Улады ўнеслі ў так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Тэлеграм-канал праекту «Пошукі старога Гомеля». Звычайна ўнясенне незалежных рэсурсаў у гэты спіс адбываецца па хадайніцтве пракурора, якое падтрымлівае суд. У дадзеным выпадку рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля.

«Навіна кепская, але чаканая. Мы не будзем чакаць дэталяў справы ад ананімнага суддзі Цэнтральнага раёна Гомеля і невядомага заяўніка. Тым больш не будзем абскарджваць гэтае рашэнне. Мы добра ведаем цану такіх рашэнняў. Што магло не спадабацца невядомаму ініцыятару працэсу? Нашы самастойныя гістарычныя даследаванні Гомеля? Беларуская мова? Нейкі пост за 12 гадоў існавання пабліка? Хутчэй за ўсё – усё разам. Не шукайце тут сэнсу», — пракаментавалі аўтары праекту.
Яны паведамілі, што фармат анлайн-віктарын пакуль давядзецца прыпыніць у мэтах бяспекі падпісчыкаў, а новыя матэрыялы будуць з’яўляцца па меры з’яўлення ўнікальных фотаздымкаў.
Праект «Пошукі старога Гомеля» існуе з 2015 года, Спачатку гэта была пляцоўка для каардынацыі валанцёраў, якія аднаўлялі гістарычны драўляны дэкор у Гомелі. З часам яна ператварылася ў краязнаўчую супольнасць. У 2018 годзе аўтары прэзентавалі першыя маштабныя 3D-рэканструкцыі страчаных будынкаў гістарычнага Гомеля.

Пасля 2020 года праект сутыкнуўся з ціскам з боку беларускіх уладаў: суполка Вконтакте патрапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго аўтары былі вымушаныя спыніць публічную дзейнасць у Беларусі і працягнулі працу пераважна анлайн.