Улады адмовіліся адзначаць юбілей Магдэбургскага права ў Гомельскай вобласці.

| Навіны | 0

У 2026 годзе раённы цэнтр Лоеў Гомельскай вобласці мусіць адзначыць адразу дзве ключавыя даты сваёй гісторыі — 450-годдзе атрымання Магдэбургскага права і 100-годдзе ўтварэння Лоеўскага раёна. Аднак улады фактычна адмовіліся ад правядзення маштабных юбілейных мерапрыемстваў, звёўшы святкаванне да некалькіх лакальных акцый музейнага фармату. Пра гэта паведаміў лоеўскі краязнавец Мікалай Анісовец на сваёй старонцы ў Facebook.

У снежні мінулага года жыхар Лоева Мікалай Анісовец звярнуўся да Памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Гомельскай вобласці Руслана Пархамовіча — з ініцыятывай заснаваць гарадское свята, звязанае з юбілеем Магдэбургскага права, і адзначыць яго на дзяржаўным узроўні. Прапанова мела нестандартны, але сімвалічна значны характар і адлюстроўвала грамадскі запыт на паважлівае стаўленне да гістарычнай спадчыны рэгіёна.



Краязнавец Мікалай Анісовец на прыёме ў Памочніка Прэзідэнта


Адказ, атрыманы з Гомельскага аблвыканкама, аказаўся стрыманым. Паводле афіцыйнай пазіцыі, да 3 жніўня 2026 года плануецца толькі стварэнне музейнай экспазіцыі і правядзенне дыялогавай пляцоўкі ў Лоеўскім музеі «Бітвы за Дняпро». Ні гарадскога свята, ні масавых культурных мерапрыемстваў, ні публічнага абмеркавання фармату юбілею не прадугледжана.


Ваенная экспазіцыя ў цэнтры Лоева


Адмова ад паўнавартаснага юбілейнага святкавання выглядае прадказальнай. Дзеючыя ўлады сёння засяроджаныя на захаванні памяці пра савецкі перыяд гісторыі Беларусі. Іншыя этапы мінулага, звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, часта выклікаюць у часткі чыноўнікаў насцярожанасць або адторгненне.


Магдэбургскае права было нададзена Лоеву 3 жніўня 1576 года каралём і вялікім князем Стэфанам Баторыем. Для свайго часу гэта азначала ўключэнне паселішча ў перадавую еўрапейскую прававую сістэму гарадскога самакіравання. У сучаснай Гомельскай вобласці толькі тры населеныя пункты мелі поўнае Магдэбургскае права — Лоеў, Мазыр і Гомель, што падкрэслівае гістарычную ўнікальнасць гэтай падзеі.



Лоеў на гістарычнай гравюры

Менавіта атрыманне Магдэбургскага права стала адпраўным пунктам гарадскога развіцця Лоева: ён ператварыўся ў цэнтр воласці, атрымаў органы самакіравання, эканамічныя прывілеі і прававыя гарантыі. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў насельніцтва вырасла ў дзясяткі разоў, быў пабудаваны замак. Многія даследчыкі лічаць, што без гэтага статусу Лоеў наўрад ці стаў бы ў далейшым раённым цэнтрам.