Інфармацыю пра палітычныя прысуды цалкам закрылі ўлады. Апошнія вядомыя выракі на Гомельшчыне – праціўнікам расійскай вайны

| Палітыка

Больш за месяц Флагшток не актуалізуе агляд палітычных прысудаў на Гомельшчыне – але не з-за таго, што рэпрэсіі быццам бы спыніліся і новых выракаў не было, а з той прычыны, што ўлады закрылі адну з апошніх крыніц інфармацыі. 

МУС Беларусі перастала абнаўляць так званы «спіс экстрэмістаў», з якога можна было даведацца пра нядаўнія палітычна матываваныя прысуды. Ужо працяглы час на сайце міністэрства пазначана, што «па тэхнічных прычынах старонка часова недасяжная». Апошняе абнаўленне спісу – ад 18 верасня.



Скрыншот сайта МУС РБ ад 27 кастрычніка


З гэтага спісу вядомыя на дадзены момант апошнія палітычныя прысуды, пра якія паведамлялі праваабаронцы «Гомельскай вясны». Абодва, меркавана, па справе «Беларускага Гаюна». Нагадаем, гэты рэсурс адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас агрэсіі супраць Украіны.



Ганна Муха. Фота: сацсеткі


Вінаватай у так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса абвясцілі 54-гадовую жыхарку Гомеля Ганну Муху. Вынесены жанчыне прысуд не звязаны са зняволеннем. Найбольш верагодна, што ёй прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.



Сяргей Волкаў. Фота: сацсеткі


Аналагічнае абвінавачванне і прысуд – у дачыненні да 60-гадовага жыхара Рэчыцы Сяргея Волкава.