Аб'екты, якія сёлета плануюць адрэстаўраваць на Гомельшчыне за кошт сродкаў суботнікаў, упершыню за апошнія гады не маюць дачынення да «патрыятычнага выхавання» і Другой сусветнай вайны. Гэта сядзіба ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёну і флігель сядзібы Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе Жлобінскага раёну.
Апошні аб'ект уключаны ў турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны». Па ўспамінах мясцовых жыхароў, у кухні флігеля асобна размяшчалася і пякарня. Над кухняй пражываў аканом сядзібы. На другім паверсе былі прыёмная, сам кабінет, гасцёўня і спальня кіраўніка. Тут пры рэстаўрацыі плануецца ўзнавіць функцыянал і атмасферу памяшканняў флігеля.

Флігель сядзібы Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе. Фота: strada.by
Першым абвешчаны тэндар менавіта па гэтым аб'екце. Паслуга па распрацоўцы перадпраектнай дакументацыі на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў флігелі сядзібы Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе павінна быць выканана да канца чэрвеня 2026 году.
Кошту работ пакуль няма, затое ў дакументацыі тэндара ёсць архіўныя здымкі, паводле якіх, верагодна, будуць імкнуцца ўзнавіць інтэр'еры.

У дакументацыі тэндара ёсць рэферансы, згодна з якімі плануецца аднаўляць інтэр'еры сядзібы
У вёсцы Хальч сядзібна-паркавы комплекс Войніч-Сенажэцкіх канца 18 – пачатку 19 стагоддзя займае ўчастак у 1 гектар. На гэтай тэрыторыі знаходзіцца будынак самога палаца-сядзібы, помнік загінулым воінам, два масівы зялёных насаджэнняў. Апошняя рэстаўрацыя палаца праводзілася ў канцы 1970-х гадоў. Пасля рэстаўрацыі ў будынку будуць размешчаны экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі вёскі і яго ўладальнікам.

Тэндар па рэстаўрацыі сядзібы ў Хальчы пакуль не абвешчаны. Фота: Вікіпедыя