За «садзейнічанне экстрэмізму» на чатыры гады «хіміі» асуджаны жыхар Мазыра. Праваабаронцам стала вядома пра тое, што ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд жыхару Івану Качайлу, паведаміла «Гомельская вясна».
Мужчыну абвясцілі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле часткі 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Яму прысудзілі чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у карную ўстанову адкрытага тыпу.

Іван Качайла. Фота: сацсеткі
Сутнасць абвінавачванняў, выстаўленых Івану Качайлу, пакуль высвятляецца, раней пра нейкую ягоную актыўнасць не было вядома. Імаверна, палітычна матываваная рэспрэсія датычна мазыраніна выкананая ў рамках крымінальнай справы маніторынгавага каналу «Беларускі Гаюн». Гэты інфармацыйны рэсурс адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі падчас ажыццяўлення ёю ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.
Таксама стала вядома, што за «Гаюн» асудзілі эканамістку з Жлобіна, якая працавала ў «Беларускай цэментнай кампаніі». Пра суд над ёй даведалася «Наша Ніва» праз «спіс экстрэмістаў», які вядзе МУС.
Таццяне Лук'янцавай 39 гадоў. Яна нарадзілася і вучылася ў Жлобіне, але пазней жыла і працавала ў Мінску. Жанчыну асудзілі ў кастрычніку 2025 года па двух артыкулах — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Таццяна Лук'янцава. Фота: сацсеткі
Ёй прысудзілі хатнюю хімію і дадалі ў «спіс экстрэмістаў». Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але хутчэй за ўсё затрыманне Таццяны было звязана са справай «Гаюна». Падобна, што да суда яна была ў СІЗА.

