Як ствараюцца прапагандысцкія публікацыі, паказала раённая газета
Падаецца, што работнікі дзяржаўнай газеты з Калінкавічаў апублікавалі агітку пра ВНС проста з рук загадкавага лялькавода. У тэлеграм-канале «Калинковичи_новости» з’явілася публікацыя з загалоўкам: «Я вам на пошту адправіў тэкст і фота па ВНС». Работнік газеты проста «рэпоснуў» атрыманае паведамленне ў канал выдання.
Так, верагодна, супрацоўнікі раёнкі выпадкова паказалі, якім чынам яны атрымліваюць інфармацыю — наўпрост з аддзела ідэалогіі мясцовага райвыканкама.
Ды і сама цытата пра «ўмацаванне прынцыпаў народаўладдзя», прыпісаная начальніку ўчастка, як паказаў просты пошук у Гугл, — паўтарагадовай даўніны і ўзятая з агульнай метадычкі да «Адзінага дня інфармавання». Як мінімум з красавіка 2024 года яна змяшчаецца ў публікацыях дзяржрэсурсаў: падобных выступах чыноўнікаў.
Паведамленне, якое заўважыў і зафіксаваў Флагшток, неўзабаве было выдалена.
t.me/flagshtok