Музыкі Tor Band, валанцёрка, пенсіянерка і малады хлопец — каго з жыхароў Гомельшчыны вызвалілі 16 верасня

| Палітыка

Сярод 25 палітвязняў, якія былі вызваленыя 16 верасня і вывезеныя ў Літву, — некалькі жыхароў Гомельскай вобласці. У прыватнасці, гэта музыкі гурта Tor Band Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык, паведаміла «Вясна». Іх асудзілі на 8, 9 і 7,5 года калоніі адпаведна. Музыкі былі затрыманыя ў Рагачове 28 кастрычніка 2022 года.





На волі таксама — гамяльчук Ілля Верамееў, якога затрымалі ў лютым 2022 года за паведамленні ў тэлеграм-чатах, якія сталі ягонай рэакцыяй на пачатак вайны ва Украіне. На момант затрымання яму было 18 гадоў. Хлопца абвінавацілі ў «замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў» і «распальванні варожасці» і асудзілі да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней КДБ і МУС унеслі яго ў спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». За кратамі Ілля сутыкаўся з жорсткім ціскам адміністрацыі: вясной 2026-га яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на жорсткі турэмны рэжым. Хлопца неаднаразова закідвалі ў ШІЗА – у ізалятары ён сустрэў свой дзень народзінаў.


«Вельмі верыць у беларусаў і Украіну, што ўсё будзе добра». Сястра асуджанага на 6,5 года гомельца — пра яго затрыманне, прысуд, лісты з калоніі

18-гадовага Іллю Верамеева схапілі на чацвёрты дзень вайны — пасля ягоных заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць.


Яшчэ сярод вызваленых — 66-гадовая Вольга Строева, жыхарка Гомеля. Яна займалася ўласным бізнесам — больш за дваццаць гадоў прадавала рыбныя далікатэсы. Сваю справу ёй давялося згарнуць праз наступствы пандэміі каронавірусу. Была затрымана ў верасні 2025 года за каментары ў тэлеграме, асуджаная да пяці гадоў зняволення паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса.



Вольга Строева і Святлана Якубовіч


Таксама вызвалілі валанцёрку гомельскай «Вясны» Святлану Якубовіч. Яе затрымалі ў Гомелі і асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» 26 лістапада 2025 года на пяць гадоў пазбаўлення волі.

Святлану затрымлівалі разам з мужам, Станіславам Мачалавым. Яны распісаліся ў СІЗА, калі Станіслаў быў затрыманы першы раз. Пасля адбыцця тэрміну, выйшаў на волю ў 2023 годзе, а праз год яго зноў затрымалі разам са Святланай і асудзілі на чатыры гады калоніі. Ён застаецца ў зняволенні.

Пра вызваленне 25 зняволеных паведаміў спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл пасля перамоваў з Лукашэнкам.