У Гомелі развіталіся з вядомым інтэлектуалам, якога затрымлівалі падчас пратэстаў

| Навіны | 0

У Гомелі адбылося пахаванне Аляксандра Шмідава — паважанага пенсіянера, знатака, якога ведаюць як удзельніка папулярных інтэлектуальных шоў «Што? Дзе? Калі?» і «Свая гульня». Пра яго смерць стала вядома 2 сакавіка.


Аляксандр Шмідаў справа. Фота: Радыё Свабода


Ягоныя дзеці жылі ў Ізраілі і збіраліся забраць бацьку да сябе пасля таго, як у яго выявілі анкалогію — але не паспелі.

«У канцы снежня тата напісаў нам, што ў яго знайшлі рак і пара вывозіць яго ў Ізраіль. Мы неадкладна кінуліся тэлефанаваць па ўсіх знаёмых габрэйскіх арганізацыях і правяраць, што можна зрабіць. Зрабіць можна было няшмат, толькі дзейнічаць па стандартнай працэдуры рэпатрыяцыі, якая займае прыкладна два месяцы», — распавяла на старонцы Аляксандра ягоная дачка.

У лютым Аляксандр павінен быў ляцець у Ізраіль, але двойчы трапіў у лякарню і ў выніку там памёр — медыкі не змаглі яго ўратаваць.

«Сыйшоўшы на пенсію, ён свядома абмежаваў стасункі, сышоў ва ўнутраную эміграцыю, у любое надвор'е хадзіў плаваць на Сож... І хоць абедзве дачкі ўжо жылі ў Ізраілі, з'язджаць не хацеў. І не з'ехаў...», — напісала ў сацсетцы сяброўка сям'і.

Увогуле на ягонай старонцы ў Фэйсбуку многія пакінулі добрыя ўспаміны.

Аляксандр вядомы таксама тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пенсіянераў супраць гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Яго разам з іншымі пенсіянерамі затрымлівалі міліцыянты.

Таксама Аляксандр падтрымліваў Украіну ў яе барацьбе з расійскімі агрэсарамі.

Пакiнуць каментар