Стала вядома, што ў Беларусі ідэолагі прымушаюць грамадзян даваць распіскі пра абавязак праверыць свой акаўнт у Telegram на наяўнасць падпісак на інфармацыйныя рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Як мінімум у адным з вну пад такі прымус трапілі студэнты, паведаміла «Гомельская вясна».
Як высветліў Флагшток, гаворка ідзе пра бот у Telegram пад назвай «Стоп экстрэмізм». Яго шырока рэкламавалі ў дзяржаўных СМІ яшчэ напачатку 2024 года. Затым заклікі скарыстацца ботам з'явіліся на сайтах дзяржустаноў, у тым ліку – школ, каледжаў і вну Гомельшчыны.

Фота: «Гомельская вясна»
Карыстальнікам прапануюць далучыцца да бота і націснуць кнопку «Старт», а затым увезці назву рэсурса, які цікавіць.
Сапраўды, знайсці рэсурс у «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», у якім тысячы радкоў і які штодня абнаўляецца, даволі цяжка. Аднак карыстанне ўзгаданым ботам – не выйсце, і можа скончыцца рэпрэсіямі.

Затрыманне за падпіскі на «ЗЛіНе»
Такое меркаванне Флагштока падцвердзілі Кіберпартызаны, якія патлумачылі, чаму небяспечна карыстацца ботам сілавікоў і што рабіць, калі да такіх дзеянняў прымушаюць:
«Пасля націскання кнопкі «Старт» уладальніку бота (сілавікам) можа стаць вядома ўся публічная інфармацыя пра ваш акаўнт: фота профілю, імя, @юзернэйм, Telegram ID. Што дакладна будзе вядома, залежыць ад наладак у боце. Але, верагодна, усё пералічанае».
Эксперты адзначылі, што па гэтай інфармацыі сілавікі будуць намагацца адсачыць актыўнасць карыстальніка ў Telegram: што чытае, у якіх чатах прысутнічае. А таксама – што будзе рабіць з акаўнтам далей:
«Таму мы раім не карыстацца гэтым ботам з акаўнта, з якога раней чалавек быў падпісаны на чаты і каналы, датычаныя палітыкі і незалежных СМІ. Калі вас прымушаюць карыстацца гэтым ботам, рабіце гэта з асобнага акаўнта, на якім няма і ніколі не было нічога, што тычыцца палітыкі. Інакш інфармацыю, якую выцягнуць праз гэты бот, могуць выкарыстоўваць супраць чалавека, каб навесіць на яго адміністрацыйныя і крымінальныя артыкулы, сачыць за ягонай дзейнасцю ў мэсэнджэры».