Папулярны гомельскі блогер Анатоль rubakha_go, які займаецца сацыялізацыяй бяздомных, шукае героя для свайго наступнага праекту. Першая гераіня студэнта Анатоля – бяздомная Вікторыя, якой хлопец, як ён заявіў, набыў за кватэру за грошы ад продажу выйгранага ў іншага блогера аўто.
Пасля таго, як адна пара гомельскіх бяздомных адмовілася ад сацыялізацыі з дапамогай блогера, той выйшаў на іншага чалавека, які жыве на вуліцы — Канстанціна. У ім Флагшток апазнаў адзінага беларускамоўнага бяздомнага Гомеля — гэта 51-гадовы Кастусь Марозаў.

Скрыншот відэа Анатоля rubakha_go
Пра яго раней распавядала незалежная прэса. Ён жыве на пляцоўцы за гаспадарчымі пабудовамі ў Савецкім раёне, збірае і здае другасную сыравіну – шкло, паперу і металалом, за гэта і выжывае.
Кастусь тлумачыў, што ў 2015 годзе памерла ягоная маці, праз год ён страціў працу, потым атрымаў пералом пляча, зрабілі складаную аперацыю. З-за гэтага ніяк не мог знайсці новую працу, а даўгі па камуналцы раслі. У канцы 2017 года яго выселілі з кватэры — у нікуды.
У былым доме заставалася вялікая бібліятэка і фанатэка. Кастусь любіць беларускіх класікаў — Чачота, Купалу, Коласа, Караткевіча. А з беларускай музыкі асабліва яму падабаецца «Народны альбом», некаторыя песні з якога ён цытаваў на памяць.
Цяпер, пры сустрэчы з блогерам, Кастусь таксама спачатку гаварыў па-беларуску і адразу пагадзіўся на ўдзел у ягоным праекце. Але калі той прынёс яму новую вопратку і прапанаваў засяленне ва ўжо арэндаваную кватэру, бяздомны адмовіўся.
Ён патлумачыў, што пакуль не гатовы да такога кроку і не захацеў змяняць ладу жыцця, да якога прызвычаіўся за восем гадоў. Блогер тым часам шукае новага персанажа.