Жыхароў шасці раёнаў рэпрэсавалі на Гомельшчыне. Усіх – з-за расійскай вайны

| Палітыка

Агляд палітычных прысудаў на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся на працягу апошніх двух тыдняў, зрабіў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны». Тэндэнцыя застаецца ранейшай: большасць прысудаў звязаная, меркавана, з вайной Расіі супраць Украіны і вынесена на «справе Беларускага Гаюна». 

Гэты рэсурс адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас агрэсіі супраць Украіны. У большасці апошніх выпадкаў асуджаных караюць абмежаваннем волі.



Васіль Купрацэвіч. Фота: сацсеткі


Двое жыхароў Мазыра асуджаныя па аднолькавым абвінавачванні, якое звычайна выстаўляюць тым, хто дасылаў паведамленні «Гаюну»: за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 53-гадоваму жыхару Мазыра Васілю Купрацэвічу – намесніку дырэктара ў навучальна-вытворчай працы Мазырскага каледжу будаўнікоў. 



Яўген Вяргей пры ўзнагароджванні Ганаровай граматай райвыканкама


Па аналагічным абвінавачванні трымалі ў СІЗА аднаго з найлепшых супрацоўнікаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода – начальніка ўстаноўкі каталітычнай вытворчасці бензінаў НПЗ Яўгена Вяргея. Дакладныя рашэнні судоў па справах абодвух мазыран пакуль невядомыя.

Яшчэ двое асуджаных па такім жа абвінавачванні – з Рэчыцы. Прысуды вынесеныя ў дачыненні 60-гадовага Сяргея Волкава і 49-гадовага Дзмітрыя Дзіка.



Сяргей Волкаў і Дзмітрый Дзік. Фота: сацсеткі


Наступныя двое рэпрэсаваных, меркавана, па «справе Гаюна» – са Жлобінскага раёну. Прысуды вынесеныя ў дачыненні да 39-гадовага электраманцёра са Жлобіна Віктара Міхалькевіча і 55-гадовай жыхаркі вёскі Саланое Святланы П’янавай. Яе абвінавацілі таксама ў паклёпе на Лукашэнку. 



Віктар Міхалькевіч і Святлана П'янава. Фота: сацсеткі


Жыхароў яшчэ трох раёнаў Гомельшчыны асудзілі па тым жа абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». У гэтым абвясцілі вінаватым 31-гадовага жыхара Кармы Уладзіслава Беднякова, які працаваў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, 36-гадовую былую настаўніцу гісторыі Капцэвіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Вольгу Вострыкаву і 28-гадовую настаўніцу-дэфектолага з дзіцячага садка № 1 Жыткавічаў Яніну Гудкову. 



Уладзіслаў Беднякоў, Вольга Вострыкава і Яніна Гудкова. Фота: сацсеткі і дзяржрэсурсы