Справа «Беларускага Гаюна» на Гомельшчыне: працягваюцца не толькі суды, але і затрыманні

| Палітыка

Адзін з апошніх вядомых выракаў, якія вынес Гомельскі абласны суд па справе маніторынгавага канала «Беларускі Гаюн» – у дачыненні жыхара Мазыра Міхаіла Палазніка. Як паведаміла «Гомельская вясна», яго абвясцілі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса прысудзілі вырак, звязаны са зняволеннем. Найбольш верагодна, што мужчыну пакаралі абмежаваннем волі з накіраваннем у карную ўстанову. Канкрэтны прысуд высвятляюць праваабаронцы.



Міхаіл Палазнік. Фота: сацсеткі


Міхаіл Палазнік жыў у Мазыры. Пра яго вядома, што ў 2014 годзе ён праходзіў тэрміновую службу ў Мінскім гарнізоне і браў удзел у парадзе войскаў на так званым «Дні незалежнасці» 3 ліпеня. За ўдзел у гэтым парадзе ён атрымліваў падзяку ад Лукашэнкі.

Ёсць і прыклады жорсткіх прысудаў. Паводле інфармацыі, атрыманай праваабаронцамі, іншаму жыхару Мазыра Аляксандру Герасіменку, абвінавачанаму ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле часткі 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса, прысудзілі 4,5 гады пазбаўлення волі.

Паводле інфармацыі Флагштока, вялікая доля тых, каго зараз утрымліваюць у гомельскім СІЗА, маюць аналагічныя абвінавачванні па справе «Беларускага Гаюна». У многіх выпадках затрыманым выносяць прысуды ў выглядзе «хатняй хіміі».

У той жа час працягваюцца затрыманні тых, хто ў 2022 годзе дасылаў інфармацыю «Гаюну». Флагштоку вядомы як мінімум адзін выпадак новага затрымання, які адбыўся на працягу апошніх тыдняў.