Зноў рэкордныя чэргі, зноў затрыманні актывістаў (відэа ад Флагштока)

| Политика

Збор подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, які праводзіўся 7 чэрвеня ля універмага «Гомель», прайшоў масава і ў пратэстовым рэчышчы. 


Найдаўжэйшая чарга ўтварылася, як і раней, ля стэндаў Святланы Ціханоўскай – жонкі палітвязня, стваральніка папулярнага ютуб-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага


Прыхільнікі Святланы Ціханоўскай дзяліліся сваімі меркаваннямі адносна грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, з якіх вынікала, што асноўны матыў падтрымкі сям'і Ціханоўскіх – гэта жаданне пераменаў і стомленасць ад кіравання Аляксандра Лукашэнкі.  

Напярэдадні пікета праваахоўныя органы арганізавалі паляванне на сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Кадры затрымання аднаго з актывістаў, Аляксея Думянкова, – у відэа «Флагштока». 

 

Журналістка Ларыса Шчыракова, якая збіралася весці стрым-трансляцыю пікета, паведамляе пра тое, што 7 чэрвеня яе дом у пасёлку Перамога блакаваўся міліцыянтамі. У гомельскім ізалятары часовага ўтрымання ўжо больш за 30 сутак ўтрымліваецца актывіст Юрый Уласаў, якога затрымалі падчас акцыі салідарнасці з блогерам Сяргеем Ціханоўскім яшчэ ў пачатку мая.  

Флагшток