Па патрабаванні пракуратуры ліквідаваная гомельская арганізацыя, якая займалася пошукам ахвяраў вайны

| Навіны | 0

15 верасня служба інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласці паведаміла, што па яе ініцыятыве абласны суд ліквідаваў пошуковае грамадскае аб’яднанне «Памяць Айчыны».


Ігар Свірыдзенка

Таксама пракуратура Гомельскай вобласці высунула шэраг прэтэнзій непасрэдна да кіраўніка аб’яднання Ігара Свірыдзенкі:

«…ён прапагандаваў антыдзяржаўныя погляды. Распаўсюджваў скажоныя гістарычныя звесткі па пытанні паходжання пахаванняў астанкаў людзей у Чанкоўскім лесе Гомельскага раёна, якія былі знойдзены ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа».


Якія канкрэтна звесткі распаўсюдзіў кіраўнік аб'яднання, пракуратура не ўдакладняе. Нагадаем, што з 2021 года вайскоўцы праводзяць раскопкі ў лесе пад Гомелем, які таксама называюць Чонкаўскім. Гэтае месца вядомае тым, што ў 1930-х гадах у гэтым лесе расстрэльвалі савецкіх грамадзянаў супрацоўнікі НКВД. Але ўлады сёння цалкам адмаўляюць гэта і заяўляюць, што ў лесе знаходзяцца парэшткі ахвяраў нацыстаў. 

Акрамя таго пракуратурай былі высунутыя прэтэнзіі ў парушэнні справаводства грамадскага аб’яднання.

Грамадскае аб’яднанне пад кіраўніцтвам гамяльчаніна Ігара Свірыдзенкі доўгі час займалася пошукамі парэшткаў ахвяраў часоў Другой сусветнай вайны і ўшанаваннем іх памяці. Апроч пошукавай дзейнасці Ігар Свірыдзенка вядомы тым, што адкрыта выказаўся супраць расейскага ўварвання ва Украіну.

Пакiнуць каментар