Працаваў у будатрадзе, граў у рок-гурце. Топ-7 фактаў пра гомельскі перыяд Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

| Навіны | 0

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, якога цяпер трымаюць за кратамі ў СІЗА Мінска па палітычных матывах, вучыўся і жыў у Гомелі. З нагоды атрымання Бяляцкім прэстыжнай узнагароды Флагшток сабраў топ-10 фактаў пра гомельскі перыяд Нобелеўскага лаўрэата.

У якасці асноўнай крыніцы скарыстаны ўспаміны самога Бяляцкага, узятыя з ягонай кнігі «Бой з сабой», большую частку якой ён напісаў падчас мінулага зняволення ў 2012-2014 гадах і прысвяціў сябру маладосці, паэту і барду Эдуарду Акуліну.



Алесь Бяляцкі ў маладосці і падчас суда ў 2011 годзе


Пачаў размаўляць па-беларуску. «У верасні 81-га года, прыйшоўшы на трэці курс, мы з Едрусем [Эдуардам Акуліным] свядома пачалі размаўляць па-беларуску (...) Мне было складаней, бо ўсе свае дзевятнаццаць гадоў я быў прадуктам русіфікацыі і размаўляў па-руску. Але дзесьці ўжо праз месяц асноўныя праблемы ў маўленні я пераадолеў. Хутка з намі заразмаўлялі і нашы сябры, знаёмыя, студэнты. І калі нашыя сябры былі ў асноўным двухмоўныя, дык мы па-беларуску гаварылі паўсюль — і ў інтэрнаце, і з дзяўчатамі, і на рускамоўных лекцыях, розных псіхалогіях і педагогіках, і нават на лекцыях па рускай літаратуры. Мы збеларусіліся канчаткова і беспаваротна».



З Эдуарам Акуліным ва ўніверсітэце ў вышыванках, з ім жа і Анатолем Сысом у будатрадзе


Будаваў хаты ў адселенай цяпер вёсцы. У будатрадзе «Пунсовыя ветразі», у які разам з іншымі студэнтамі ездзіў пасля першага курсу ў Хойніцкі раён, у вёску Бабчын, будаваў цагляныя хаты. Пасля катастрофы на ЧАЭС вёска з'яўляецца адселенай і знаходзіцца ў зоне адчужэння.

Удзельнічаў у студэнцкім беларускамоўным рок-гурце «Баскі». «Назву гурта мы склалі з першых літараў сваіх прозвішчаў: Бяляцкі–Акулін–Скачынскі–Кавалёў. Вось і атрымалася — «Баскі». Вызіраў з гэтага назову і поўны грамадска-палітычны падтэкст. На другім краі Еўропы жылі гэтыя баскі — народ без сваёй дзяржавы, які тым не менш, як мог, змагаўся за сваю незалежнасць ды імкнуўся захаваць сваю нацыянальную адметнасць. Іхняя баскская барацьба патаемна перагукалася з нашымі памкненнямі. Мы хацелі, каб і ў нас узнялася хоць якая хваля барацьбы за нашу беларускую незалежнасць».



У студэнцкім рок-гурце «Баскі»


Упершыню гурт выступіў у Лоеве на вяселлі аднагрупніка ў 1982 годзе. «На хатнім двары была змайстраваная з рэек і брусоў вялікая альтанка, абцягнутая тоўстым поліэтыленам. Запрошаныя на вяселле госці сядзелі і ў хаце, у якой былі расчыненыя і дзверы, і вокны, і ў гэтай альтанцы, на лавах, вакол вялікага агульнага стала. Мы гралі побач, у двары, дзе таньчылі і весяліліся госці. Мы гралі, былі занятыя і заклапочаныя і якасцю музыкі, і спевамі, мы хваляваліся, бо ж выступалі ўпершыню. Падвыпіўшыя госці былі задаволеныя і непатрабавальныя. Жывы музычны гурт, ды яшчэ з Гомеля, быў для лоеўцаў шыкоўным упрыгожваннем вяселля. Мы адыгралі свой «джэнтльменскі набор» — расейскія хіты і свае беларускія кампазіцыі. Вясельныя госці радасна таньчылі».

У Лоеве пазнаёміўся з будучай жонкай. Пасля таго як адыгралі на вяселлі, хлопцаў запрасілі таньчыць пад магнітафон. «Падчас танцаў я пазнаёміўся з адной дзяўчынай у крэмавай сукенцы з кароткім рукавом, з коратка падстрыжанымі кучаравымі чорнымі валасамі. Мы таньчылі некалькі разоў пад павольную музыку. Як толькі гучаў павольны танец, я шукаў вачамі яе ў натоўпе, падыходзіў і запрашаў. Яна ўсмешліва пагаджалася, і цяпер ужо пад нашымі нагамі мякка калывалася зямля. Позна ўвечары, калі госці паступова пачалі разыходзіцца, я павёў праводзіць яе дахаты. Яе звалі Наталля, ёй было 18 гадоў, яна была стрыечнай сястрой маладога, таму і прыйшла на вяселле. Яна вучылася ў лоеўскай педвучэльні на настаўніцу малодшых класаў. Мы прагулялі па ціхіх цёмных лоеўскіх вулічках і працалаваліся ўсю ноч. Наталля была ціхай і маўклівай, усё больш пасміхалася, гаварыў пераважна я і пра штосьці ў яе распытваў».



З жонкай Наталляй


Праз пяць гадоў Наталля Пінчук стала жонкай Алеся, а ў снежні 2022 года выступіла ў Осла, дзе зачытала ад яго імя прамову і атрымала Нобелеўскую прэмію.

У інтэрнаце не распуснічаў. «Студэнцкі інтэрнат на вуліцы Кірава нечым нагадваў казарму, у якой я зараз жыву [у бабруйскай калоніі]. Такія ж агульныя прыбіральні, пакоі, у якіх месціліся па чатыры студэнты, агульная варыўня і агульны душ на першым паверсе (... ) Жыццё там было вясёлае і нават, можна сказаць, разняволенае. Інтэрнат быў у асноўным дзявочым царствам (...) На нашым курсе са ста студэнтаў-філолагаў хлопцаў не было і дваццаці чалавек. У нашай групе была 21 дзяўчына і 4 хлопцы. Але пры ўсім гэтым дзявоцкім кветніку вакол нас мы не распуснічалі. Былі нейкія лёгкія і нядоўгія захапленні, але да распусты справа не даходзіла. У інтэрнаце, каб знайсці сексу, не трэба было далёка хадзіць (...) Але нам такія стасункі з дзяўчатамі былі нецікавымі і непатрэбнымі. Мы былі больш духоўна настроеныя, хаця не цураліся дзявочых кампаніяў, хадзілі ў дзявочыя пакоі вячэраць, піць гарбату, гаманіць, граць на гітары і спяваць. Весялей было з дзяўчынамі разумнымі і інтэлектуальна развітымі».

Ездзіў з Гомеля ў Крым на цягніку — на мора і каб наведаць магілу Максіма Багдановіча. «Маючы вольны ад заняткаў тыдзень, утрох ездзілі адпачываць дзікунамі ў Крым. Праезд у агульным вагоне з Гомеля да Сімферопалю па студэнцкім білеце са зніжкай напалову каштаваў пяць рублёў. Атрымаўшы 40-рублёвыя стыпендыі, заплаціўшы з іх па 10 рублёў за праезд туды-сюды, з астатнімі грашыма, з намётам і спальнікамі мы паехалі ў Крым».

У Ялту студэнты адправіліся, каб наведаць магілу Максіма Багдановіча. «На магіле ў Максіма стаяла шэрая ад часу стэла, вырабленая з пясчаніку. Мы збольшага прыбралі магілку, зграблі лісце, паадкалупвалі з помніка зялёныя бляшкі лішаёў. Стэла была невялікай, але выразнай».

Атрымаў размеркаванне ў Лельчыцкі раён. Пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «філолаг, выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры»ўніверсітэту ў 1984 гоз Алеся Бяляцкага размеркавалі ў вясковую школу ў Лельчыцкім раёне. Там ён адпрацаваў першую чвэрць і паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук і пераехаў жыць у Мінск.

Дададзім, што ў цэлым жыццё Алеся Бяляцкага цесна звязана з Гомельшчынай. Ягоны бацька родам з Рагачоўскага, а маці — з Нараўлянскага раёну. У школе Алесь вучыўся ў Светлагорску.

Пакiнуць каментар