Перажыў расійскі «падвал», катаванні, але нікога не здаў. Як ураджэнец Гомельшчыны партызаніў пад акупацыяй у Херсоне

| Асобы

Беларус Валер Камагораў з 2015 году жыве ў Херсоне. Калі пачалася расійская акупацыя, ён са сваёй дзяўчынай засталіся ў горадзе. «Спачатку каардынавалі разам з іншымі мітынгі. Потым займаліся партызаншчынай, здымалі патрыятычны TikTok. Нас здалі і мы трапілі «„на падвал“». Пра гэта Валер расказаў Свабодзе.



Валер і Вольга. Фота: Свабода


«У Херсоне вырашылі заставацца прынцыпова»

Валер Камагораў паходзіць з Брагінскага раёну, вучыўся ў Магілёве. У 2015 годзе пераехаў ва ўкраінскі Херсон да сваёй колішняй дзяўчыны, з якой пазней узяў шлюб. Меў невялікую краму тавараў для рыбалкі, адпачынку і турызму. Апошні раз у Беларусі Валер быў у 2016 годзе.

«Больш не ездзіў, бо ведаеце, што там адбывалася. Больш за трох не збірацца, гэты ўсялякі маразм і трызненне. Я яшчэ ў 2015 годзе пасля выбараў трапляў там у замес, таму і не ездзіў на радзіму», — кажа Валер.

У 2021 годзе беларус развёўся. Пачаў працаваць у рамонце ноўтбукаў і тэлефонаў.


«Пасля пачатку вайны я прынцыпова застаўся ў Херсоне. Бо тут былі людзі, якія патрабавалі маральнай і фінансавай падтрымкі. Спачатку мы дапамагалі тэрытарыяльнай абароне — калі расійцы спрабавалі захапіць Херсон, будавалі барыкады. Потым каардынавалі разам з іншымі праўкраінскія мітынгі, малявалі плакаты. Таксама валанцёрылі, дапамагалі бабулькам з прадуктамі і лекамі», — кажа беларус.


«Займаліся ўсімі відамі партызанскай дзейнасці»

Валер расказвае, што пад акупацыяй ён і група актывістаў займаліся партызанскай дзейнасцю.

«Рознай. Прабівалі колы ў тэхніцы акупантаў. Залівалі салярку замест бензіну, дадавалі цукар у паліва. І так псавалі ім тэхніку. Здавалі іх пазіцыі», — кажа беларус.


Калі людзей у Херсоне расійцы пачалі масава затрымліваць, нават па дзясятку чалавек у дзень, весці такую дзейнасць стала небяспечна, расказвае Камагораў. Тады Валер са сваёй цяперашняй дзяўчынай Вольгай вырашылі здымаць патрыятычныя праўкраінскія відэа для TikTok.

«Па сутнасці, у нас засталася такая „група“ — я, Вольга і яшчэ адна жанчына. Вось нас нехта здаў і 24 жніўня мы ўтраіх трапілі ў палон», — кажа Валер.


Па словах беларуса, іх «бралі» расійскія вайскоўцы, супрацоўнікі ФСБ, ваенная паліцыя і мясцовыя калабаранты.



Падвал. Фота: СБУ


«Мяне адразу стукнулі прыкладам у галаву, потым чатыры гадзіны білі пасля затрымання, на вуліцы. Добра, што я пачысціў да гэтага інтэрнэт, перапіскі. Бо было б горш. Так толькі засталася інтэрнэт-актыўнасць у Tiktok», — кажа беларус.


«Абяцаў маці, што выжыву»

Пры затрыманні расійцы ўбачылі ў пакоі Валера бел-чырвона-белы сцяг.

«Гэта іх моцна раззлавала. Яны крычалі, што я за Ціханоўскую, усяляк абражалі, з цэнзурнага было хіба „шпіён, здраднік, пацук“. Крычалі, што „у нас жа саюзная дзяржава, мы ж братэрскі народ, чаго ты „ўкропам“ прадаўся?“. Крычалі: „Што, ты сабе ў Гомелі дзеўку не мог знайсці?“», — кажа Валер.

Яго, дзяўчыну і жанчыну з «групы» прывезлі «на падвал», які быў у цэнтры Херсону і які пасля вызвалення здымала Служба бяспекі Ўкраіны.

«Там нас і трымалі. Вольгу і нашу жанчыну адпусцілі пасля 11 дзён „на падвале“. Вольга захварэла там на ангіну і не магла гаварыць. Жанчыне ж зрабілася блага. Мне стала лягчэй, калі іх вызвалілі. Гэта надало мне сіл перанесці ўсе выпрабаванні. Тым больш я абяцаў маці, што выжыву», — кажа беларус.


«Білі токам, палохалі артыкуламі за тэрарызм і шпіянаж»

Як расказвае беларус, штодзень з 6 раніцы да 12 дня былі допыты і біццё.

«Выбівалі паказанні, каб прызнаўся, хто ў горадзе партызаніў, хто маляваў украінскія стужкі. Прасілі: „Здай якога тлустага камерсанта, які за Ўкраіну“. Палохалі праблемамі ў сваякоў, пагражалі дэпартацыяй. Білі токам. Пагражалі, што „прышыюць“ тэрарызм, экстрэмізм і шпіянаж. Пасля, з 27 верасня, адправілі за горад капаць акопы, магілы. Каму тыя магілы былі, я не ведаю», — кажа Валер.



Валер Камагораў. Фота: Свабода


На капанні акопаў беларус пазнаёміўся з мабілізаванымі з так званай «ДНР». «Там былі тыя, каго паспелі загрэбці. Студэнты, сталявары. Яны і самі не хацелі ваяваць. Але ім не было куды дзецца. Казалі, што расійцы называюць іх „аднаразовымі“. Ад іх хоць было нармальнае стаўленне. Бо пасля падвалу ў мяне былі і рэбры паламаныя, і зубы выбітыя, і праблемы са здароўем. Але жывы — гэта галоўнае», — успамінае Валер.

Начаваў ён і іншыя затрыманыя ў хляве з заваранымі вокнамі і дзвярамі.

«Там было трохі лепш, чым у падвале. Хоць нейкія матрацы валяліся на падлозе. Бо ў падвале начавалі на голым бетоне. У падвале маглі і тыдзень не карміць, даць якой недаваранай грэчкі жменю. Камэры ў падвале былі перапоўненыя, трамбавалі па 7-8 чалавек», — прыгадвае Валер.


«Добра, што выжыў і нікога не здаў»

Валер кажа, што 24 кастрычніка да яго падышоў ахоўнік і сказаў, што ёсць загад адпусціць яго «на чатыры бакі». Але яму параілі пасядзець да раніцы, бо пастоў жа ніхто не зняў і «маглі прыстрэліць».

«Галоўнае, што выжыў і не здаў нікога. У мяне ж былі сувязі з вайскоўцамі, з тэрабаронай. А расійцы дапытваліся, дзе пазіцыі вайскоўцаў, дзе ў горадзе жывуць былыя вайскоўцы і паліцыянты», — кажа беларус.


Валер расказвае, што святла ў Херсоне пакуль няма, але ўжо ёсць вада. Пачасціліся абстрэлы.


«Усе спадзяюцца, што расійцы сюды не вернуцца. Нават калі ў горад заходзілі нашы, украінскія вайскоўцы, многія пабаяліся выходзіць з дамоў. Думалі, нейкая правакацыя. Потым ужо адважыліся, выскачылі. Цяпер у горадзе яшчэ вылоўліваюць калабарантаў, праводзяць фільтрацыю. Бо рэальна многія дапамагалі акупантам, перайшлі на іхны бок. Мы застаёмся ў Херсоне. Трымаем абарону!» — дадаў Валер.

«Вельмі верыць у беларусаў і Украіну, што ўсё будзе добра». Сястра асуджанага на 6,5 года гомельца — пра яго затрыманне, прысуд, лісты з калоніі

| Асобы

18-гадовага Іллю Верамеева схапілі на чацвёрты дзень вайны — пасля ягоных заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць.