Гэтай крымінальнай гісторыяй у пачатку ХХ стагоддзя жыла ўся Гомельшчына. Яна пра рабаўніка і бандыта, з якім, паводле легенд, марылі сустрэцца маладыя паненкі.
Аляксандр Савіцкі нарадзіўся ў Навазыбкаве ў 1886 годзе. У маладосці захапляўся ідэямі бальшавізму, але з часам расчараваўся ў іх, палічыўшы недастаткова радыкальнымі. Тады ён стварыў на Гомельшчыне ўласныя партызанскія атрады, каб самастойна змагацца з сацыяльнай няроўнасцю. Партызаны рабавалі мясцовых памешчыкаў, а нарабаванае часта раздавалі сялянам.

На хвалі народнай сімпатыі вакол няўлоўнага бандыта ўзнікалі легенды: быццам ён мог схавацца ад любога пераследу, пераапрануўшыся ў жанчыну, манаха ці нават паліцэйскага.
Савіцкі свабодна размаўляў па-беларуску, па-польску і на ідзіш, што рабіла яго «сваім» для розных груп мясцовага насельніцтва. За інтэлігентныя паводзіны падчас рабаўніцкіх нападаў ім захапляліся нават мясцовыя памешчыкі. У яго атрадах існаваў своеасаблівы кодэкс: не злоўжываць спіртным, не чапляцца да жанчын, не выкарыстоўваць зброю без неабходнасці.

А вось як апісала адзін з яго набегаў маладая паненка Ірэна Лісоўская:
«"Рукі ўгору!”… Олек абярнуўся і ўбачыў, што ў салоне з тузін узброеных рэвальверамі бандытаў. Савіцкі звярнуўся да ўсіх ветліва, але цвёрда папрасіў аддаць грошы, гадзіннікі, біжутэрыю.
Калі Савіцкі атрымаў усё, то падзякаваў і папрасіў аб паданні вячэры. Савцікі прасіў, каб паненкі таксама занялі мейсцы ля стала і арганізавалі яму сяброўскую размову.
Па вячэры Савіцікі зайграў модны шлягер “Гуд бай”. Савіцкі пацалаваў паненак у рукі і прасіў не паведамляць у паліцыю аж да заўтрашняга ранку, а потым сышоў. Ксёндз і ўсе былі шакаваныя, доўгі час сядзелі моўчкі, аслупянеўшы».

Лёс Савіцкага аказаўся трагічным. У красавіку 1909 года паліцыя правяла супраць яго сапраўдную аблаву. Падчас перастрэлкі ў сяле Краснае пад Гомелем загінулі двое яго людзей, а таксама і сам Савіцкі. Улады адразу ўзяліся разбураць яго рамантычны вобраз: паліцыя распаўсюджвала фотаздымкі забітых, а імперская прэса настойліва малявала з Савіцкага злачынцу, прыпісваючы яму самыя жахлівыя злачынствы. Але эфект аказаўся супрацьлеглы — гісторыя толькі абрасла новымі легендамі і сюжэтамі для літаратуры.

У вёсцы Краснае, дзе Савіцкі быў пахаваны, з часам з’явілася традыцыя ўшанавання яго памяці. У савецкія часы да яго магілы прыводзілі школьнікаў. Але сёння месца пахавання страчанае, а ў мясцовым музеі ўжо няма ўзгадак пра няўлоўнага бандыта.
І ўсё ж імя Савіцкага працягвае жыць — ва ўспамінах і творах аўтараў, якія натхняліся легендамі пра шчырага барацьбіта за сацыяльную роўнасць, няўлоўнага рыцара, сустрэча з якім здавалася казачнай прыгодай для сентыментальных паненак.