«Мы 22 дні спалі апранутыя, дзіця спіць у зімовых санках». Жыхарка Чарнігава распавяла, як жывуць гараджане ва ўмовах блакады

| Горад

Чарнігаў (горад пабрацім Гомеля) працягваюць бамбаваць і абстрэльваць расейскія вайскоўцы. Сёння ў горадзе зруйнаваныя жылыя дамы і аб'екты інфраструктуры, загінула больш за 200 мірных грамадзянаў. Жыхарка Чарнігава распавяла пра побыт гараджанаў ва ўмовах блакады і папрасіла ўсіх беларусаў (асабліва гомельцаў) не быць абыякавымі да сітуацыі ва Украіне.







«Цяжка жыць ва ўмовах вайны, але, мне здаецца, мы ўжо прызвычаіліся. У горадзе няма святла, вады, цяпла, толькі ў некаторых застаўся газ. Але ў нашай сям’і няма газавай пліты. Хаджу да суседзяў, якія не з’ехалі, прыходжу гатаваць ежу. Мы дзелімся прадуктамі адзін з адным. Памыцца і мыць посуд — гэта раскоша.

Мы 22 дні спалі апранутыя. Бамбасховішча ў нашым доме няма, толькі звычайны падвал. Мы бяжым туды падчас абстрэлу ці трывогі. Бывае, там начуем, то дзіця спіць у зімовых санках. Не скажу, што падвал надзейны і выхад там толькі адзін. Холад, сырасць, але мы жывыя і дзякуй за гэта тэрытарыяльнай абароне і Узброеным Сілам (у тым ліку майму мужу).

Адзінкавыя аптэкі і крамы працуюць, але няма гарантыі, што атрымаеш тое, што трэба, і стаяць у чарзе небяспечна, бо 16 сакавіка ў адным са спальных раёнаў расстралялі людзей, якія стаялі за хлебам. І гэта не першы раз.

Якія найбольшыя разбурэнні? Прасцей на пальцах пералічыць, што ў Чарнігаве яшчэ не знішчылі тыя маскоўскія жывёлы. Абстрэлаў падвяргаюцца як жылыя кварталы, так і інфраструктура. У час абстрэлаў кругласуткава працуюць камунальныя службы, за што ім бясконца ўдзячныя.

Чарнігаўцы па-рознаму ставяцца да беларусаў. Мы з вялікай і шчырай павагай ставімся да тых, хто адмовіўся ад нападу на Украіну, і да тых, хто пратэстуе супраць вайны. А тым беларусам, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і Пуціна, ці проста моўчкі назіраюць (як нашыя сваякі ў Беларусі) — з нянавісцю. Таму што ўсе яны забіваюць мірных жыхароў Украіны, нявінных дзяцей.

З 24 лютага да сённяшняга дня Расія нахабна скрала ў нашых дзяцей наш мір і спакой. Чарнігаў абстрэльваюць кругласуткава. Мы забыліся, што такое сон, вайна выматвае. А калі мы ўсё ж засынаем, гэта пачынаюць выкарыстоўваць ворагі. Мы вельмі баімся, мы ўвесь час трасе. І ў момант абстрэлу мы разгублена бяжым у падвал, не ведаючы, выжывем ці не. Яны наносяць авія- артылерыйскія ўдары па нас, простых людзей, якія проста хочуць жыць у сваёй незалежнай і свабоднай краіне. Якія ганарацца, што яны ўкраінцы. Якія маюць сваю культуру і традыцыі.

Людзям, якія пакінулі горад, з’ехалі ў іншыя краіны, ім вельмі сумна і хочацца вярнуцца ў Чарнігаў. Нам, з аднаго боку, лягчэй, што мы тут, а з другога — цяжэй, таму што мы тут...»

«Могут забрать и тебя, и дрон». Любительские дроны в Беларуси оказались в нелегальном положении

| Горад

Власти Беларуси давно думали об ограничение полетов беспилотных летательных аппаратов. Акции беларусских партизан и шпиономания, последовавшая за российской агрессией с территории Беларуси, ускорили процессы ограничения неба. Флагшток узнал, возможно ли сегодня легально поднять в воздух любительский коптер и какое наказание за это предусмотрено.