацца і якую ўвагу мы можам прыцягнуць да сябе. Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў узбудзяць справу, толькі пытанне ў артыкуле. Але і тут хлопцы сказалі, што не гатовыя пакуль зрывацца. Я ж прытрымліваўся таго, што трэба з'язджаць з краіны..."



"Раніцай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы"


У гэты час хлопцы выдалілі свае "экстрэмісцкія" песні з розных пляцовак у інтэрнэце. Аднак гэта не ўратавала музыкаў ад затрымання.

"Раніцай 2 траўня мы з дзяўчынай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы. Мы нават трошкі напужаліся. Але я адразу зразумеў, што адбываецца... Я ціха падыйшоў да вочка ў дзвярах і ўбачыў там трох мужчын у цывільным. Мы вырашылі не адчыняць ім дзверы. Падумалі, што яны сыйдуць, а мы ў гэты час хутка збяжым ці прыдумаем штосьці іншае. У агульны чат гурта я напісаў пра тое, што адбываецца, і папярэдзіў іх, каб яны былі асцярожнымі. Але ўжо ў той момант усіх хлопцаў, акрамя Віталя Саламажэцкага, затрымалі. Некаторых нават затрымліваў АМАП са шчытамі і дубінкамі — цэлая спецаперацыя была".


Тое, што Ян пісаў у чаце гурта — чыталі міліцыянты:

"Яны ведалі, што я дома. Таму міліцыянты пачалі ціснуць псіхалагічна, каб я адчыніў дзверы: крычалі праз дзверы, што зараз будуць маю маці выклікаюць, ламаць дзверы і г.д. Але пакуль гэта адбывалася за маімі дзвярыма, я паспеў выдаліць усе непатрэбныя файлы з кампутара, адкаціць тэлефон да завадскіх наладаў, схаваў і выкінуў усё, што было з сімволікай. Праз некаторы час мы адчынілі ўсё ж такі ім дзверы. Калі яны зайшлі, то міліцыянт запатрабаваў выдаць усю тэхніку і сімволіку. Потым ён сказаў: "Калі б ты адчыніў раней, то ўжо быў бы дома". Гэта быў намёк на тое, што зараз з'езджу з імі і яны мяне адпусцяць. Я паверыў на словы".


"Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!" 



"Дети Хрущёвок"


У выніку Яна і дзяўчыну даставілі ў РАУС Савецкага раёна Гомеля.

"Гэта было ўжо а 20-й гадзіны вечара. Усе хадзілі злыя і стомленыя. Са мной размаўлялі і складалі пратакол каля дзвюх гадзін. У хуткім часе адпусцілі маю дзяўчыну. Я за гэта больш за ўсё хваляваўся, бо яна была ні пры справах наогул. Міліцыянт палазіў у яе тэлефоне і правёў з ёй гутарку, сказаўшы ў тым ліку: "Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!"

Калі міліцыянт складаў пратакол, то самым цікавым было тое, як ён пры мне слухаў нашы песні і глядзеў відэа са мной. Ён усё да канца даслухваў — падабалася ці што".


На пяцярых хлопцаў склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яну хацелі яшчэ паставіць у віну арт. 19.10 КаАП (публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі).

"У мяне на ноўтбуке быў наклеены сцікер — сябры пажартавалі і прыфаташопілі мне нацыскую форму. Гэта проста прышпіл быў".


Таксама міліцыянт даў Яну Крымінальны кодэкс і сказаў адкрыць артыкулы 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён сказаў, што, калі калі знойдуцца доказы, то супраць хлопца будзе ўзбуджана крымінальная справа.


На суткі да суда ўсіх удзельнікаў гурта змясцілі ў ізалятары.

"Калі мяне павялі, то міліцыянт сказаў, што не будзе чапляць кайданкі, калі я нічога не выкіну. І тут пасля асабістага дагляду мяне заводзяць у камеру, дзе сядзяць мае хлопцы, і я ім кажу: "Ну, добры вечар!" Мы змаглі абмеркаваць, як каго затрымлівалі, ці білі каго — дзякуй богу, абыйшлося без гэтага".


"Калі б тады не прызнаў віну, было б яшчэ горш"


Трэцяга траўня музыкаў павезлі на газелі на суды пад канвоем.

"Калі нас выводзілі з машыны ў суд, то звычайныя мінакі здымалі нас на тэлефоны. Тады канваіры пачалі пагражаць ім, каб яны выдалілі відэа, "калі не хочуць пайсці па такім жа артыкуле, як і мы".


На суд першым вырашыў пайсці Ян, як аўтар песен. Ягоную справу разглядаў суддзя суда Савецкага раёна Андрэй Лагуновіч.


Вытрымка з пастановы суда


"Я адразу прызнаў віну і сказаў, што "был молод и глуп". Я перакананы, што калі б тады не прызнаў віну, было б яшчэ горш. Я зразумеў, што лепей рабіць тое, што хочуць гэтыя структуры, тады яны бачаць, што ты нібыта выправіўся. Я выбачыўся, але тады злавіў сябе на думцы, што "пакаяльнае відэа" я бы ўжо не стаў запісываць, бо ўпаў бы ў сваіх вачах".


У выніку лідару гурта прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Астатніх музыкаў арыштавалі на пяць і сем сутак.


"Па нашым артыкуле нам не прадугледжаны матрацы, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены"


Пасля суда хлопцаў завезлі адбываць "суткі" ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Міжгародняя.

"Калі нас толькі прывезлі, то пры афармленні прама сказалі, што па нашым артыкуле нам не прадугледжаны ні матрацы, ні падушкі, ні пасцельная бялізна, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены. У двухмясцовай камеры нас трымалі ад чатырох да сямі чалавек. Дазвалялі адну перадачу падчас усяго арышту. На дзень — з 6 да 22 — забіралі курткі, а ў траўні яшчэ было халодна. Было трохразавае, так бы мовіць, харчаванне. Пасля кожнага прыёма ежы —  "шмон" (ператрус у камеры). Спалі як прыйдзецца: хто на ложку, хто пад ложкам, хто на падлозе, хто ў абдымку. Па начах нас будзілі. Адразу я думаў, што нас падымаюць, каб праверыць, ці ўсе на месцы, а потым мне хлопцы растлумачылі, што гэта робяць для таго, каб мы не спалі.

З хлопцамі нас змяшчалі ў адну камеру. Праўда, часам мяшалі паміж сабой, але агулам мы адзін аднога заўсёды бачылі. І нам пашанцавала, бо мы прыдумлялі розныя забавы. Мы тая кампанія, хто нават з турмы зробіць цырк. І толькі трое сутак я сядзеў без сваіх хлопцаў".


"Пачаў пераходзіць на пагрозы, накшалт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці"



Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем


Ян адзначае, што стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ мянялася ад змены. Ён узгадвае, што супрацоўнікі стараліся хаваць твары.

"Была дзяўчына сярод супрацоўнікаў, якая нібыта пасля вучобы прыйшла. Дык яна да нас боязна і паважліва ставілася — і лекі прыносіла, і выконвала нашы просьбы. Хутчэй была як афіцыянтка, а не як надглядчыца. Але былі і тыя, хто мог і па нагах пабіць пры аглядах, і пракрычыць на нас".


Да хлопцаў з гурта ў ІЧУ на размову прыязджаў супрацоўнік нейкага ведамства — Ян мяркуе, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Яго цікавалі, ці хадзілі яны на акцыі пратэсту і іншая палітычная актыўнасць.

"Пры размове ён адразу стараўся быць нейкім сябрам: тыпу ты мне ўсё распавядзі, а я табе дапамагу. Але ён мне не спадабаўся, таму з ім я размаўляў адрачана. Калі ён зразумеў, што я не хочу з ім весці дыялог, то пачаў пераходзіць на пагрозы, накшалт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці".


"Прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за TOR BAND"



Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем


Гэта не адзіны выпадак пераследу музыкаў з Гомельшчыны. Напэўна, самай гучнай справай наогул у Беларусі з'яўляецца справа гомельскага гурта TOR BAND. У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка 2023 года лідару і вакалісту Дзмітрыю Галавачу прызначылі дзевяць гадоў зняволенныя, бубначу Яўгену Бурло — восем гадоў калоніі, а бас-гітарысту Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі.

Па іроніі лёсу адзін з удзельнікаў гурта "Дети Хрущёвок" з'яўляецца сваяком бас-гітарыста TOR BAND.

"Так атрымлівалася, што мы пару раз на іх інструментах гралі. Завочна мы знаёмыя гуртамі. Мы ведалі іх гісторыю, іх затрымалі за паўгады да нас, таму ў нас прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за TOR BAND... Песні ў нас вельмі падобныя, толькі яны былі нашмат больш вядомыя. Думаю, роль сыграла гэта папулярнасць".


Праз два дні пасля адбыцця "сутак" Ян пакінуў Беларусь. У хуткім часе ён дазнаўся, што супраць яго ўзбудзілі дзве крымінальныя справы — за "абразу Лукашэнкі" і "ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".


Пакiнуць каментар

«Искренне хочу продолжить службу». Гомельская судья попросилась в КГБ, но ее не взяли

| Палітыка | 0

Во время работы в суде Советского района Елена Шайн выносила обвинительные постановления по политически мотивированным делам, но запомнилась и одним справедливым решением.