Павел Латушка: Лукашэнка загарэўся ідэяй флагштока ў Баку. Што вядомы палітык думае пра Гомель, ідэолагаў і культуру

| Горад

Мала хто з гомельцаў ведае, што апазіцыянер, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паўплываў на развіццё Гомеля, калі ў мінулым быў на пасадзе міністра культуры (з 2009 па 2012 гады). Які гэта ўплыў і чаму былая дзейнасць Латушкі да сёння стварае перашкоды для гомельскіх чыноўнікаў, у інтэрв'ю Флагштока з вядомым палітыкам.


— Ці даводзілася вам бываць у Гомелі? Якія ўражанні ў вас ад горада?

— Так, я сапраўды быў шмат разоў у Гомелі, і вельмі люблю гэты горад. І не таму што я даю інтэрв'ю менавіта жыхарам гораду Гомеля. Таму што ў мяне вельмі прыемныя ўражанні пакідаў Гомель дзякуючы кантактам, людзям, з якімі я сустракаўся. Таксама я бываў у вашых тэатрах, галерэі Гаўрыіла Вашчанкі, палацы Румянцавых і Паскевічаў, зразумела. Так што толькі прыемныя ўражанні. Вельмі цёпла ўспамінаю пра Якава Лабовіча, былога генеральнага дырэктара гомельскага цырка, які, на жаль, пайшоў з жыцця год таму.

— Вы пералічылі шмат гомельскіх устаноў. Але, на ваш погляд, ці ўсё ў Гомелі добра ў сферы культуры? Ці дастаткова цікавых культурніцкіх установаў, месцаў прыцягнення?

— Перадусім, памятаю, што ў 2011 годзе быў адным з ініцыятарам прызнання Гомеля культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Беларусі. Тады менавіта Гомель стаў першай культурнай сталіцай СНД. Гэты праект быў накіраваны на тое, каб павысіць стандарт, узровень у сферы культуры розных рэгіёнаў Беларусі. На жаль, гэта праблема, якая існуе па ўсёй Беларусі, можа, за выключэннем Мінска, дзе канцэнтруецца больш культурных праектаў, устаноў нацыянальна-рэспубліканскага ўзроўню.


У 2017 годзе ў прыпаркавай зоне на вуліцы Арцёма чыноўнікі хацелі пабудаваць шматпавярховыя дамы, што забараняла «пастанова Латушкі» 2011 года. На візуалізацыі альтэрнатыўны праект стварэння скансэна на вуліцы Арцёма

Зразумела, што былі праблемы, звязаныя з аховай гісторыка-культурнай спадчыны ў Гомелі. І ў сувязі з гэтым была прынята адпаведная пастанова Міністэрства культуры аб ахоўных зонах гістарыка-культурнага цэнтра Гомеля [«пастанова Латушкі», як яе скарочана называюць актывісты — удакладненне рэдакцыі]. У горадзе Гомелі ёсць шмат прыкладаў парушэння законаў, на жаль, але гэта праблема агульнадзяржаўная з улікам агульнадзяржаўнай палітыкі. 


У 2016 годзе ўлады планавалі пабудаваць на галоўнай плошчы Гомеля 3 падземныя пераходы. Будоўлю абмяжоўвала «пастанова Латушкі» 2011 года. На рэндары плошча Леніна з адноўленым касцёлам, на месцы якога мог з'явіцца падземны пераход  

— Дзякуючы ў тым ліку і пастанове Мінкульта 2011 года аб ахове гістарычнага цэнтра гомельцам атрымалася ў 2016 годзе дамагчыся, каб на галоўнай плошчы не пабудавалі падземныя пераходы, каб не была пашырана вуліца Пралетарская. 



Акцыя актывістаў супраць вырубкі дрэваў пад пашырэнне вуліцы Пралетарскай. Пашырэнне забараняла «пастанова Латушкі» 2011 года 

Але насуперак гэтаму закону была пабудаваная знакамітая гомельская прыбіральня за «мільён даляраў». Насуперак іншай Пастанове 2007 года быў пабудаваны флагшток. Чыноўнікі парушылі горадабудаўнічыя законы. Як іх дзейнасць асэнсоўваць у будучыні?

— Па-першае, у краіне поўны прававы дэфолт. Ён не пачаўся са жніўня мінулага года, ён існаваў і да гэтага. Можа, прыкметы яго былі не столькі сістэмнымі, якімі мы іх бачым сёння. Трэба вярнуць рэальнае дзеянне законаў. Калі мы кажам пра гісторыка-культурную спадчыну, Закон Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў прынцыпе распрацаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Другое. Пазбавіць магчымасці адміністратыўнага ўплыву на вырашэнне пытанняў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, які не адпавядае нормам дадзенага закону. Бо ўплыў гэты ажыццяўляецца праз сілу, праз таго, хто вышэй на пасадзе, хто можа націснуць.


«Залатая» прыбіральня на набярэжнай Гомеля, пабудаваная ў зоне аховы ландшафту насуперак «пастанове Латушкі» 2011 года і шэрагу іншых законаў

Трэцяе. Удзел грамадства. Без удзелу грамадства вырашаць падобныя пытанні немагчыма. Таму пры Міністэрстве культуры была створана назіральная грамадская камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага народнага фронту, грамадскіх ініцыятыў, якая на рэспубліканскім узроўні павінна была разглядаць усе праблемныя пытанні. Пры Міністэрстве культуры ёсць адпаведная рада, якую ўзначальвае намеснік міністра. І менавіта задачай Міністэрства культуры і з’яўляецца ахова спадчыны. Калі мы выходзім з гэтай асноўнай мэты, у рамках гэтага і адбываецца грамадскі дыялог.


Флагшток будаваўся насуперак пастановы Мінкульта 2007 года ў зоне аховы палацава-паркавага ансамбля

Прыклады флагштока ці прыбіральні — гэта, канешне, вельмі яскравыя і жудасныя прыклады. Тут службовыя парушэнні, якія павінны весці да адстаўкі чыноўнікаў. У нармальным свеце грамадства на гэта рэагуе, рэагуе дэпутацкi корпус, які рэальна абраны людзьмі, грамадзянамі гораду Гомеля, а не прызначаны зверху «губернатарам» ці Лукашэнкам, як гэта адбываецца сёння.

Што тычыцца флагштоку, ідэя, якую Лукашэнка пабачыў калісьці ў Баку, у Аліева, ён загарэўся гэтай ідэяй — трэба стварыць флагшток у Мінску, пазней пачалі гэта капіяваць «губернатары», у тым ліку і гомельскі «губернатар». Вось гэтую копію таксама Палаца Незалежнасці ў Мінску ён узяў ад Туркменбашы. Так што ад Азербайджана і Туркменістана нам прыйшлі менавіта тыя традыцыі, якія непрынятыя ў нашай краіне. Ён хоча праз гэта ўвекавечыць сваю памяць, ці паказаць сваю велічнасць. А велічнасць не ў гэтым. Велічнасць палітыка ў тым, каб дапамагаць людзям, чалавеку. Каб чалавек меў правы і свабоды, права на самарэалізацыю, перадусім мы павінны думаць пра яго, а не будаваць флагштокі за мільён даляраў.


Праект будынку суда ў Навабеліцы

Зараз у Навабеліцы будуецца суд за 5 мільёнаў рублёў. Зноў-такі, судовая сістэма перастала існаваць у Беларусі. Яна стала сістэмай жорсткага пакарання, не правасуддзя. І на гэта выдаткоўваць 5 мільёнаў рублёу? Дзеля чаго? Каб стварыць як мага яшчэ лепшыя варункі для працы? Там павінна перадусім здзяйсняцца праца людзей, якія бароняць інтарэсы грамадзян, а не караюць па рашэнню выканаўчай улады.

У нас не функцыянуе грамадскі ўплыў на гэтыя праблемы. Грамадства пазбаўлена інструменту ўплыву на мясцовыя ўлады. Гэта галоўная праблема сёння ўвогуле ў кіраванні краіны. Усё цэнтралізавана наверх. А трэба рашэнні прымаць на зямлі, каб людзі вырашалі, дэпутаты мясцовых саветаў вырашалі. Абраныя, а не прызначаныя.


Праект бізнэс-цэнтра, які плануецца пабудаваць насупраць найстарэйшай гомельскай царквы ў прыпаркавай зоне (вуліца Камісарава). Згодна «пастанове Латушкі» 2011 года будоўля на гэтым месцы забараняецца

— Чаму на працягу апошніх 5 год усе скандальныя горадабудаўнічыя праекты Гомеля ўзгадняў Мінкульт насуперак сваіх жа пастаноў? І што цікава, знаходзіліся іншыя ўстановы, якія праяўлялі прынцыповасць і не давалі ўзгадненні. Як так атрымалася, што мясцовыя чыноўнікі маюць уплыў на вышэйстаячую ўстанову?

— Праблема заключаецца ў тым, што вырашаецца ўсе праз тэлефоннае права або праз рэзалюцыі. У выпадку, калі наклаў рэзалюцыю Лукашэнка ці ўрад, ніхто ўжо не дыскутуе, усе спрабуюць альбо парушыць закон, альбо зрабіць выгляд, што яго не парушаюць. І з гэтага ўсё вынікае. Супраціўляцца пазней ужо вельмі цяжка.


Мінкульт у лісце даводзіць, што будоўля флагштока не з'яўляецца будоўляй новага аб'екта, бо будзе ўсталяваны на «існуючым стылабаце», якога насамрэч не існуе

Што тычыцца пазіцыі Міністэрства культуры, яно было закладнікам гэтай сітуацыі. Але я памятаю, што ў мой час мне начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны сказаў калісьці: «Маёй дачцэ пагражалі за тое, што я стаю супраць узгаднення рэалізацыі інфраструктурнага праекта, у выніку якога будзе знішчаны помнік гісторыі». На што я яму сказаў: «Добра, давайце на будучыню дамовімся, можаце да мяне ў кабінет не прыходзіць, а заўсёды кажыце, што гэта Латушка супраць, і няхай яны са мной будуць размаўляць, чаму яны хочуць парушыць закон і знішчыць нейкі гісторыка-культурны аб’ект».

Гэта сапраўды было вельмі цяжка. Гэта была штодзённая барацьба. «Губернатары» ціснулі, іншыя міністры ціснулі, прэм'ер ціснуў, Лукашэнка асабіста.

— Калі нешта зменіцца ў Беларусі, сыдзе Лукашэнка, то можа так атрымацца, што народ у першую чаргу захоча вырашэння эканамічных праблем, а ўсе культурніцкія пытанні сыдуць на другі план. Што ў гэтай сітуацыі варта рабіць, як павінна развівацца культура?

— Я трошкі паспрачаюся з вашым тэзісам, вы кажаце, што культура сыдзе на другі план. Яна і ёсць на другім плане. Пытанне, як паставіць яе ў першы шэраг, каб сапраўды дзяржава будавалася на двух галоўных слупах. Я казаў гэта заўсёды, калі працаваў міністрам культуры, гэта два роўных, вельмі важных слупа для кожнай дзяржавы — культура і адукацыя — адзін, другі — гэта эканоміка, ці наадварот, бо тут першачарговасці я не хацеў бы ставіць. Бо калі думаць толькі пра хлеб, то як казалі старажытныя рымляне, хлеба і відовішч, тады мы пабудуем дзяржаву, якая разваліцца, і грамадства, якое не будзе ўвогуле разумець, нашто яно жыве ў гэтай дзяржаве. Такая дзяржава не мае перспектываў, таму культура і адукацыя павінны быць прыярытэтам у дзяржаве.

Я перакананы, калі адбудуцца змены, гэты прыярытэт будзе адназначна акрэслены. Я перакананы, што беларусы маюць вялікую патрэбу на духоўнае, на культурную спадчыну, культурную сучаснасць. Беларусы адкрытыя для культуры людзі. Гэта мы пабачылі асабліва зараз, у гэтым руху. Культура паказала, што яна з’яўляецца лідарам гэтага руху да свабоды, да дэмакратыі. 


— А тое, што звязана з матэрыяльнай культурай, што патрабуе нейкага аднаўлення — будынкі, помнікі архітэктуры, на гэта патрэбны вялікія грашовыя ўліванні…

— Па-першае, давайце будзем прагназаваць развіццё сітуацыі, калі адыдзе Лукашэнка. Я не лічу, што крызісная сітуацыя будзе працяглай. Я перакананы, што ў нас ёсць адпаведны чалавечы інтэлектуальны рэсурс, добрыя эканамісты, мэнэджэры, якія здольныя выцягнуць Беларусь з гэтай эканамічнай дзіркі, у якой мы зараз знаходзімся ўсе. Гэта рэальна зрабіць на працягу года, максімум двух. З улікам таго, што Еўрапейскі саюз таксама задэклараваў структурную дапамогу Беларусі ў пераходны перыяд пасля пачатку новай Беларусі. Гэта было заяўлена два тыдні таму, на просьбу ўсіх дэмакратычных сілаў, якую мы скіравалі ў Еўрапейскі саюз. Гэта будзе таксама дадатковым фінансавым інструментам. Калі ўсходні сусед будзе гатовы сапраўды рэальна дапамагаць беларусам, а не ўзурпатару, то мы таксама адкрыты да такога супрацоўніцтва. Так што будзе падсілкаванне і фінансавае.

Візуалізацыя рэканструкцыі будынку пачатку ХХ ст. аўтарства архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Быў перабудаваны ў савецкія часы

Але ўсё ж такі ўсё залежыць ад нас саміх. Я перакананы, што беларусы працавіты народ. Настолькі таленавіты, крэатыўны, насколькі ён паказаў асабліва апошнім часам, што мы з вамі здольныя пераадольваць гэты крызіс на працягу года-двух.

Сёння, калі мы паглядзім выдаткі бюджэта рэспубліканскага на культуру, гэта 0,37 адсоткаў працэнта. Гэта самы мінімальны за ўсю гісторыю дзесяцігоддзя, бадай жа, бюджэт, які выдаткоўваецца на культуру. А чаму? Таму што сродкі ідуць на Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ, усялякія аналітычныя цэнтры, службы бяспекі і гэтак далей, на ўтрыманне Лукашэнкі. 

Прыярытэты будуць зменены. Прыярытэты, зразумела, будуць і на сферу культуры і адукацыі.


Актывісты Гомеля ратуюць драўляны дэкор будынку перад яго зносам

— Пасада ідэолагаў. Ці будзе яна зліквідаваная?

— Абсалютна. Гэта фактычна паліцэйскі інструмент, сілавы інструмент, я бы сказаў, уздзеяння на людзей. Бо гэта яны арганізоўваюць прымусовыя акцыі, гэта яны пагрозамі збіраюць людзей на праўладныя мітынгі, гэта яны займаліся фальсіфікацыяй выбараў, гэта персанальная іх адказнасць і функцыянальная адказнасць. Менавіта праз іх дае даручэнні «губернатар», «мэр» ці старшыня райвыканкама.


Гомельскія ідэолагі на праўладным канцэрце перад выбарамі 9 жніўня

— Напрыканцы мінулага года людзі з большага аддавалі перавагу таму, каб не стасавацца з прадстаўнікамі нелегітымнай улады, усе стасункі спыніць. Але сёння ў людзей усё менш веры ў хуткія змены, і ў актывістаў, гараджанаў з’яўляецца дылема — ці ісці на кантакт з мясцовымі ўладамі ці ўсе ж такі не кантактаваць з імі. Як людзі павінны сёння дзейнічаць?

З прыкладаў рознай актыўнасці. Нядаўна было грамадскае абмеркаванне, на якім адбылася перапалка гараджанаў з мясцовымі ўладамі. Ці быў буйны велапрабег гомельскага веларуху пры падтрымцы мясцовых уладаў, актывісты спаслаліся на тое, што ім патрэбныя інфраструктурныя змены, таму будуць ладзіць такія мерапрыемствы.

— Мы разумеем, што барацьбу вядзем з сістэмай, якая будавалася 26 гадоў, і змяніць яе аказалася не так лёгка. Значыць, мы павінны быць моцнымі ў разуменні таго, што гэта зойме час. Я не думаю, што справа ідзе пра гады, я лічу, што гэта адбудзецца значна раней. Бо ні Лукашэнка, ні ўрад не ў стане эфектыўна кіраваць краінай, не ў стане забяспечыць развіццё дзяржавы, не ў стане забяспечваць грамадскі лад і згоду ў Беларусі. Гэта важна разумець і актывістам. На актывістаў як раз такі вялікая надзея, таму што ім перадусім працаваць і даносіць інфармацыю больш шырокаму колу жыхароў рэгіёна. Бо калі актывісты здаюцца, мы разумеем тады, што казаць пра пасіўную частку насельніцтва, якая пасіўна за змены, але ўсе ж такі актыўнага ўдзелу не бярэ. Я разумею ўсе рызыкі, якія сёння існуюць, але без стварэння лакальных разнастайных структураў перспектыва далейшага руху бачыцца даволі цяжкай.


Грамадскае абмеркаванне транспартнай схемы Гомеля, падчас якога адбылася перапалка паміж гараджанамі і чыноўнікамі

Што тычыцца прыкладу, калі людзі прыйшлі і сказалі ўсё ўладзе, адбыўся такі адкрыты дыялог, то гэта добра. Трэба ім выказваць сваю думку, трэба ім паказваць, што грамадства будзе ў Беларусі граць ключавую ролю, што мы тут гаспадары. Яны нанятыя. Прабачце, не нанятыя, яны ўзурпатары ў гэтай сітуацыі, бо мы іх не нанімалі. Ім трэба выказваць гэта гледзячы ў вочы. І той, хто гэта робіць, яму пашана. Павага такім людзям, якія могуць прыйсці і гэта сказаць. Я тут не бачу нічога кепскага.

Пагадзіцца з тым, што столькі людзей пацярпела, сядзіць у турмах? Колькі гамельчукоў сядзіць зараз у турмах? То мы забудземся з вамі? Калі нам цяжка, калі мы псіхалагічна дэмаралізаваныя, забудземся пра тое, што людзі сядзяць у турмах?


Сёння [20 мая — удакладненне рэдакцыі], дарэчы, Мікалая Статкевіча этапавалі ў Гомель. Бачыце, які мужны чалавек. Кожны раз яго саджаюць-саджаюць па выдуманых прычынах. І зноў яго пасадзілі, бо Лукашэнка яго баіцца. А Сяргей Ціханоўскі ўвогуле з Гомеля.

Раней лічылася, што Гомельшчына — такая частка Беларусі, найбольш непалітызаваная, не ўдзельнічала ў нейкіх актыўных акцыях, так гістарычна было за апошнія дзесяцігоддзі. А сёння Гомель фактычна стаў лідарам у гэтай сітуацыі, на вас глядзіць уся Беларусь. Вы сталі прыкладам змагання. Так, паўстала фактычна ўся Беларусь. Паўсталі вёскі, маленькія гарады, але на Гомельшчыне асабліва. Удзячны вам за тое, што вы зрабілі, і надзея на тое, што вы не здадзіцеся і мы пераможам. У мяне ў гэтым не надзея, а перакананне.


Флагшток


На какие товары выросли цены в Гомельской области

| Горад

За последний год цены на потребительские товары в Беларуси выросли на 9,4%. Флагшток выяснил, на какие товары и услуги цены растут быстрее всего, а также какие товары выгоднее всего приобретать в Гомельской области.

«Молчать невозможно. На кону — наши дети». В провластном чате Гомеля скандал: идеолог запретила согласованное мероприятие выпускников

| Горад

В чате «Гомель Автопробеги За Беларусь! Сильную, процветающую!!» бурлит обсуждение о произволе властей, с которой столкнулась одна из провластных активисток.

Зарплата па 500 и выше. Флагшток попытался устроиться врачом и грузчиком на ярмарке вакансий от Гомельского райисполкома

| Горад

9 июня на единой информационной площадке e-vacancy.by прошла электронная ярмарка вакансий, организованная управлением по труду, занятости и социальной защите Гомельского райисполкома. На ярмарке были представлены около 300 вакансий с зарплатой от 250 до 1900 рублей. Журналист Флагштока принял участие в он-лайн мероприятии, чтобы узнать, можно ли на ярмарке найти работу с достойным уровнем оплаты труда.

Из-за «неблагоприятной политической обстановки». Сеть Табакерок терпит убытки в Гомельской области

| Горад

Установка новых Табакерок досаждает не только гомельчанам, но и чиновникам. Об этом свидетельствуют переписка гомельского филиала торговой сети с администрацией Железнодорожного района города Гомеля, которую выложили в сети киберпартизаны. Флагшток выяснил, как Табакерка портит не только внешний вид города, но и экономические показатели Железнодорожного района Гомеля.