На электронным аўкцыёне Ebay прадалі капэрту з рэдкай маркай Беларускай Народнай Рэспублікі, заўважыў Флагшток. Ліст быў адпраўлены з Гомеля ў Кіеў, на вуліцу Банкаўскую, а назва краіны пазначана ў адрасе як УНР.
Сапраўднасць капэрты спрэчная, больш прыкладаў з тых часоў не захавалася, але відаць, што прадавец мае добры рэйтынг і спецыялізуецца на украінскай філатэліі. Бойка за лот развярнулася сур'ёзная і кошт павысіўся ад 1 да 46,5 даляраў.

Фота: Ebay
Калі лічыць капэрту сапраўднай, то гэты ліст можа быць датаваны 1920 годам. Менавіта ў той перыяд выдавалася марка «Асобны атрад БНР». Гэта атрад, які ваяваў з бальшавікамі (у складзе Паўночна-Заходняй Белай арміі) на тэрыторыі Эстоніі і Латвіі пад камандаваннем Булак-Балаховіча ў 1919–1920 гг.
Маркі «Асобны атрад БНР» дзеля атрада Балаховіча былі надрукаваныя ў Латвіі па замове Ваенна-Дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі ў 1920 годзе і выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі, да красавіка 1920 году.
Наўрад ці такая марка магла трапіць у Гомель. Горад у той час уваходзіў у склад Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі як цэнтр Гомельскага павету і знаходзіўся ў зоне актыўных баявых дзеянняў грамадзянскай вайны. У РСФСР была забарона на карыстанне маркамі БНР.
Адзін з філатэлістаў мяркуе, што капэрта з'яўляецца фальшыўкай:
«Мне падобнае ніколі не сустракалася. І ў прадаўца большасць тавараў – фантастыка», – пракаментаваў Флагштоку эксперт.

Фота: Ebay
Адпраўнік ліста не пазначаны. Цікава, што побач з адрасам налеплены маркі Расійская імперыі, а на адваротным баку — марка БНР.
У тым жа, 1920 годзе, УНР фактычна спыніла сваё існаванне, а БНР, першая беларуская дзяржава, — яшчэ раней, у 1918 годзе, у хуткім часе пасля абвяшчэння незалежнасці.