«Узяць адказнасць і адмяніць парад не маглі». Небяспечны дзіцячы парад 1986 года (унікальны фотарэпартаж)

| Гісторыя

Гомель 27 красавіка 1986 года. Звычайны цёплы ветраны выходны, на які прымеркаванае незвычайнае прыгожае мерапрыемства — абласны дзіцячы парад аркестраў. Дзеці ў парадных строях весела маршыруюць па галоўных вуліцах гораду, усміхаюцца на радасць мінакоў і сваіх бацькоў. Ніхто з удзельнікаў мерапрыемства нават не падазрае, што ў 140 кіламетрах ад Гомеля ў гэты час гарыць чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай атамнай станцыі.  


Сямён Цалкін — прафесійны гомельскі фатограф, якога сёння назвалі б фрылансерам. Быў сябрам гомельскага фотаклубу «Палессе». Працаваў для розных гомельскіх выданняў Гомеля ў 1980-х — пачатку 1990-х гадах. Праз 34 гады ён падзяліўся якаснымі гістарычнымі здымкамі з «чарнобыльскага» параду аркестраў.


Фатограф Сямён Цалкін прыгадаў гэты дзень 27 красавіка 1986 года: «Гэта быў абласны парад дзіцячых аркестраў. На 95% яны былі складзеныя са школьнікаў. Не памятаю, каб такія парады праходзілі ў іншыя гады. Тады было шмат фатографаў, было тэлебачанне. Я прыйшоў здымаць мерапрыемства па сваёй волі, гэта не было звязана з заробкам. Я тады здымаў усе мерапрыемствы, якія праходзілі ў горадзе».


Сямён Цалкін (пасярэдзіне) сярод фатографаў, якія здымалі парад аркестраў 27.04.1986.
Фота Станіслава Анзэля

«Я не памятаю, пра што мы тады размаўлялі. Але ёсць фотаздымак, дзе мы ўсе ўсміхаемся. То бок, твары нармальныя, вясёлыя былі. Мы тады яшчэ нічога не ведалі. Даведаліся толькі ў маі», — распавядае Сямён.  

Уладзімір Басак — ліквідатар, які ў той час нёс службу ў міліцыі Гомеля, распавядае, што мясцовыя ўлады ведалі пра аварыю на АЭС: «Так, яны ведалі пра гэта. Але яны не маглі прадугледзіць, якія гэта магло мець наступствы. Нашыя гомельскія яшчэ не ўяўлялі маштабаў аварыі».

«Адбылася гэтая аварыя. Натуральна, калі гэта памежная тэрыторыя, то дзяжурныя ў памежных частках Брагіна, Хойнікаў, Нароўлі дакладвалі Ўпраўленню ўнутраных спраў. І наш генерал хадзіў праз Савецкую ў абкам зачытваў даклад па вобласці. Буйны пажар, выбух, працуе столькі та пажарных частак, усё паліваецца... І Камай, які быў у той час першым сакратаром абкама, і Слюнькоў — першы сакратар ЦК БССР, выхадзец з Гомельшчыны, яны яшчэ не ўяўлялі маштабаў катастрофы», — тлумачыць Уладзімір Басак.

Уладзімір Басак (у акулярах) стаіць у ачапленні на плошчы Леніна 1 мая 1986 года

Уладзімір падсумоўвае: «У савецкія часы і зараз засталася гэтая тэндэнцыя: «галоўнае не бударажыць народ», каб ніякай панікі! Інфармацыяй яны валодалі, але ўзяць на сябе адказнасць і адмяніць гэты парад музыкантаў не маглі, бо людзі палічылі б, што адбываецца нешта сур'ёзнае». 

Лёс дзяцей, якія выйшлі на небяспечны парад у Гомелі, нам невядомы. Магчыма вы пазналі сябе на здымках?

Сяргей Ляпін
Флагшток


Загадка Урубеля: забыты гомельскі містык канца ХІХ стагоддзя

| Гісторыя

1933 год. На старонках польскай газеты з’явіўся незвычайны артыкул, у якім некалькі разоў узгадваецца Гомель. У ім вядомы польскі экстрасэнс Стэфан Асавецкі апісаў сваю сустрэчу з гомельскім містыкам Урубелем. Сёння гэта, бадай, адзіная вядомая крыніца пра гэтага загадкавага чалавека.

Закінутая вёска ў зоне адчужэння: як выглядаў маёнтак у Дзям’янках сто гадоў таму

| Гісторыя

Перад вамі — 3D-рэканструкцыя сядзібы ў вёсцы Дзям’янкі, аднаго з самых загадкавых і малавядомых месцаў паўднёва-ўсходняй Беларусі. Сёння Дзям’янкі, а яе галоўны сімвал — руіны маёнтка, якія і цяпер вылучаюцца сярод закінутай мясцовасці.