У Гомелі зносяць «сталінку», якая мае цікавую гісторыю

| Горад

У Гомелі зносяць непрыкметную «сталінку» на вуліцы Савецкай. Яе гісторыя значна цікавейшая, чым можна падумаць, пішуць «Пошукі старога Гомеля». Жоўты двухпавярховы дамок на рагу Савецкай і Універсітэцкай вылучаецца наборам «класіцыстычнага» дэкору і сваім правінцыйным маштабам, неадпаведным галоўнай вуліцы Гомеля.




Гэта тлумачыцца тым, што пад жыллё прыстасавалі стары прамысловы будынак. Пра гэта сведчыць параўнанне нямецкай аэрафотаздымкі з сучасным касмічным здымкам: адзін з даваенных (дарэвалюцыйных) будынкаў стаў часткай пасляваеннай «сталінкі» – іх планы амаль цалкам супалі (за выняткам прыбудаванай вуглавой часткі).




Як гэта адбылося? Справа ў тым, што будынак не ўзводзілі з нуля. Ён стаў вынікам глыбокай рэканструкцыі свайго папярэдніка – прамысловага будынка завода Дубінскага. На месцы сённяшняга «жоўтага дома» стаяў характэрны прамысловы будынак свайго часу – з трыма ўваходамі і двума атыкамі. Лічбы на іх сведчылі пра час пабудовы – 1910–1911 гады.

Завод па тых часах быў немаленькім. У яго склад уваходзілі 1-2-павярховыя вытворчыя, адміністрацыйныя і жылыя пабудовы. Уладальнік – Рувін Ізраілевіч Дубінскі.
Вось як завод апісвалі архіўныя дакументы: 

«Чыгуналіцейная фабрыка з паравымі машынамі і станкамі - такарная, ліцейная, слесарная майстэрні, кузня, паравое аддзяленне, сушка».


Была тут нават непрофільная картузавая майстэрня з мадэльным аддзяленнем і гандлёвая лаўка.
З усяго таго набору сёння паказваем толькі адзін корпус, што глядзеў на вуліцу Румянцаўскую. Там магла быць кузня ці майстэрня. Правей ад цаглянага корпуса стаяў драўляны дом з мезанінам – сядзіба самога Дубінскага.

Падчас пасляваеннай рэканструкцыі вытворчы будынак надбудавалі другім паверхам і «пераапранулі» ў адпаведнасці з тагачаснай архітэктурнай модай – наколькі гэта было магчыма.

У кастрычніку плануецца аўкцыён на права будаўніцтва шматфункцыянальнага будынка на вуліцы Савецкай, 69 – месцы жоўтай «сталінкі». Відавочна, апошнія рэшткі завода Дубінскага знікнуць.