У Гомелі будуць судзіць кандыдата філалагічных навук Наталлю Суславу

| Политика

У Гомелі будуць судзіць удзельніцу пратэстаў, дацэнта кафедры рускай мовы ГДУ імя Скарыны Наталлю Суславу. Судовае пасяджанне мае прайсцi ў судзе Цэнтральнага раёну. 

Наталля Уладзiмiраўна, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт — адна з самых актыўных удзельніц на ўсіх акцыях пратэсту ў апошнія месяцы. 

Як ставяцца да затрымання вядомай гамяльчанкі яе знаёмыя i калегi, высвятляў «Флагшток». 

Віктар Адзіночанка, выкладчык:  

«Фота не маё. На фота – мая калега, дацэнт кафедры рускай літаратуры ГДУ імя Скарыны Наталля Суслава. Учора назіраў за пратэстамі па лініі БХК. Бачыў, як яе затрымалі. Спрабаваў неяк растлумачыць амапаўцам, што гэта выкладчык. Слухалі спакойна, але нічога ў мяне не атрымалася. Судзіць яе будуць, хутчэй за ўсё, сёння (28 верасня — заўвага рэдакцыі).

Наталля Уладзіміраўна — вельмі добры выкладчык. І натуральна, што яна выходзіць на пратэсты. Значыць — мае сумленне. А без яго немагчыма нармальна працаваць са студэнтамі». 


Фота з аккаўнта Віктара Адзіночанкі

Алена Германовіч, журналiстка: «Наталля Суслава. Выкладае русліт у Скарыне. Сёння схапілі чорненькія. У Цэнтральным РАУС. На мінулым Маршы адзін чорненькі казаў: «Вы такая інтэлігентная дама, што вы робіце сярод «гэтых»? Ну а сёння ўзялі(( Фота рабіў яе былы студэнт Павел Міцкевіч».


Фота: Павал Міцкевіч

Юлія Сівец, журналістка: «Наталлю Суславу, якую затрымалі падчас гомельскай акцыі, я ведаю са студэнцкіх гадоў. Гэта той выкладчык, у якой я сядала на першую парту, у якой я спрабавала не прапусціць ніводнай лекцыі (ва ўніверсітэце ведаюць, што я не была ўзорнай студэнткай, нецікавыя лекцыі я магла ігнараваць, ці чытаць кнігі на такіх нецікавых лекцыях на галёрцы). Але лекцыі Наталлі Суславай --найцікавейшыя. А ў мяне яна выкладала сучасную рускую літаратуру. І ў межах праграмы яе лекцый я прачытала ўсё, што было ў спісе для прачытання. Памятаю, як мы з маёй аднагрупніцай сядзелі, падпёршы рукамі падбароддзе, і слухалі лекцыю. Спадарыня Наталля, убачыўшы гэта, усміхнулася. А яшчэ яна ніколі не прымушала, каб нехта хадзіў на яе лекцыі, як гэта рабілі некаторыя іншыя выкладчыкі. Але гэтага і не трэба было рабіць, паколькі яе заняткі я чакала з нецярпеннем. Дзякуй, сп. Наталля, за Вашыя лекцыі. Тое, што Вас затрымалі, не ўкладаецца ў галаве. Але наўрад ці АМАПаўцы чыталі Сарокіна ці Ерафеева».

Зазначым, што Наталля Суслава — адна з нямногіх гомельскіх выкладчыц універсітэта, якая не пабаялася адкрыта выступіць супраць міліцэйскага гвалту і падтрымаць студэнтаў сталічных ВНУ.  

Радыё Свабода так пісала пра акцыю ля корпуса гістфака ГДУ: «Каля ГДУ імя Ф. Скарыны прайшоў пікет з удзелам выкладчыцы і святара. Ранкам 7 верасня каля будынку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны прайшоў пікет. У ім узялі ўдзел выкладчыца ўніверсітэту Наталля Суслава і праваслаўны святар Уладзімір Драбышэўскі. Фота студэнта ўнівэрсытэту для Свабоды».


Флагшток