Улады Гомеля ініцыявалі грамадскае абмеркаванне па пытанні перайменавання часткі вулічна-дарожнай сеткі паміж вуліцай Яфрэмава і вуліцай Лепяшынскага. Гэты ўчастак хочуць назваць «вуліцай Мікалая Зябніцкага».


Участак рэканструяванай дарогі паміж вуліцамі Савецкай і Лепяшынскага ўлады хочуць назваць у гонар Зябніцкага
У гонар маёра КДБ Зябніцкага ў Гомелі ўжо хацелі назваць частку вуліцы Білецкага ў цэнтры горада. Тады таксама абвяшчалі грамадскае абмеркаванне, але штосьці пайшло не так. Як распавядаў Флагшток, ад ідэі тады адмовіліся ў гарвыканкаме і заявілі, што «вырашылі пачакаць — магчыма, будзе вуліца большая, ці будзе магчымасць новабудоўлі назваць такой вуліцай».

Аднак цяпер імя кдбшніка Зябніцкага ўлады вырашылі ўвекавечыць з дапамогай наймення новай гарадской магістралі.
Мемарыяльная дошка Мікалаю Зябніцкаму знаходзіцца на фасадзе абласнога ўпраўлення КДБ. Гэта — ураджэнец Омскай вобласці РФ, Герой Савецкага Саюза, маёр дзяржбяспекі. Падчас Другой сусветнай вайны камандаваў атрадам спецыяльнага прызначэння імя Дзяржынскага, а затым служыў у падраздзяленні органа дзяржаўнай бяспекі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, пахаваны ў Гомелі.

Мемарыяльная дошка Мікалаю Зябніцкаму на фасадзе КДБ
А другая прапанова, вынесеная на грамадскае абмеркаванне, — аб наданні частцы вулічна-дарожнай сеткі вуліцы Цукровай назвы «вуліца Мытная» (у рускім варыянце — таксама «Мытная»).
Сваё меркаванне па прапанове можна накіраваць да 3 снежня 2022 года па адрасе: 246050, г. Гомель, вул. Савецкая, 16, Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме. Кантактныя тэлефоны: 53-53-91, 75-70-61.