Гісторыкі архітэктуры: «Дом Рыбы» Шабунеўскага быў бел-чырвона-белы

| Гісторыя

У Фэйсбуку ў суполцы «Гомель. История и Архитектура» ўзнялася пытанне: як выглядаў першапачаткова «Дом Рыбы», што сёння размяшчаецца на праспекце Леніна? Пытанне гучала ў кантэксце таго, што перад пачаткам капітальнага рамонту Міністэрства культуры шукае інфармацыю аб арыгінальным каларыстычным рашэнні будынку. 
                                                Жылы дом на пр-це Леніна, 31. Аўтар фота: darriuss.livejournal.com

Краязнаўцы з суполкі «Пошукі старога Гомеля» прааналізавалі крыніцы і выказалі сваю версію наконт каларыстыкі дому.

«Дом Рыбы» ў перадваенны час

На сёння мы ведаем шэраг фотаздымкаў (у тым ліку і даваенных) з выявай гэтага дому. Але, зразумела, усе яны чорна-белыя. Арыгінальных каляровых эскізаў ці сметаў на закупку фарбы для гэтага дому мы не ведаем. Дык як мог выглядаць знакаміты твор Шабунеўскага?

«Дом Рыбы» ў перадваенны час

Пачнем з прасцейшага — на большай частцы фасада выразна заўважная фактура цаглянай кладкі. Гэта тая паверхня, якая ад пачатку павінна была мець натуральны колер цэглы. Гэта значыць, у залежнасці ад трываласці цэглы, колер быў ад цёмна-бардовага да чырвона-аранжавага. 

«Дом Рыбы» ў пасляваенны час

Складаней з атынкаванымі першым і мансардным паверхамі. Яны мелі кантрасна светлы колер. Але які дакладна быў колер па чорна-белых здымках, сказаць цяжка. Ці мог гэта быць светла-ружовы, жоўты, зеленаваты?

Давайце глянем на іншыя будынкі Шабунеўскага. 

Будынак Мужчынскай гімназіі 

Будынак Чыгуначнага ўпраўлення (злева) і Мужчынская гімназія 

Пажарная каланча (графічнае аднаўленне Рамана Рошчанкі і Сяргея Ляпіна)

Хлебазавод

Чыгуначная паліклініка

Па-першае. Рашэнне каларыстыкі фасада з дапамогай кантрасту цаглянага фона і светлага дэкора — гэта фірмовая фішка Шабунеўскага, якая з'яўляецца раз-пораз на шматлікіх будынках архітэктара (мужчынская гімназія, дом Красільшчыкава, дом Грошыкава, пажарная каланча, хлебазавод) спалучэнне бялёнага дэкора з цагляным фонам (у Віленскім банку ці ў доме Грошыкава цэгла была зафарбаваная іншым фонавым колерам). 

Па-другое. Вельмі цяжка ўявіць колер першага і мансарднага паверхаў адрозным ад белага ці светла-шэрага колераў. На іншых будынках Шабунеўскага цэгла спалучаецца толькі з белымі дэталямі і ніяк інакш. 

Такім чынам, найбольш імавернай каларыстычнай схемай «Дому Рыбы» з'яўляецца бела-чырвона-белая (ці замест белага светла-шэрая). 

Ці хацеў Шабунеўскі ўкласці нейкі сэнс у гэтую каларыстыку, мы не ведаем. Да сёння невядомыя ўспаміны ці разважанні архітэктара на грамадска-палітычныя тэмы. Чаму была змененая арыгінальная каларыстыка дому, таксама невядома. Але гэта адбылося не адразу пасля вайны. Бо яшчэ на здымках пачатку 1960-х гадоў каларыстыка была першапачатковай.


Пошукі старога Гомеля
Флагшток

Гумарыстычныя ўлёткі, хіп-хоп фестываль і абсурдныя перформансы. Чым запомніліся Гомельскія моладзевыя рухі 90-х – пачатку 2000-х

| Гісторыя | 1

Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х, распавялі ютуб-каналу 1142X іх стваральнікі і кіраўнікі «Гарт» і «Лімон» Аляксандр Карніенка і Сяргей Адзінец.