Гомельская майстрыха стала папулярнай пасля таго, як перайшла на беларускую мову

| Навіны

Гомельская майстрыха Юлія, якая вырабляе ўпрыгожванні з сапраўдных кветак, на ўласным прыкладзе пераканалася ў моцы беларускай мовы, якая цяпер у трэндзе. Яе профіль Флагшток заўважыў у Threads.

Рукадзельніца рабіла некалькі спробаў стаць папулярнай і распавядала пра свае ўнікальныя ўпрыгожванні ручной работы на расійскай мове. Але пасты не «заляталі». У адчаі дзяўчына напісала, што стамілася змагацца, і спытала ў аўдыторыі, што рабіць – бо допісы лайкаюць, з большасці, жыхары Казахстану, а кліентаў яна шукае сярод беларусаў.



Фота: Threads


Гэты допіс заўважылі і параілі Юліі напісаць наступны пост на беларускай мове, якая стала папулярнай у Threads – у гэтым выпадку пост дакладна «выстраліць» і дзяўчыну заўважаць.

Яна паслухалася парады і зноў выклала здымкі сваіх работ з подпісам: 

«Беларусы казалі, што калі буду пісаць на беларускай мове, то мяне адразу заўважаць. Я веру. Ствараю ўпрыгожванні з сапраўдных кветачак».


І гэта сапраўды спрацавала: менш чым за суткі пост набраў звыш 1 тысячы лайкаў і сотню каментароў. Карыстальнікі падтрымалі гомельскую майстрыху і зацікавіліся яе работамі, але і без хэйту не абыйшлося – як з боку прыхільнікаў расійскай мовы, так і некаторых украінцаў.