Першага гомельскага «мэра» звалі Адольф. Невядомая гісторыя «Паляўнічага доміка» ў Гомелі

| Гісторыя

У Гомелі, дзе вуліца Пушкіна пераходзіць у вуліцу Білецкага, стаіць гарадскі асабняк, вядомы гомельцам як «Охотничий домик». Чаму будынак атрымаў менавіта такую назву, не вельмі зразумела. У той жа час асабняк часта асацыюецца з імем Мікалая Румянцава, хоць і належыў яму ўсяго чатыры гады — з 1822 па 1826 гады. Пасля Румянцава да 1919 года быццам бы нічога там і не было — прынамсі, калі чытаць даведнікі Гомеля. 

Насамрэч пасля Румянцава дом пустым не стаяў: пасля смерці канцлера будынак ўвайшоў у гарадскую маёмасць, у 1839 годзе стаў належыць вайскоўцам, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя перайшоў гарадскому галаве Адольфу Крушэўскаму, а ў пачатку ХХ стагоддзя стаў маёмасцю двараніна Аляксандра Лісоўскага.

Дзякуючы архіўным дакументам, якія былі знойдзеныя ў Польшчы, распавядаем самыя цікавыя звесткі пра будынак і яго былых гаспадароў. 

Жоўценькім «Паляўнічы домік» быў не заўсёды, на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя дом меў зялёную афарбоўку
(сучасная 3д рэканструкцыя сядзібы)



Крушэўскія

Крушэўскія паходзілі са шляхты Рэчы Паспалітай і мелі фамільны герб «Абданк». Вядома, што ў XVI стагоддзі Скарбек-Крушэўскім належыў маёнтак «Крушэва» у Падляшскім ваяводстве. Як Крушэўскія патрапілі за 500 кіламетраў у Гомель, невядома.

Адным з самых аўтарытэтных гаспадароў дома быў гарадскі галава Адольф Крушэўскі. Ён займаў выбарную пасаду гарадскога кіраўніка з 1876 па 1878 гады і фактычна з'яўляецца першым гомельскім «мэрам». Крушэўскі займаў шмат пасад у імперскіх органах улады, у тым ліку быў абраны маршалкам (предводителем) дваранства Магілёўскай губерні (калі шукаць адпаведнік гэтай пасадзе, то яе аналагам з нацяжкай будзе пасада старшыні абласнога Савета дэпутатаў).


 

Недзе 5 гадоў таму на аўкцыёне ў інтэрнэце з'явіўся партрэт, на развароце якога было пазначана, што выява на ім належыць Адольфу Крушэўскаму. Гомельскія краязнаўцы не мелі даверу да праўдзівасці подпісу — збянтэжыла фанера на развароце (калі яна з'явілася, не атрымалася высветліць). Да ўсяго гаспадар карціны неахвотна адказваў на пытанні. Пакуль краязнаўцы разбіраліся са спрэчнымі пытаннямі, таямнічы лот знік

За дасягненні на службе ў гонар Адольфа Крушэўскага была названая вуліца, што ішла ад Ліпавай да ракі Сож. З прыходам бальшавікоў вуліца была перайменаваная ў гонар бальшавіка Арцёма, які да Гомеля не меў аніякага дачынення.



Магіла Адольфа Крушэўскага на Навабеліцкіх могілках у Гомелі


Шмат жанчын з сям’і Крушэўскіх займаліся дабрачыннасцю. Бадай самай вядомай дзяячкай у гомельска-рэчыцкіх ваколіцах была Сафія Крушэўская. Згодна ўспамінам яе сучаснікаў, яна дапамагала збяднелым сем’ям і арганізоўвала таемныя польскія школы для сялянскіх дзяцей. У адной з крыніц падкрэсліваецца, што яе хросным быў будучы кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі




Перакуленае надмагілле Яна Крушэўскага (брат Адольфа Крушэўскага) і яго жонкі Марыі на Навабеліцкіх могілках у Гомелі. Іх дачка Алена Крушэўская падчас Першай сусветнай вайны арганізавала на тэрыторыі сённяшняга Буда-Кашалёўскага раёна прытулак для дзяцей бежанцаў з Заходняй Беларусі і Польшчы


Гомельскі асабняк быў зімовай рэзідэнцыяй Крушэўскіх. Летам жа яны жылі ў сваім маёнтку ў Борхаве (сёння Рэчыцкі раён).



Руіны былога сядзібнага комплексу ў Борхаве Рэчыцкага раёна. У савецкія часы ў будынку размяшчалася школа, недзе сем год таму руіны былі знесеныя


У маёнтку была драўляная сядзіба, але ў пачатку ХХ стагоддзя яна згарэла і Крушэўскія жылі ў афіцыне (непарадны корпус з гаспадарчым функцыяналам). У дзясятых гадах гаспадары маёнтку паспелі закласці фундамент палацу, які планавалася пабудаваць па праекту архітэктара Ўладзіслава Марконі. Але шанцаў скончыць будоўлю не было: у 1914 годзе пачалася Першая сусветная, праз год памёр архітэктар, а праз тры здарыўся бальшавіцкі пераварот.  

Таксама ў Борхаве была капліца з арганам. У ёй маліліся каталікі з навакольных вёсак — ваколічная шляхта і сяляне. Згодна легендзе, недзе каля капліцы ў ХІХ стагоддзі можна было сустрэць прывід магната Ваўкавіцкага. Але пра гэта распавядзем пазней.

У 2016 годзе ў Гомель прыязджалі нашчадкі Крушэўскіх. У «Паляўнічым доміку», у якім сёння размяшчаецца краязнаўчы музей, яны не ўбачылі нічога таго, што б магло нагадваць пра іх род. Таксама нашчадкі шляхціцаў наведалі Борхаў, дзе таксама ніякіх слядоў ад сядзібных пабудоў не знайшлі — прыкметы цывілізацыі былі закапаныя за год да іх прыезду мясцовымі чыноўнікамі.

Працяг у наступных матэрыялах.


Марыя Булавінская

Идеологи отобрали эскиз памятного знака жертвам нацизма. Его установят в лесу, в котором расстреливали советских граждан в 1930-х годах

| Гісторыя

На месте массовых расстрелов мирных жителей в Щекотовском лесу будет установлен памятный знак. Рассказываем, как чиновники придумывают альтернативную историю

Аресты, расстрелы и реабилитация. Потомки репрессированных гомельчан вспоминают своих предков в новом фильме о сталинских репрессиях

| Гісторыя

В Гомеле презентовали документальный фильм, который сняла журналистка Лариса Щирякова. В ленте под общим названием «Советские репрессии на Гомельщине» в трех частях рассказывается о личных историях людей, пострадавших от репрессий.

«Рвануло, а башня стоит». Кто и зачем взорвал каланчу Шабуневского на главной площади Гомеля

| Гісторыя

Краеведческий паблик «Пошукі старога Гомеля» поделился уникальными снимками процесса сноса пожарной каланчи, которая когда-то украшала главную площадь Гомеля. На фотографии попал момент взрыва и руины башни.