«Здрада дзяржаве» і дапамога «Гаюну». Каго і за што асудзілі на Гомельшчыне па палітычных справах за апошні месяц

| Палітыка

Прысуды па палітычна матываваных артыкулах, якія былі вынесены жыхарам і ураджэнцам Гомельшчыны за апошні месяц, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны».

У Магілёўскім абласным судзе вынесены прысуд грамадскаму актывісту з Нароўлі Міколу Віткоўскаму. Яго абвясцілі вінаватым у «здрадзе дзяржаве» паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі яму 10 гадоў пазбаўлення волі. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, падрабязнасці невядомыя.


Мікола Віткоўскі. Фота: сацсеткі


Мікола Віткоўскі – грамадскі актывіст з Нароўлі, чалец ліквідаванай уладамі «Народнай грамады». У верасні мінулага года ён знік з дому ў Нароўлі і толькі ў лістападзе стала вядома, што яго ўтрымліваюць у следчых камерах турмы № 4 у Магілёве. Крыніца з гэтай карнай установы цяпер паведаміла пра прысуд, вынесены Віткоўскаму.

Гомельскі абласны суд абвясціў 33-гадовага жыхара Гомеля Іллю Карпава вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК). Вынесены яму прысуд цяпер высвятляецца, але вядома, што мужчыну зняволілі, прысудзіўшы або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову. 



Ілля Карпаў. Фота: сацсеткі


Найбольш імаверная нагода для рэпрэсіі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 – гучная справа маніторынгавага каналу «Беларускі Гаюн», які збіраў інфармацыю пра дзеянні ў Беларусі расійскай арміі падчас здзяйснення паўнамаштабнай узброенай агрэсіі супраць Украіны.

Меркавана, з той жа нагоды Гомельскі абласны суд вынес вырак 33-гадовай гамяльчанцы Вікторыі Паташкінай, якая апошнім часам жыла ў Мінску. Яе таксама абвясцілі вінаватай у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса.



Вікторыя Паташкіна. Фота: сацсеткі


Вынесены жанчыне прысуд пакуль высвятляецца, але вядома, што ён звязаны са зняволеннем. Ёй прысудзілі або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову. 

Таксама па тым жа абвінавачванні ў Гомельскім абласным судзе вынеслі вырак 36-гадоваму жыхару Светлагорска Юрыю Мядзведзіку. Вядома, што прысуд не звязаны са зняволеннем, імаверна мужчыну прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. 



Юрый Мядзведзік. Фота: сацсеткі


Юрый Мядзведзік раней працаваў у аб’яднанні «Беларуснафта». Зараз ён прэзентуе сябе як праектны менеджар і інжынер, які займаецца стварэннем і развіццём бізнэс-мадэляў. Апошнім часам ён працаваў у адным з расійскіх праектаў, які стварае лічбавыя рашэнні для розных сфераў дзейнасці. 

Па аналагічным абвінавачванні ў Гомельскім абласным судзе вынеслі яшчэ адзін прысуд – 40-гадоваму жыхару Светлагорска Аляксею Градскаму. Праваабаронцы намагаюцца высветліць канкрэтны вырак, але вядома, што ён не звязаны са зняволеннем. Найхутчэй яму прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.



Аляксей Градскі. Фота: сацсеткі


У Бабруйску адбыўся суд паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі ўстановы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) датычна 22-гадовага палітычнага зняволенага з Гомеля Іллі Верамеева. Вынесены прысуд пакуль высвятляецца. Праз гэты артыкул улады знявольваць вязняў яшчэ да аднаго года і звычайна менавіта такія тэрміны і прысуджаюць у такіх судах.

Іллю Верамеева ў 2022 годзе ў Гомельскім абласным судзе засудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Тады яго абвясцілі вінаватым у замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў і ў распальванні сацыяльнай варажнечы. Такім чынам інтэрпрэтавалі ягоныя каментары ў адным з чатаў з абурэннямі пасля таго, як беларускі рэжым дазволіў выкарыстаць тэрыторыю краіны і ў прыватнасці Гомельшчыну для здзяйснення расійскай узброенай агрэсіі супраць Украіны. 


«Вельмі верыць у беларусаў і Украіну, што ўсё будзе добра». Сястра асуджанага на 6,5 года гомельца — пра яго затрыманне, прысуд, лісты з калоніі

18-гадовага Іллю Верамеева схапілі на чацвёрты дзень вайны — пасля ягоных заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць.