Вядомы навуковец з Гомеля, супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны, дацэнт кафедры філасофіі, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка памёр у шпіталі 15 траўня. Паводле звестак Флагштока, нядаўна ў яго выявілі анкалагічнае захворванне на апошняй стадыі — лячэнне было ўжо амаль немагчымым.

Віктар Адзіночанка. Фота: ГДУ Скарыны
Адзіночка вядомы тым, што выдаў першы вучэбны дапаможнік для студэнтаў па рэлігіязнаўстве на беларускай мове, а таксама іншыя шматлікія публікацыі. У жыцці і на працы ён размаўляў па-беларуску.
Віктар Аляксандравіч родам з Рэчыцы, выкладаў ва ўніверсітэце рэлігіязнаўства, філасофію, эстэтыку, у апошні час працаваў над абаронай доктарскай дысертацыі, аднак, паводле звестак калегаў, атрымліваў перашкоды з боку некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі ВНУ.
Адзіночанка таксама быў вядомы як грамадскі дзеяч, які вымушаны быў спыніць актыўнасць пасля 2020 году. Ён займаўся на Гомельшчыне доўгія гады праваабарончай дзейнасцю, займаўся незалежным назіраннем за выбарамі, калі гэта было яшчэ магчыма, удзельнічаў у кампаніі супраць смяротнага пакарання. З-за гэтага быў пад кантролем уладных структур.
Навукоўцу павінна было споўніцца ў чэрвені 63 гады. У яго засталася жонка і двое маленькіх дзяцей ад апошняга шлюбу. Малодшаму дзіцяці ўсяго каля трох месяцаў.