31-гадовага гамельчука Андрэя Кулікова асудзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле ч.1 і ч.2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабаронцы пакуль высвятляюць, які менавіта прысуд яму вынеслі. Вядома толькі, што гаворка ідзе пра пакаранне, звязанае з пазбаўленнем або абмежаваннем волі, паведамляе «Гомельская вясна».
Андрэй Кулікоў, паводле адкрытых дадзеных у сацсетках, працуе ў ІТ-кампаніі Altabel Group, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння.

Андрэй Кулікоў. Фота: сацсеткі
Ёсць высокая верагоднасць, што справа звязаная з маніторынгавым Telegram-каналам «Беларускі Гаюн». Гэты канал адсочваў перамяшчэнні расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі перад і пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Многія беларусы дасылалі туды інфармацыю пра перасоўванне тэхнікі і вайскоўцаў.
Па аналагічным абвінавачванні 31-гадовага Антона Казачэнку асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Як піша «Наша ніва», Антон родам з Рэчыцы і раней працаваў на Рэчыцкім метызным заводзе. У 2016–2017 гадах ён быў індывідуальным прадпрымальнікам, пазней займаўся рамонтам аўтамабіляў у Мінску. Некаторы час таксама працаваў у Расіі — у падмаскоўнай Электрасталі.

Антон Казачэнка. Фота: сацсеткі
У апошнія гады мужчына цікавіўся сферай IT і праходзіў анлайн-курсы. У вольны час ён захапляўся тэхнікай — матацыкламі і хуткімі аўтамабілямі, быў падпісаны на тэматычныя суполкі.
Падрабязнасці справы пакуль невядомыя, але, верагодна, пераслед звязаны са справай маніторынгавага Telegram-канала «Беларускі Гаюн». Якое менавіта пакаранне прызначылі Антону — калонію або «хімію» з накіраваннем — пакуль дакладна не паведамляецца.
Таксама праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра прысуд маладзёну, якога летась шукалі блізкія пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы. 34-гадовы Глеб Панасюк, які некалькі апошніх гадоў жыў у Польшчы, летась 8 кастрычніка вяртаўся ў родны горад, каб адведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён апошні раз звязаўся з сябрамі ў Польшчы, патэлефанаваўшы з вакзала ў Берасці і паведаміўшы, што збіраецца сядаць на цягнік у напрамку роднага горада. Але потым сувязь з ім знікла. Сябры пачалі ягоныя пошукі.
У снежні мінулага года стала вядома, што Глеб Панасюк зняволены ў СІЗА № 3 у Гомелі.

Глеб Панасюк. Фота: сацсеткі
Да таго карнікі трымалі яго ў гомельскім ІЧУ, арыштаваўшы паводле адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы мелі інфармацыю пра тое, што пераслед Глеба Панасюка мае палітычную матывацыю.
Зараз праваабаронцам стала вядома, што Глебу Панасюку вынесены палітычна матываваны прысуд. Карнікі пастанавілі зняволіць яго на пяць гадоў у калонію. Сутнасць выстаўленых яму абвінавачванняў пакуль высвятляецца.
