Памерла першая і адзіная дэмакратычна абраная кіраўніца Гомеля – Святлана Гальдадэ

| Асобы | 0

Пайшла з жыцця Святлана Гальдадэ, старшыня Гомельскага гарсавету і выканкаму часоў «Перабудовы». Пра яе смерць 21 студзеня напісаў былы намеснік — Віктар Карнеенка:

«Нас выбраў нялегкі час, калі сацыяльна-эканамічныя катаклізмы здараліся што ні дзень. То раптоўна знікаў тытунь, то цукар, то ўсё разам. Алею ў агонь падлівала старая наменклатура, якая, па-мойму, так і не ўспрыняла Святлану Канстанцінаўну за роўную сабе. Але падтрымкай быў гарадскі Савет, адзіны прадстаўнічы орган улады ў Беларусі, дзе антыкамуністычныя сілы мелі большасць».



Святлана Гальдадэ ў цэнтры. Фота: Сямён Хейфец


Таксама Віктар Карнеенка адзначыў, што калі ў апошні раз быў у гарвыканкаме, то пяць тагачасных супрацоўнікаў падзяліліся з ім меркаваннем, што праца пад кіраўніцтвам Гальдадэ была самым лепшым і запамінальным для іх часам ва ўладзе. 

«Запомніліся на ўсё жыццё і мне тыя тры гады. Бывай, Святлана Канстанцінаўна. Дзякуй за палітычныя і жыццёвыя ўрокі. Самыя шчырыя спачуванні мужу Віктару Антонавічу, сыну, унучцы, ўсім родным і блізкім, сябрам», – дадаў былы калега.



Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 году, калі Аляксандр Лукашэнка стаў ствараць выканаўчую «вэртыкаль», Гальдадэ ў хуткім часе сама мусіла пакінуць пасаду старшыні Гомельскага гарвыканкаму, пачала дзейнічаць у апазіцыі да Лукашэнкі і ягоных стаўленікаў, адзначае «Радыё Свабода». Яна ўвайшла ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП) і некалькі разоў вылучалася ў выбарчыя камісіі на выбары рознага ўзроўню, але ўлады не ўключалі яе ў склад.

Крытыкавала новыя ўлады за стаўленне да наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, адна з першых заўважыла, як дзяржава пад кіраваннем Лукашэнкі пачынае зводзіць рахункі з недзяржаўнымі грамадзянскімі арганізацыямі, была адной з першых, якая заўважыла вынішчэнне сістэмы самакіравання пры новай уладзе.



Святлана Гальдадэ ў 2017 годзе. Фота: 34mag.net, Марына Драбышэўская


У апошнія гады Святлана Гальдадэ, пакуль ёй дазваляла здароўе, ўдзельнічала ў абароне ад забудовы зялёнай зоны Гомеля і іншых грамадскіх ініцыятывах.




Двайное абнуленне, беларуская салідарнасць, жыццё ў эпоху перамен. Якім бачыць свет і самога сябе пасля месяцу на волі гомельскі журналіст Яўген Меркіс

| Асобы

Як чалавек пасля працяглай ізаляцыі бачыць сучасны свет, які імкліва змяняўся увесь гэты час, уласнае жыццё і перспектывы.