У Літве грузавік насмерць збіў гомельца Вітара Савіча. Імя загінулага беларуса назвала Хартыя'97.

Віктар Савіч — экс-баец палка Каліноўскага, жыхар Гомеля. Флагшток распавядаў пра гомельца ў 2022 годзе, калі Віктар толькі выправіўся ў полк, каб падтрымаць Украіну супраць агрэсара. Вядома, што ў тым жа годзе Віктар разарваў кантракт з ЗСУ і патрапіў у скандал, калі яго інтэрвʼю з’явілася на прапагандысцкім канале «Беларусь 1».
У той жа час да сёння невядомыя некаторыя акалічнасці жыцця Віктара за мінулы год. З перапіскі з Віктарам Флагштоку вядома, што малады чалавек перажыў вялікі ціск з боку сілавікоў. Калі ён знаходзіўся ва Украіне, спецслужбы Беларусі ўзялі ў закладнікі бацькоў Віктара. Сілавікі распачалі з добраахвотнікам прыватную перапіску, у якой яму пагражалі і дасылалі відэа бацькоў з камеры ІЧУ. Усе гэтыя матэрыялы перапіскі і відэа знаходзяцца ў рэдакцыі Флагштока.
Віктар Савіч удзельнічаў у баі, у якім загінуў вядомы беларускі добраахвотнік з пазыўным Брэст. Гэтая падзея моцна ўразіла маладога чалавека. Праз нейкі час ён звольніўся з ЗСУ. Рэдакцыі Флагштока цяжка ацаніць псіхалагічны стан Віктара ў гэты час. Але, судзячы па рознай інфармацыі, ён перажываў складаны перыяд свайго жыцця.

Знаходзячыся ў Літве, Віктар патрапіў пад увагу прапагандыстаў. Гэта адбылося праз камунікацыю з літоўскім юрыстам Мантасам Даніэлюсам. Як аказалася, відэа з прыватнымі размовамі Віктара з гэтым чалавекам былі перададзеныя юрыстам беларускім прапагандыстам.
У размове з Флагштокам Віктар адзначаў, што не хацеў патрапіць у правакацыйную сітуацыю. Але выказваў задавальненне, што спрычыніўся да выкрыцця Мантаса Даніэлюса, якога ў Літве зараз судзяць па абвінавачванні ў шпіянажы для Беларусі. Падрабязнасці гэтай справы Флагштоку невядомыя.
Як паведамляюць літоўскія СМІ, грамадзянін Беларусі загінуў 9 кастрычніка. Яго збіў грузавік. Паводле Хартыіʼ97, гэты жыхар Беларусі — Віктар Савіч. Гомелец памёр на месцы.