«Спроба – не хвароба». Гомельскі валанцёр пры вяртанні ва Украіну атрымаў адмову і цяпер просіць дапамагчы з падставай для ўезду

| Асобы

Гомелец Зміцер Лукомскі мае намер вярнуцца ва Украіну, каб дапамагаць мясцовым актывістам у праваабарончай і валанцёрскай дзейнасці. Нагадаем, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ён знаходзіўся ва Украіне і ўдзельнічаў у валанцёрскіх праектах. Затым быў вымушаны выехаць на тэрыторыю Еўразвязу, каб вырашыць пытанні з легалізацыяй.



Пасля атрымання міжнароднай абароны ў Славакіі і віду на жыхарства ў гэтай дзяржаве ён зноў прыехаў ва Украіну, дзе працягнуў валанцёрскую дзейнасць. Аднак цяпер, паводле заканадаўства, мусіў выехаць на тры месяцы з краіны. 



Зміцер Лукомскі на вакзале ў Львове. Фота: Фэйсбук


Пры спробе вяртання яго не прапусціла памежная служба. Гэта было чакана, бо ад грамадзян Беларусі патрабуюць падставу для ўезду – афіцыйнае запрашэнне, якога Зміцер не меў.

Цяпер ён шукае арганізацыю, якая б выдала яму такое запрашэнне:

«Хачу зноў далучыцца да шэрагаў валанцёраў ці праваабаронцаў. Маю значны вопыт у праваабарончай дзейнасці і грамадскім сектары і гатовы прымяняць свае веды і навыкі на практыцы».


Аб спробе ўезду ва Украіну актывіст распавёў у сацсетцы і адзначыў «па-сапраўднаму чалавечнае стаўленне» памежнікаў у Львове, дзе ён чакаў пасадкі на цягнік да Польшчы пасля забароны ўезду:

«Дзякуй за дапамогу цягам усяго часу, за тое, што дапамагалі насіць мае рэчы, прынеслі каву, уключылі мне тэлевізар, за прыемныя гутаркі і проста чалавечае стаўленне. Атмасфера была настолькі цёплай і нязмушанай, што часам здавалася, быццам я знаходжуся ў гасцях у добрых знаёмых, а не чакаю вяртання назад».


Цяпер Зміцер часова знаходзіцца на тэрыторыі Еўразвязу і шукае арганізацыю, якая дапамагла б з уездам.