У судзе кантона Санкт-Гален Швейцарыі пачаўся суд над былым сахраўцам Юрыем Гараўскім. Яго абвінавачваюць у датычнасці да знікненняў у Беларусі вядомых палітыкаў, у тым ліку выхадца з Гомельшчыны Юрыя Захаранкі. Трансляцыю з залі суда вядзе Новы час.

Юры Захаранка
Гэта першы працэс, калі падзеі ў Беларусі разглядаюць у рамках іншай — універсальнай — юрысдыкцыі. Гараўскі, папрасіўшы прытулак у Швейцарыі, прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, а таксама былога міністра МУС Юрыя Захаранкі.

Юры Захаранка паходзіў з вёскі Васілевічы Рэчыцкага раёну. Працаваў следчым у Светлагорску, Гомелі. З 1989 года быў намеснікам начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама. У 1994 годзе Захаранка быў прызнаны Міністрам унутраных справаў Беларусі, але праз год быў вызвалены ад пасады міністра. Пасля звальнення Юры Захаранка займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Удзельнічаў у акцыях апазіцыі. Захаранка знік 7 мая 1999 года.
На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:
«Калі, па загадзе Паўлічэнкі, мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць».
— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.
— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, канешне, я ведаў, хто гэта такі.
Гараўскі распавядае, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Гараўскі кажа, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад, што з ім «будет проводиться беседа», і не ведаў, куды яго вязуць.
Суддзя спытаў:
— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?
— Так.
— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?
Гараўскі пасля паўзы:
— Трымаў падобны.
— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?
— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.
Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХРа ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў палітыкаў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі. Калі яны прызнаюць Гараўскага вінаватым, гэта стане абвінаваўчым прысудам і для беларускага рэжыму, лічаць юрысты.