Гамяльчанка паступіла вучыцца ў прэстыжны каледж у Сінгапуры, каб дапамагчы Беларусі

| Асобы

Сямнаццацігадовая жыхарка Гомеля Ангеліна Себік пасля школы вырашыла працягнуць навучанне за мяжой. У выніку здачы выпрабаванняў яна атрымала стыпендыю на навучанне ў прэстыжным сусветным каледжы UWC. Флагшток абмеркаваў з ёй адрозненні ў нашых навучальных сістэмах і яе ўражанні ад Сінгапура.

Я адвучылася ў Гімназіі № 10 у Гомлі і захацела паступаць за мяжу дзесьці ў 10 класе. Бліжэй да старэйшых класаў адбылося першае судатыкненне з БРСМ і прыйшло разуменне, што з сістэмай адукацыі ў нас нешта не тое. А паездка ў Польшчу дазволіла паглядзець на гістарычныя мясціны ды параўнаць жыццё там і тут. Пасля «Моўнага чэленджа» ад Арт-сядзібы я перайшла на беларускую мову і мой светапогляд яшчэ больш пашырыўся. Менавіта тады я патрапіла ў інтэрнэце на допісы Франака Вячоркі у якіх ён распавядаў як паступаць за мяжу, якія магчымасці для беларусаў ды беларусак існуюць, і што яны, чамусьці, імі вельмі мала карыстаюцца.

Паколькі ў сферу маіх інтарэсаў ужо трапіла паліталогія, то я зразумела, што на Радзіме я наўрад ці атрымаю якасную адукацыю па гэтым профілі, таму я стала шукаць адукацыйныя магчымасці за мяжой. Але ідэя паступаць за мяжу падалася для маёй сям’і чымсьці надзвычайным, маўляў гэта немагчыма.




Спачатку я планавала паступаць у ЗША. У Беларусі дзейнічала праграма «Education USA», у межах якой кансультавалі і аказвалі інфармацыйную падтрымку нашым студэнтам, прычым бясплатна. Гэта вельмі добра дапамагае зразумець як функцыянуе іх сістэма адукацыі, як падаць заяўку і куды. Была ў яе межах і праграма «Opportunity», якая давала магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку для здачы тэстаў, каб паступіць у амэрыканскую ВНУ. Адной з умоваў паступлення была неабходнасць здаць моўны тэст TOEFL на веданне англійскай мовы на 90–95 балаў. І тут мне троху не пашанцавала, бо гэтая задача прыйшлася менавіта на верасень 2020 года, калі ментальны стан у мяне (ды і ў большасці беларусаў ды беларусак) быў не самы лепшы. У выніку я не паспела падрыхтавацца належным чынам і мне не хапіла літаральна 5 балаў. З такім вынікам імавернасць паступлення ў ЗША і атрымання стыпендыі знізілася ў разы.

Канешне такі вынік моцна дэматываваў, але я сабралася, ды пачала шукаць іншыя шляхі. Агулам у мяне вымалявалася чатыры планы: працягваць кампанію па паступленні ў ЗША сваімі сіламі (але шанцы былі вельмі нізкія), паступаць у ЕГУ ў Вільню (там была магчымасць атрымання поўнага гранта і час на падрыхтоўку да траўня) і UWC. Быў і варыянт з беларускім універсітэтам, але ён быў апошнім.




Працэс паступлення

Я абрала UWC [United World Colleges] і падача заявак у яго адкрываецца ў снежні, таму да гэтага моманту ўжо нагугліла ўсю інфармацыю і зразумела, што гэта і будзе асноўны план, бо ён найбольш адпавядаў маім каштоўнасцям і чаканням. Дарэчы ў гэтым годзе для Беларусі выдалі больш стыпендый, таму ўсім зацікаўленым варта спрабаваць свае сілы ўжо зараз.

UWC я абрала і таму, што яны прадстаўляюць праграмы міжнароднага бакалаўрэату. Яны адпавядаюць 11–12 класам міжнароднай школы, то бок гэткія перадуніверсітэцкія курсы па-нашаму. Такіх каледжаў агулам 18 па ўсім свеце і паступленне ў іх арганізаванае ў 150 краінах. У выніку атрымліваецца максімальна інклюзіўнае кам’юніці.

Калі студэнты падаюць заяўку ў нацыянальны камітэт, то не ведаюць у якой менавіта краіне потым будуць навучацца. Пры запаўненні анкеты можна раставіць каледжы ў залежнасці ад упадабання той або іншай краіны, але гэта наўрад ці сур’ёзна разглядаецца. Таму тое, што я ў выніку апынуся ў Сінгапуры, я спрагназаваць не магла.

У ходзе фінальнага адбору нам трэба было напісаць тры невялічкія эсэ, адно вялікае, прадаставіць выпіску адзнак са школы і абгрунтаваць сваю матывацыю. Другі этап прадгуледжваў групавыя спаборніцтвы, дзе з дапамогай творчых заданняў выяўляліся нашыя навыкі і веды.

Калі я даведалася, што прайшла ўсе выпрабаванні і буду вучыцца ажна ў Сінгапуры, то спярша і не ведала, як рэагаваць, бо пра гэтую краіну на той момант не ведала амаль нічога большага за базавы курс геаграфіі.




Як арганізаваны навучальны працэс?

Вядома, спачатку я была трохі збянтэжаная, шмат хто казаў пра «страчаныя» два гады, але такія развагі зніклі як толькі пачаўся навучальны працэс. Магу сказаць, што я ні кроплі не шкадую аб сваім рашэнні! Па-першае, я вывучаю шмат новага. У Беларусі вывучаць у старэйшых класах тую ж глабальную палітыку было наогул немагчыма. Ды што казаць, нават па матэматыцы мы ўжо ў першы месяц прайшлі тое, што я паспела вывучыць за нашыя 11 класаў сярэдняй школы. Далей усё было толькі новае. Таму я нічога не марную і не губляю, а вучу новае і атрымліваю новыя навыкі ды досвед.

Заняткі ў нас пачаліся 16 жніўня і агулам мы вывучаем шэсць прадметаў, з якіх тры на паглыбленым, а тры — на звычайным узроўнях. Штодзень у нас максімум чатыры ўрокі, кожны з якіх цягнецца гадзіну і пятнаццаць хвілін. Канікулы прыкладна супадаюць з беларускімі.

Магу разбурыць некаторыя ўяўленні і перадаць прывітанне аматарам «халявы» — тут яе проста няма. Усе заняткі ў мяне сканчаюцца прыкладна ў 15 гадзін дня, як было і ў Гомлі.

Пры гэтым важна разумець, што гэта не звычайная прыватная школа і кіраўніцтва прытрымліваецца ідэі аб неабходнасці спалучэння адукацыйнай часткі з па-за адукацыйнай. Так, у першую ўваходзяць 6 прадметаў, а другая завецца CAS ад англійскай «Крэатыўнасць, актыўнасць, валанцёрства» (creativity, activity, service) і па іх кожны мае здаць пэўны мінімум гадзінаў. Напрыклад у межах блока па крэатыўнасці раз на тыдзень ці болей неабходна наведваць заняткі, звязаныя з чымсьці творчым, што не будзе звязанае з асноўным профілем, напрыклад, шахматы ці мастацтва. Пад «актыўнасцю» маецца на ўвазе спорт. Прычым гэта можа быць як плаванне ці футбол, так і танцы. А ў межах валанцёрства на працягу года трэба займацца чымсьці грамадска карысным. У мяне гэта кампус-гардэнінг, або садаводства. Капаем глебу, перасаджваем розныя расліны. Але гэта можа быць і сацыяльнае валанцёрства.

 


Замест хаосу і праверак — жаданне развівацца і задаваць пытанні

Што мяне моцна здзівіла — вельмі чалавечае стаўленне да вывучэння чагосьці новага. Спачатку я вельмі баялася рабіць памылкі, але тут гэта не распаўсюджана. Наадварот, усе вітаюць жаданне задаваць пытанні, без розніцы якія. Людзі вельмі адкрытыя да вывучэння новага. Спачатку я нават не магла цалкам разняволіцца і зразумець, што ўсё гэта — магчымасці і трэба адкрывацца да іх.

У беларускай сістэме адукацыі ж нас да гэтага не прывучылі. У беларускай школе заўжды вельмі адчуваецца ціск і стрэс. Настаўнікі ў стрэсе, навучэнцы ў стрэсе, вечныя дэдлайны, праверкі, тэсты і адзнакі. Тут у нас наогул няма пастаянных адзнак. Толькі раз на паўгады мы атрымліваем рэпорт з каментарамі і адзнакамі ад выкладчыкаў наконт нашага навучальнага прагрэсу. Гэтая розніца мяне вельмі ўразіла і радуе, дапамагае мне змяніць сваё стаўленне да свету, людзей і досведу.




Кампус, аднакурсніцы і туга па бульбе

Калі я прыехала ў Сінгапур, то спачатку прасядзела два тыдні на карантыне ў гатэлі. Але пакуль ехала з аэрапорту, то ўжо тады мяне моцна здзівіла наколькі гэта зялёны горад. І вельмі ўрбанізаваны. Усё зручна і зялёнае, прычым гэта не проста дрэвы, расаджаныя ўздоўж дарог як у нас.

Мы жывем на тэрыторыі вялікага кампуса ў інтэрнаце, але можам выходзіць у горад колькі захочам. Я выязджаю пакуль раз на тыдзень з аднакурснікамі і аднакурсніцамі, таму ўзаемадзеянне з сінгапурцамі пакуль адбываецца ў асноўным у крамах.

Поўная стыпендыя забяспечвае мне бясплатнае харчаванне тры разы на дзень і гатаваць мне не даводзіцца. Проста прыходзіш у сталоўку, абіраеш што трэба і ясі. Але калі я хачу чагосьці іншага, то магу прыгатаваць гэта на кухні. Пры гэтым пэўны набор прадуктаў набываецца для нас за кошт інтэрната — той жа хлеб, яйкі, малако, нават Nutella… А вось калі хочаш бульбы, то мусіш набыць яе за свае грошы.

У пакоі са мной жыве яшчэ тры дзяўчынкі — з Буркіна-Фасо, Кеніі і М’янмы. З Беларусі ў каледжы нікога больш няма, але ёсць хлопец з Украіны, дзяўчына з Літвы. А вось выкладчыкі ў нас збольшага з Вялікабрытаніі.




Не чулі пра Беларусь? Пачуеце!

Я паўсюль намагаюся прасоўваць нашу павестку і распавядаць пра краіну як толькі магу. У першы ж месяц навучання ў межах заняткаў па глабальнай палітыцы ў нашым класе была зладжаная выстава пра беларускі пратэст. Зараз праходзіць кампанія «Right for rights» і мы ўключылі кейс Мікіты Залатарова — хлопца з Гомеля, асуджанага на 1,5 гады зняволення за «гвалт над супрацоўнікамі МУС» ды Віктара Фянчука — каардынатара праграмаў Аховы птушак Бацькаўшчыны па Белавежскай пушчы ды першага беларускага студэнта руху UWC з Беларусі. Пра нас ведаюць усё больш і больш, але шкада, што пераважна ў выніку такіх сумных падзей і навін.




Планы на будучыню і парады іншым

Пасля дзвюх год навучання тут я планую паступаць у звычайны ўніверсітэт, хутчэй за ўсё ў ЗША. Ёсць планы паступаць на паліталогію, але потым вяртацца ў Беларусь і з гэтымі ведамі дапамагаць нашай краіне развівацца. Мае планы застаюцца ранейшымі, хоць светапогляд тут неймаверна змяняецца і пашыраецца. Тым не менш, маё сэрца належыць Беларусі і я ведаю, што найбольш я змагу дапамагчы ды прыдасца тут.

Нашым школьнікам ды студэнтам я хачу перш за ўсё сказаць — верце ў сябе! Таму што праз нашую сістэму адукацыі шмат таленавітых беларусаў замыкаецца ў сабе і не можа рэалізавацца напаўніцу. Але за мяжой нас цэняць вельмі высока. Спрабуйце, паступайце, вучыцеся, вандруйце, не бойцеся новага і ўсё атрымаецца! Спроба не хвароба, усім поспехаў!


Юльян Доўгабародаў

Андрэй Паднябенны два тыдні правёў у карцары СІЗА № 3

| Асобы

33-гадовага гамяльчука, якога вінавацяць у падпале машыны начальніка КДВП (Кіравання дэпартаменту выканання пакаранняў) і праколе колаў у 39 тралейбусаў па арт. «Акт тэрарызму», пасля змяшчэння ў СІЗА № 3 Гомля адразу змясцілі ў карцар.

«Психологическое состояние мамы зависит от антидепрессантов». Как прошло первое свидание заключенной Ларисы Кузьменко с дочерью

| Асобы

24 ноября в суде Центрального района Гомеля начнется рассмотрение дела Ларисы Кузьменко. Ее обвиняют в насилии над сотрудником милиции.

«Что он есть — что его нет, незаметно». Председатель-долгожитель Пётр Кириченко правит городом рекордные 9 лет

| Асобы

19 ноября исполняется ровно 9 лет, как Гомельский горисполком возглавил Петр Кириченко. Никогда еще в Гомеле ни один чиновник так долго в кресле градоначальника не засиживался.