Фотадзённік акупанта: унікальныя здымкі Гомеля і гамяльчан 1941–1943 гадоў

| Гісторыя

У рэдакцыю Флагштока патрапіў унікальны матэрыял з пражскага архіва, які ніколі дагэтуль не публікаваўся. Гэта фотадзённік нямецкага паліцэйскага атраду абароннай паліцыі [Schutzpolizei] па Гомелю.


Подпіс на тэчцы дзённіка: «Фотададатак да дзённiка атрада абароннай палiцыi [Kommando der Schutzpolizei]»


Гэта паліцэйскае ведамства было ўтворанае ў гітлераўскай Германіі і мела разнастайныя падраздзяленні: крымінальнае, патрульнае, вайсковае, дарожнае, воднае. Служачыя паліцыі ў абавязковым парадку з'яўляліся чальцамі СС і нацысцкай партыі. Ва ўмовах акупацыі Гомеля гэтая служба выконвала ў тым ліку і карныя функцыі.  


Разварот старонак дзённіка


Дзённік складаецца з 160 здымкаў (большасць якіх зробленыя ў Гомелі), наклееных да папяровых аркушоў з подпісамі-спасылкамі на другую частку дзённіка. Другая — асноўная частка, імаверна, мела разгорнутае тэкставае апісанне побыту і службы акупантаў. Яна пакуль не знойдзена.

На фота акупацыя вачыма паліцэйскіх — вучэнні, пакаранні, патруляванні, гарадскія руіны, рынкавы гандаль, жабракі і Дажынкі. Флагшток публікуе падборку найбольш цікавых і жахлівых здымкаў з гэтага дзённіка. Без цэнзуры і рэтушы: гісторыя, якой яна была.

Гомельская частка дзённіка пачынаецца з перавода паліцэйскага атраду з Кіева ў Гомель 11 лістапада 1941 года. На той момант цэнтральная частка Гомеля была цалкам выпалена жнівеньскімі авіяналётамі Люфтвафэ. Аўтар дзённіка ацэньвае руйнаванне гораду на 80%.




Кварталы вакол Цэнтральнага рынку пасля бамбёжкі і пажару былі цалкам знішчаныя. Засталіся толькі пячныя коміны і скрыня дзіцячага садка (зараз у адноўленым будынку месціцца аддзяленне Камітэту дзяржкантролю ў глыбі квартала вуліцы Інтэрнацыянальнай)

На допыце ў снежні 1943 года жыхар Гомеля Сямёнаў С. П. так апісваў гэтую службу:

«Шуцполиция — охранная полиция, была организована в конце 1941 года. Во главе полиции стоял немецкий майор. Из числа сотрудников Шуцполиции назначали шефами всех отделов русской полиции и производств. Шуцполиция имела при себе команду из бывших русских военнопленных, которых предварительно обучали на курсах в Бобруйске. Эта команда использовалась немцами в борьбе с партизанами. В ночное время Шуцполиция патрулировала по городу».



Руіны галоўнай гарадской плошчы: з левага боку каланча аўтарства архітэктара Шабунеўскага, з правага — былая камерцыйная вучэльня аўтарства архітэктара Джона Кларка і гандлёвыя рады. Руйнаванне цэнтра Гомеля — вынік нямецкага бамбавання горада ў жніўні 1941 года


Аб'ект у дзённіку падпісаны як «першая казарма». Гэта будынак інтэрната чыгуначнага тэхнікуму на вуліцы Савецкай, які быў узведзены перад самай вайной. Ён ніколі раней не трапляў на здымкі. Пасля вайны яго руіны былі цалкам знесеныя. Месціўся гэты аб'ект насупраць сённяшняга Новага Універмагу


Закінутая ў савецкі час валатаўская Мікалаеўская царква без крыжоў і корпус былой мужчынскай гімназіі, дзе ў час акупацыі месцілася падраздзяленне абароннай паліцыі (сакавік і ліпень 1942 года)



Каля Конскага рынку (сёння рынак Цэнтральны) жыццё не замірала і падчас акупацыі


Той жа Конскі рынак, на заднім плане стаяць зенітныя кулямёты і бачныя руіны праспекта Леніна (3 сакавіка 1942 года)



Тут жа,побач з рынкам, знаходзілася і месца публічных пакаранняў для застрашэння грамадзян. «Абвяшчэнне прысуду і яго выкананне»: сведчыць нямецкі подпіс над здымкамі. Пакаранне адбылося 6 сакавіка 1942 года. Сярод прысутных: паліцыя, калабаранты з павязкамі на рукавах і грамадзянскія

 

Другое пакаранне, зафіксаванае ў дзённіку, пазначана як «Exekution». Здымак датаваны 19 сакавіком 1942 года. На здымку тое ж месца, што і на здымку вышэй. Шыбеніцы знаходзіліся на месцы сённяшняга ГЦ «Сакрэт»

 


Праверка паліцыяй дакументаў у грамадзян на ўездзе ў Гомель з боку Новабеліцы (10 чэрвеня 1942 года). На заднім плане бачны корпус шпіталя на вул. Камісарава



Подпіс над фота: «Свята ўдзячнасці за ўраджай для персаналу ў Ціценках» [Erntendankfest Staatsgut Titenki] 3 кастрычніка 1942 года. Святам ураджаю немец назваў традыцыйнае беларускае свята — Дажынкі. Вёска Ціценкі пасля вайны ўвайшла ў склад Гомеля, сёння гэта раён Сяльмаш



Сямейства ў Ціценках



У дзень народзінаў Гітлера 20 красавіка 1942 года нацысты ўздымаюць сцяг каля паліцэйскага ўпраўлення, якое знаходзілася ў будынку былой мужчынскай гімназіі (сёння стары корпус БелДУТа)



Лыжныя вучэнні паліцэйскіх на вуліцы Кірава. На гэтым здымку ўпершыню бачны фрагмент забудовы, які быў пазней зруйнаваны і знесены (25 студзеня 1943 года)



Надпіс над здымкамі: «Вулічныя тыпажы ў Гомелі» (1 кастрычніка 1942 года). Першы здымак зроблены на фоне выпаленага квартала па вуліцы Карповіча (на заднім плане старыя карпусы сённяшняга БелДУТа). Другі здымак не лакалізаваны




Нямецкія вучэнні на тэрыторыі вайсковай часткі, якая месцілася ў раёне сквера Тараса Шаўчэнкі на вуліцы Барыкіна. 
Раней знешні выгляд гэтай ваеннай часткі на фотаздымкі ніколі не трапляў. Пры адступленні з Гомеля ў кастрычніку 1943 года немцы ўзарвуць адзін з гэтых будынкаў, разам з сабранымі там знясіленымі ваеннапалоннымі і мясцовымі жыхарамі.



«Пошукі старога Гомеля» для Флагшток