Да гадавіны гібелі ў Кіеве гомельца Міхаіла Жызнеўскага выйшаў рэліз беларуска-украінскай песні

| Навіны | 0

Гомельскі паэт Алесь Плотка і ўкраінскі кампазітар Уладзімір Някрасаў прэзентавалі супольную кампазіцыю «Вуліца Жызнеўскага». Песня была створана яшчэ ў 2022 годзе, але цяпер яна рэалізаваная студыйна з поўным складам музыкаў і аранжаваннем.

Як распавёў Флагштоку Алесь Плотка, ён напісаў тэкст, а (на той момант) сяржант ЗСУ Уладзімір Някрасаў дадаў фінальны катрэн і склаў яе самую першую версію. Адносна новай версіі аўтар пракаментаваў:

«Зазначу уплыў «Песняроў», беларускія артысты сёння ў такім ключы не працуюць. За гэты час, у 2023-м годзе, такая вуліца сапраўды з'явілася ва Украіне – у Чарнаўцах і ў Наваградзе-Валынскім. Канечне, у Гомелі такой вуліцы вельмі не хапае, але баюся, яна з'явіцца не раней за той час, калі мэрам стане Яўген Малікаў ці Яўген Меркіс».



Нагадаем, Міхаіл Жызнеўскі быў адным з першых, хто быў забіты падчас Еўрамайдана ў Кіеве. Гэта здарылася 22 студзеня 2014 году. Пазней пасмяротна атрымаў званне «Герой Украіны». Міхаіл пахаваны на могілках пад Гомелем.



Міхаіл Жызнеўскі. Архіўны здымак


Як адзначае «Гомельская вясна», гэта песня пра будучыню Беларусі і Украіны – краін, аб'яднаных досведам змагання за свабоду і годнасць. У музыцы адчуваецца рэтра-настрой і водгукі беларускай класікі – нават нягледзячы на тое, што аўтар музыкі родам з Украіны.

У песні «вуліца Жызнеўскага» становіцца сімвалам агульнай прасторы супраціву — ад Гомеля да Кіева, ад Оршы да Азова. Прасторы, якая і сёння знаходзіцца пад ударам, але не губляе надзеі.