Падчас альтэрнатыўнага Дня Гомеля, які ўжо традыцыйна ладзяць штогод у Варшаве і які сёлета адбудзецца 12 верасня, гомельскі гісторык Яўген Малікаў упершыню прадставіць выяву гістарычнага герба Гомеля 1560 года.
Дзень горада гамельчукоў у эміграцыі пройдзе ў варшаўскім бары Karma Crew. Адной з галоўных падзей у праграме мерапрыемства стане лекцыя гомельскага гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава, якая пачнецца ў 18:30.

Яўген Малікаў. Фота: Фэйсбук
Як паведамляе канал «Дзень Гомеля ў Варшаве», гісторык прадставіць вынікі свайго даследавання і адкажа на пытанні: як выглядаў гістарычны герб Гомеля 1560 года? ці сапраўды горад меў Магдэбургскае права?
Пяць гадоў таму Яўген Малікаў пачаў пошук адказаў у польскіх і літоўскіх архівах. Тысячы старонак, дзясяткі архіўных спраў і бібліятэк — і цяпер знойдзеныя матэрыялы дазваляюць па-новаму паглядзець на гісторыю гомельскага герба. Гэта ўнікальныя звесткі, якіх раней не было ў адкрытым доступе.