У Ветцы з'явілася вуліца Фёдара Шклярава. Праўда, на ўскраіне

| Навіны | 0

У райцэнтры Ветка нарэшце з'явілася вуліца імя Фёдара Шклярава — найбольш вядомага ўраджэнца і дзеяча горада. Дагэтуль імя Шклярава насіў толькі заснаваны ім Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. 16 красавіка з апублікаванага рашэння Веткаўскага райсавета дэпутатаў стала вядома, што ў гонар Шклярава назвалі вуліцу Праектуемую № 3.

Ні вуліца Леніна, ні Савецкая, ні Першамайская, якія вядуць да музея шматлікіх турыстаў, перайменаваныя не будуць.



Выгляд мікрараёна на касмічным здымку і яго план 



Выгляд на вуліцу Шклярава на Яндэкс панараме


Гаворка ідзе пра вуліцу, якая яшчэ не пабудавана. Яна ёсць толькі ў праекце новага раёна пяціпавярховай забудовы на паўночнай ускраіне гораду. Мікрараён у 2022 годзе толькі пачаў забудоўвацца, таму дальняя вуліца Шклярава на дадзены момант выглядае як калгаснае поле. Мікрараён плануюць дабудаваць у 2035 годзе.

У тым жа мікрараёне «кампанію» Шкляраву будуць складаць чырвонаармейцы-ураджэнцы Веткаўшчыны Іван Макаранка і Павел Буйневіч.



Фёдар Шкляраў. Фота: vetka.museum.by


Што тычыцца Шклярава, то гэты выбітны дзеяч вядомы на ўсю Беларусь, як і створаны ім музей. У 1970-х гадах гэты мастак, майстар, калекцыянер, краязнаўца аб'ехаў рэгіён і сабраў унікальныя калекцыі абразоў XVIII–XIX стст., старадрукаваных і рукапісных кніг XV – пачатку XX ст., прадметаў побыту.

Ён дамагаўся стварэння ў Ветцы музею з гэтымі экспанатамі, і ў 1978 годзе ён быў адкрыты. Папаўняць калекцыі, збіраць матэрыялы, запісваць бясцэнныя звесткі жывога народнага асяроддзя Шкляраў працягваў да самай смерці ў 1988 годзе.

Ягоны музей уключаны ў маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны», пастаянна прымае наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але і замежнікаў.

Пакiнуць каментар