У вёсцы Струкачоў Кармянскага раёна ліквідуюць сярэднюю школу. Афіцыйна пра гэта пакуль не паведамлялася — пра закрыццё навучальнай установы даведаўся Флагшток і спраўдзіў інфармацыю ў аддзеле адукацыі Кармянскага раёна.
«Так, школу вырашылі закрыць, бо там засталося зусім мала дзяцей. Дакладная дата закрыцця пакуль не вызначана, але гэта адбудзецца пасля завяршэння навучальнага года. Верагодна, у жніўні 2024 года», — адказалі там на пытанне, зададзенае ад імя мясцовага жыхара.
Вёска Струкачоў знаходзіцца ў глыбінцы Кармянскага раёна, раней яна была цэнтрам сельсавету і буйным населеным пунктам, аднак паводле апошняга перапісу насельніцтва там пражывае ўжо меней за 300 жыхароў.

«Патрыятычны» велапрабег па тэрыторыі школы ў гонар дзяржсімвалаў. Фота: сацсеткі ўстановы
Будынак школы двухпавярховы, адрамантаваны. Паводле інфармацыі на сайце ўстановы, яна працуе ў адну змену, у штаце — амаль 20 настаўнікаў, у школе ёсць малодшыя, сярэднія і старэйшыя класы — ад 1-га па 10-ты. Калі школа будзе закрыта, дзесяцікласнікам давядзецца завяршаць сярэднюю адукацыю ў іншай школе. Куды менавіта іх накіруюць у выпускны клас, а таксама дзе будуць вучыцца іншыя дзеці са Струкачова, пакуль не вядома.
Школа актыўна вядзе старонкі ў сацыяльных сетках, у тым ліку — у Фэйсбуку, што з'яўляецца рэдкасцю для дзяржаўных устаноў адукацыі. Верагодна, старонку ў гэтай сацсетцы адкрылі, у тым ліку, дзеля апекуноў з Італіі.
У дзяржпрэсе паведамлялася пра тое, што школай даўно апякуецца італьянская дабрачынная арганізацыя Help for children Parma — яна дапамагала з мэбляй і кухонным абсталяваннем, будаўнічымі матэрыяламі для рамонту школы, спартыўным інвентаром, а вучні, дзякуючы замежнай падтрымцы, аздараўляліся ў Італіі. Прыязджалі ў школу італьянцы і нядаўна — для гасцей ладзілі «знаёмства з дзяржаўнымі сімваламі». Таксама ў школе актыўна праводзяць разнастайныя ідэалагічныя мерапрыемствы.

Апекуны з Італіі нядаўна наведвалі школу. Фота: сацсеткі ўстановы
Паводле леташняй афіцыйнай статыстыкі, толькі за адзін год на Гомельшчыне ліквідавалі 10 школ. У цэлым, як раней паведамляў Флагшток, з моманту здабыцця незалежнасці ў Гомельскай вобласці закрылі звыш траціны школ — ужо знікла як мінімум 336 устаноў. Асноўная прычына — імклівае выміранне малых населеных пунктаў.
Дзе яшчэ плануюць закрыць школы ў наступным годзе, улады не паведамляюць.